Заўсёды ў зоне доступу


Па выніках 2014 года комплексны прыёмны пункт у вёсцы Гута прызнаны лепшым. Прыёмшчыцай заказаў у ім працуе Леанарда Паўлаўна Валодзька, якой сёлета прысвоена званне «Чалавек года Пастаўшчыны».

Леанарда Паўлаўна заўсёды выконвае план. А ў ліпені, жартуе, перасягнула нават саму сябе: перавыканала план практычна ў два разы — і замест вызначаных 11 мільёнаў 450 тысяч рублёў аказала паслуг больш чым на 21 мільён. Выдатны вынік комплекснага прыёмнага пункта зузім невыпадковы. Хутчэй, гэта ўзнагароджанне за добрасумленную працу. Зрэшты, пра вынікі працоўнай дзейнасці Л. П. Валодзька можна меркаваць не толькі па фінансавых паказчыках, але і па станоўчых водгуках кліентаў, задаволеных якасцю абслугоўвання і ветлівым стаўленнем да іх. Высока яе цэніць і кіраўніцтва раённага камбіната бытавога абслугоўвання.

— Ініцыятыўная, энергічная, адказная, добразычлі­вая — гэта ўсё яна, — характарызуе Л. П. Валодзька дырэктар РКБА Ларыса Віктараўна Федарэнка. — Мне вельмі імпануе, што чалавек прыходзіць на працу зарабляць грошы, а не адседжваць неабходны час. Пабольш бы такіх неабыякавых супрацоўнікаў.

У структуры райбыткамбіната Леанарда Паўлаўна працуе дзесяць гадоў. Прыйшла сюды не ад салодкага жыцця: засталася беспрацоўнай пасля закрыцця шклозавода, дзе шчыравала спачатку лабарантам, затым — састаўшчыком шыхты (гэта сумесь, з якой плавяць шкло).

— На той час трэба было вучыць трох дачок, таму не магла сядзець без справы. Абзваніла ўсе фермы, але ўсюды атрымала адмову. І тут па шчаслівай выпадковасці вызвалілася месца прыёмшчыцы заказаў, — успамінае Л. П. Валодзька.

Комплексны прыёмны пункт аказвае 11 відаў бытавых паслуг. Сярод іх рамонт мэблі, складанабытавой тэхнікі, адзення, індывідуальны пашыў, паслугі цырульні і рытуальныя, пракат тэхнікі, спартыўнага інвентару і іншыя. На ўчастку, які абслугоўвае Леанарда Валодзька (а гэта 31 вёсачка з агульнай колькасцю жыхароў каля 1300 чалавек), найбольшым попытам карыстаюцца рэалі­зацыя гатовай прадукцыі і рамонт абутку. У пажылых людзей самая папулярная паслуга — мыццё бялізны.

Пытаюся, у чым сакрэт паспяховай работы?

— Ды няма ніякага сакрэту, — адказвае мая суразмоўца. — Трэба любіць работу, добрасумленна яе выконваць, шукаць падыход да людзей.

І сапраўды, можна проста сядзець у чаканні кліентаў, а можна, як Леанарда Паўлаўна, самой «ісці ў народ». У адным будынку з комплексным прыёмным пунктам размяшчаюцца аддзяленне паштовай сувязі і магазін. Іх наведвальнікаў ініцыятыўная загадчыца КПП запрашае азнаёміцца і са сваім асартыментам. І людзі ахвотна згаджаюцца. А яшчэ, акрамя двухразовага штомесячнага аб’езду ўсёй зоны абслугоўвання, Л. П. Валодзька ходзіць з таварам па хатах. Работа не заўсёды спыняецца і пасля заканчэння працоўнага дня.

— Мне часта тэлефануюць дадому, раяцца, просяць адкрыць прыёмны пункт. Ніколі не гляджу на гадзіннік і нікому не адмаўляю, гатова адгукнуцца на просьбу ў любы час сутак, — кажа Леанарда Паўлаўна.

Зараз Л. П. Валодзька жыве разам з мужам, дочкі ўжо даўно стварылі свае сем’і і раз’ехаліся з бацькоўскага дома. Але ён па-ранейшаму напоўнены дзіцячым смехам: па вечарах і на выхадных бабулю з дзядулем наведваюць унукі (іх чацвёра). Разам з бабуляй яны чытаюць казкі, гуляюць, спяваюць, танцуюць.

Тэкст і фота

Веранікі Філановіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.