За творчую і плённую працу


Новы навучальны год у Варапаеўскай дзіцячай школе мастацтваў пачаўся з прыемнай навіны: трое выпускнікоў сталі навучэнцамі Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа. На ўступных экзаменах усе яны прадэманстравалі трывалыя веды, атрымалі высокія ацэнкі.

Зрэшты, гэта ўжо стала добрай традыцыяй. За час існавання ўстановы яе закончылі больш за 500 чалавек, і штогод юныя таленты з Варапаева і Навасёлак (там знаходзіцца філіял школы) папаўняюць студэнцкую сям’ю. Як лічыць дырэктар Валянцін Пятровіч Жагула, такі поспех — у зладжанай рабоце педагогаў, восем з якіх з’яўляюцца выпускнікамі школы.

А ў музычным каледжы дадаюць яшчэ і тое, што ў Варапаеўскай ДШМ умеюць зацікавіць таленавітых дзяцей і якасна падрыхтаваць іх да ўступных экзаменаў, абласных конкурсаў і алімпіяд.

“Мы дзякуем В. П. Жагулу і педагагічнаму калектыву за творчую і плённую працу, жадаем далейшых поспехаў на ніве музычнай педагогікі і просім заахвоціць гэты калектыў і кіраўніка за такія высокія паказчыкі ў рабоце”, — напісаў у сваім пісьме на адрас старшыні райвыканкама В. С. Гутарава дырэктар Наваполацкага музычнага каледжа А. І. Кандрацюк.

Зрэшты, школа заахвочана яшчэ ўлетку — у рамках праграмы “Культура Беларусі” за сродкі з раённага бю­джэту для яе набыты баян коштам 30 мільёнаў рублёў.

Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.