Зваротаў паменела

Местная власть

Чарговая “прамая тэлефонная лінія”, якую старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў правёў з жыхарамі раёна ў суботу, 5 верасня, прайшла без напружання — за тры гадзіны, на працягу якіх яна доўжылася, паступіла ўсяго восем званкоў.

У недалёкім мінулым на “прамыя тэлефонныя лініі” да кіраўніка раёна звярталася па 15-18 чалавек. Прычына спаду актыўнасці пастаўчан мне бачыцца ў тым, што сёлета асабліва часта сталі ладзіцца аналагічныя лініі намеснікамі старшыні райвыканкама, а таксама кіраўнікамі галоўных сфер жыццядзейнасці раёна, і многія пытанні вырашаюцца пасля звяртання на іх.

Пра што ж тэлефанавалі людзі кіраўніку раёна? Жыхар Казлоўшчыны наракаў на дрэнны стан дарогі ад скрыжавання вясковай вуліцы і ў напрамку Навінак. “Калі праходзяць гружаныя машыны, наш дом, што стаіць непадалёк дарогі, літаральна дрыжыць, — гаварыў. — Добра было б заасфальтаваць хоць якіх метраў 200”. Была ў чалавека і яшчэ адна заўвага — наконт таго, што дужа рана, калі на дварэ яшчэ цёмна, прыязджае па прадукцыю малаказборшчык. В. С. Гутараў даручыў адпаведным службам разабрацца па гэтых пытаннях. Па другім усё вырашана — улічваючы тое, што працягласць светлавога дня скарацілася, графік збору прадукцыі перагледжаны, малакавоз стаў прыязджаць у вёску пазней. А вось для таго, каб пракласці асфальт, патрэбны грошы, і немалыя. Такіх сродкаў няма. У перспектыве асфальтаванне дарогі Казлоўшчына—Навінкі плануецца. Але пакуль нельга дакладна сказаць, калі гэта будзе зроблена.

Сёлетні сухі і спякотны жнівень стварыў немалую пажарную небяспеку. На шчасце, на Пастаўшчыне лясныя пажары не ўзніклі. А вось тарфянік непадалёк Свідна задыміўся. Вяскоўцы звярнуліся ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, і адтуль некалькі разоў прыяз­джалі, тушылі гарэнне. “Зараз тарфянік зноў пачаў дыміцца, і нас даймаюць дым і смог”, — скардзіліся свіднаўцы, пазваніўны на “прамую тэлефонную лінію”. В. С. Гутараў даў указанне РАНС выехаць зноў. Дапамаглі і даж­джы, якія, нарэшце, прайшлі.

Грамадзянка з Лынтуп трывожылася, як будзе сустракаць зіму. Дом, у якім яна пражывае і які належыць ААТ “Блакітныя азёры-агра”, патрабуе рамонту. Але дырэкцыя сельгаспрадпрыемства не выдзяляе ні матэрыялаў, ні работнікаў. Старшыня райвыканкама, выслухаўшы скаргу, адразу ж даў распараджэнне дырэктару ААТ “Блакітныя азёры-агра” В. К. Грэську тэрмінова выканаць неабходны рамонт дома.

Жыхары дома №30 па вуліцы Касманаўтаў скардзіліся на затапленне каналізацыяй (ад чаго асабліва пакутуюць жыхары кватэр, размешчаных на першым паверсе). Дырэктар УП ЖКГ Ілья Генадзьевіч Глушонак, які, як і іншыя адказныя асобы, прысутнічаў на “прамой тэлефоннай лініі”, з горыччу пракаменціраваў, што зімой праблем з каналізацыяй менш, але як толькі наступае перыяд восеньскіх нарыхтовак, у дыспетчарскую адна за адной паступаюць заяўкі. Бяда ў тым, што асобныя грамадзяне “блытаюць” каналізацыю з кантэйнерам для смецця і змываюць у яе ўсё што заўгодна — рэшткі агародніны і садавіны, будаўнічы друз, рыззё і нават памперсы. Якая ж каналізацыя вытрымае такое? Спецыялісты камунальнай службы праводзяць гутаркі з жыхарамі шматпавярховых дамоў, просяць правільна карыстацца каналізацыяй, але, відаць, не да ўсіх гэтыя словы даходзяць. У дадзеным выпадку сантэхнікі аператыўна ўхілілі затапленне.

Нярэдка на “прамыя тэлефонныя лініі” паступаюць скаргі грамадзян на суседзяў. На гэты раз — таксама. Звярнулася жыхарка вуліцы Савецкай. І хоць па названым адрасе ўжо выязджалі прадстаўнікі і землеўпарадкавальнай службы, і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, і райаддзела міліцыі, кіраўнік раёна распарадзіўся стварыць камісію і яшчэ раз унікнуць у сітуацыю. Але варта зазначыць, што ніякай камісіі не пад сілу ліквідаваць непрыязнасць, якую людзі ўпускаюць у сваё сэрца. Думаецца, што абсалютную большасць праблем, якія ўзнікаюць ва ўзаемаадносінах суседзяў, можна вырашыць мірам. На жаль, не ўсе да гэтага імкнуцца і беззваротна трацяць і свой час, і сваё здароўе на высвятленне адносін і доказ праўды, якая ў кожнага свая.

У адпаведнасці з заканадаўствам, усе звароты, якія паступілі на “прамую тэлефонную лінію”, улічаны, вызначаны тэрміны іх разгляду і асобы, адказныя за гэта. Некаторыя пытанні вырашаны адразу ж.

Фаіна КАСАТКІНА.   

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.