Гэта трэба было бачыць

Культура

З 8 па 18 кастрычніка ў Беларусі праходзілі  выступленні  заслужанага ансамбля песні і танца Грузіі “Салхіно”.  Калектыў выступіў у Віцебску, Наваполацку, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Мінску, Барысаве, Гомелі. Апошнімі на гастрольнай афішы значыліся Паставы.

Жыхары нашага горада і раёна практычна кожны месяц маюць магчымасць бываць на канцэртах вядомых артыстаў і калектываў, зорак эстрады не толькі з Беларусі, але і з  Расіі. Іх выступленні па-свойму значныя, запамінальныя, даюць гледачам шмат станоўчых эмоцый. Але тое, што давялося ўбачыць і пачуць падчас выступлення  выдатных, віртуозных танцоўшчыкаў і музыкантаў з сонечнай Грузіі, немагчыма параўнаць ні з якімі іншымі калектывамі. На працягу паўтары гадзіны сцэна Дома культуры па вуліцы Станкевіча нагадвала арэну, дзе разгортваліся танцавальна-песенныя дзеі старажытнай культуры розных рэгіёнаў Грузіі. Маладыя, прыгожыя, надзвычай таленавітыя танцоры-джыгіты літаральна луналі над сцэнай. А побач з імі загадкавымі і велічнымі “плылі” дзяўчаты-“лебедзі”. Артысты выходзілі ў прыгожых, яркіх касцюмах, танцавалі з запалам,  выконвалі  складаныя акрабатычныя элементы, дэманстравалі віртуознае валоданне зброяй і шчытамі. Кожная танцавальная кампазіцыя выклікала шквал апладысментаў.

Калектыў адметны  не толькі прафесійнай, творчай танцавальнай  групай, але і жывой музыкай уласнага аркестра. Паміж танцавальнымі нумарамі зала напаўнялася непаўторнымі мелодыямі і песнямі, у тым ліку народным гімнам “Суліко”, які  падпявалі і гледачы. Была выканана і спецыяльна падрыхтаваная для гастроляў песня на беларускай мове.

Усё, што адбывалася на сцэне, цяжка перадаць словамі. Гэта трэба было бачыць.  Артыстаў з сонечнай Грузіі гледачы праводзілі стоячы, працяглымі апладысментамі, шчыра дзякавалі за высокі прафесіяналізм і талент. А калі пасля заканчэння канцэрта група маладых выканаўцаў выйшла ў фае, каб бліжэй пазнаёміцца з гледачамі,  гасцей зноў віталі шчырымі апладысментамі.

Ансамбль “Салхіно” прыехаў у Беларусь з горада Руставі. Кіруе ім заслужаны артыст Грузіі кавалер ордэна Славы Шалва Папіашвілі. Перад пачаткам канцэрта ён расказаў, што калектыў быў створаны ў 1993 годзе. Гастраліраваў у Францыі, Турцыі, Расіі, Аўстраліі, Італіі, Грэцыі і іншых краінах Еўропы, з’яўляецца лаўрэатам і ўладальнікам Гран-пры многіх міжнародных фестываляў.   Калектыў вельмі задаволены гастрольным турам па Беларусі, гасціннасцю і культурай гледачоў.  А на пытанне, як пераводзіцца назва ансамбля,  Шалва Папіашвілі патлумачыў, што  слова “салхіно” азначае радасць, весялосць, запал,  якія звычайна пануюць на вяселлях, розных ігрышчах.  Менавіта ў  такой атмасферы і пабывалі ўсе, хто прыйшоў на канцэрт.

З Пастаў ансамбль песні і танца “Салхіно” накіраваўся ў гастрольны тур па Літве і Латвіі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.