А крэдыт пагасіла дзяржава

Общество

Комплекс дзяржаўных мер, накіраваных на падтрымку шматдзетных сем’яў, з сёлетняга года дапоўніўся сямейным капіталам. У ліку тых, хто па яго звярнуўся ў раённы выканаўчы камітэт, Алёна Здзіславаўна і Валянцін Андрэевіч Дзіль з Пастаў.

Напэўна, няма вялікай патрэбы знаёміць чытачоў з гэтымі людзьмі: пастаўчане шмат чулі пра выступленні юных артыстаў з цыркавой студыі раённага Дома культуры. А ёй кіруе Алёна Здзіславаўна, якая цяпер у дэкрэтным водпуску. Дадам толькі, што сям’я ў свой час пераехала з Шаркаўшчыны. Тут, па вуліцы Гагарына, купілі недарагі домік, знеслі яго, а на гэтым месцы пабудавалі новы. Цяпер штосьці дабудоўваюць, ствараюць камфорт і ўтульнасць. У планах — пакой з зімовым садам, тэраса, дзіцячая пляцоўка, агародзік. Але ўжо і цяпер хочацца любавацца і самім будынкам, і яго пакоямі, і ўсёй тэрыторыяй з відам на Мядзелку, бо літаральна кожны квадрацік плошчы дыхае крэатыўнасцю. Дарэчы, дом Дзілі збіраліся будаваць самі. Узвялі каробку, а тут — трэцяе дзіцятка, статус шматдзетнай сям’і, дзяржаўная падтрымка ў выглядзе трохпрацэнтнага крэдыту. Спачатку было пагашана 75% выдзеленай сумы, а са з’яўленнем чацвёртага дзіцяці крэдытная лінія была закрыта, г. зн. крэдыт поўнасцю пагашаны дзяржавай.

— З нараджэннем у студзені Евачкі мы атрымалі права на сямейны капітал, — расказвала А. З. Дзіль. — Дакументы аформлены. Саму дапамогу адчуем толькі праз 18 гадоў. Але ж капітал валютны, спадзяёмся, што інфляцыя яго не “з’есць”.

І я так думаю. Больш за тое, за гэты час (да паўналецця дзяўчынкі) на дэпазіт у памеры 10 тысяч долараў ЗША набягуць працэнты. Патраціць гэту суму можна будзе на розныя мэты: на атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, на дадатковую пенсію для маці, лячэнне, паляпшэнне жыллёвых умоў.

Дом мнагадзетнай сям’і поўніцца галасамі дарослых і дзяцей. Валянцін Андрэевіч — цыркавы артыст, у свой час з цыркам паездзіў па свеце. Цяпер займаецца дрэваапрацоўкай, у яго свой бізнес. А ў памочніках — сын Эдгар. Ён закончыў школу, піша музыку. Планаў у юнака шмат, і верыцца, што яны збудуцца. Марта ходзіць у 9 клас, марыць стаць перакладчыкам, таму вельмі старанна вучыцца. Вікторыі пяць гадоў, яна наведвае дзіцячы садок. Сябруе з суседскімі бабулямі. Так і гаворыць: “Пайду да сябровак”. Але вельмі непакоіцца, калі каторая, жартуючы, папросіцца ў дзяўчынкі паскакаць на батуце. Самай меншанькай, Евачцы, дзявяты месяц. Яе работа — быць мамінай і татавай дачушкай. Пра малую лялечку клапоцяцца і старэйшыя брат і сястрычкі.

— Шчасце — калі мы ўсе разам, — гаварыла Алёна Здзіславаўна. — Гэта і ёсць галоўны сямейны капітал. Таму і стараемся з мужам штосьці рабіць, ствараць, пакуль дзеці пры нас. Цешымся і радуемся гэтым часам, які ніколі не вернецца. І, безумоўна, ­удзячны дзяржаве за падтрымку.

Галіна ПІШЧ.

Фота Веранікі  ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.