А ўвогуле, усе сем’і — пераможцы


 

Сям’я Вайцяшонак заняла першае месца ў конкурсе.

У мінулую суботу Дом культуры ў аграгарадку Юнькі ператварыўся ў пляцоўку для правядзення раённага конкурсу «Майстры сяла», удзел у якім прынялі чатыры сям’і з нашага раёна і гарадоў-пабрацімаў Пастаў з Лат­війскай Рэспублікі.

Конкурс сярод маладых сем’яў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, ужо стаў традыцыйным і праводзіцца ў нашым раёне чацвёрты год запар. Стартаваў праект у Навасёлках, затым сем’і-канкурсанты сустракаліся ў Варапаеве і Камаях, сёлета — у Юньках. У адрозненне ад месца правядзення нязменным застаўся талісман конкурсу — гліняны чайнік. Яго сумесна вылепілі ўсе ўдзельнікі першых «Майстроў сяла» ў аграсядзібе «Акарына». Гэты талісман старшыня журы, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў перадаў старшыні Юнькаўскага сельвыканкама Валянціне Міхайлаўне Філімонавай.

— Гэты чайнік сімвалізуе ўтульнасць, цяпло і любоў, якія павінны панаваць у кожнай сям’і, — вітаючы ўдзельнікаў конкурсу і гасцей, сказаў Ю. М. Кісялёў.

Разам з В. М. Філімонавай старшыня журы пажадаў сем’ям-канкурсантам поспехаў у спаборніцтвах, дабрабыту, любові і шчасця ў паўсядзённым жыцці.

— Наша дэлегацыя ў Беларусі ўпершыню. Мы вельмі ўражаны прыгажосцю і ўтульнасцю вашага горада, гасціннасцю, ветлівасцю і добразычлівасцю гаспадароў, — звярнуўся да прысутных дэпутат, старшыня камітэта па сацыяльных пытаннях Віесіцкай краявой думы Андрыс Балдункіс. — У знак нашай удзячнасці і гатоўнасці да далейшага супрацоўніцтва хачу падарыць вам сцяг Селоніі — гістарычнай тэрыторыі асобных частак сучасных Латвіі і Літвы.

Пад шчырыя апладысменты гледа         чоў на сцэну былі запрошаны сем’і, якія адважыліся прыняць удзел у конкурснай праграме. Невялікую даведку пра кожную сям’ю агучыла вядучая конкурсу. Так, Варапаеўскі сельсавет прадстаўлялі Арцём і Ганна Вайцяшонак разам з сынамі Глебам і Антонам. Галава сям’і працуе камандзірам аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 Пастаўскага РАНС, яго жонка — дэфектолагам у мясцовым дзіцячым садку, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

Дар’я, Пётр і Насця Шыпко расказваюць пра свой малюнак.

Сям’я Шыпко з Юнек выступала з трохгадовай дачушкай Насцяй. Пётр — станочнік сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Гатэр», Дар’я — галоўны спецыяліст па кадрах і юрысконсульт упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

З дочкамі Агатай і Санітай прыехала ў Беларусь сям’я Кузмінскіс. Галава шматдзетнай сям’і (сярэдняя дачка засталася дома) Яніс з’яўляецца кіраўніком сельскай гаспадаркі «Тыптопс», яго жонка Ая — лектар Рэзекненскай вышэйшай школы.

Журы ацэньвае прэзентацыю сям’і Майсакс.

Яшчэ адны госці — Андрыс і Ліена Майсакс з сынам Адрыансам. Маленькую дачушку яны таксама пакінулі дома. Андрыс працуе наглядчыкам у Екабпілскай турме, а Ліена — справавод Віесіцкай спартыўнай школы.

Больш падрабязна пра свае сем’і ўдзельнікі расказалі ў «Візітных картачках». Падчас гэтага конкурсу яны падзяліліся гісторыямі знаёмства і стварэння сем’яў, укладам жыцця, расказалі пра свае захапленні, прадэманстравалі артыстызм. Усе прэзентацыі былі вельмі цікавымі, шчырымі і прасякнутымі любоўю. Літаральна «ўзарвала» залу выступленне сям’і Вайцяшонак, якая паказала тэатралізаваную сцэнку пра сваё жыццё. Пры гэтым ёй нават не спатрэбілася нічога гаварыць — усе дзеянні разгортваліся пад папуры з эстрадных песень.

Працягнулася знаёмства журы і гледачоў з сем’­ямі каля сталоў-выстаў, якія ўдзельнікі аформілі для конкурсу «Нашы дасягненні». Тут шырока былі прадстаўлены малюнкі, вырабы, фатаграфіі, дары прыроды, хатнія нарыхтоўкі, разнастайныя стравы, узнагароды, якія наглядна расказвалі пра захапленні і будні сем’яў. Напрыклад, у сям’і Кузмінскіс усе граюць на музычных інструментах, а Яніс іх яшчэ і вырабляе. Разам з іншымі інструментамі  ён прывёз з Латвіі і гітару з аўтографам музыканта Дамініка Мілера.

Сям’я Кузмінскіс з вырабленымі Янісам музычнымі інструментамі.

Падчас «Кухонных спраў» удзельнікі маглі паказаць, наколькі зладжа-на, якасна і хутка ўмеюць спраўляцца з ачысткай агародніны. Аказваецца, пачысціць дзве бульбіны, столькі ж цыбулі, морквы і буракоў можна за адну хвіліну сорак адну секунду. Такі вынік паказала сям’я Вайцяшонак і зарабіла найвышэйшыя 10 балаў. Прадэманстраваць спрыт, сілу і вынослівасць мужчынам прапаноўвалася ў конкурсе «Майстар на ўсе рукі». Для гэтага трэба было як мага хутчэй перанесці на пэўную адлегласць два мяш­кі бульбы. Няпростае заданне дасталася і жанчынам. У конкурсе «Дбайная гаспадыня» ад іх патрабавалася вызначыць, якое зерне з’яўляецца льняным семенем, рапсам, трыцікале, аўсом і пшаніцай. Зрабіць гэта было складана, таму мужчынам дазволілі дапамагаць сваім жонкам. Самым «смачным» атрымаўся конкурс «Сямейная страва», у якім канкурсанты частавалі журы і гледачоў сваімі кулінарнымі шэдэўрамі, дзяліліся рэцэптамі. Завяршыліся спаборніцтвы конкурсам малюнкаў «Мая сям’я», падчас якога ўсе члены сям’і па­вінны былі сумесна намаляваць саміх сябе.

Па выніках конкурсу трэцяе месца раздзялілі сем’і  Майсакс і Шыпко, другое заняла сям’я Кузмінскіс. На першым — сям’я Вайцяшонак. Усе  ўзнагароджаны дыпломамі, каштоўнымі падарункамі, а самыя маленькія ўдзельнікі атрымалі  цацкі. Спонсарамі конкурсу «Майстры сяла» выступілі яго арганізатары — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РК ГА «БРСМ», райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Белая Русь», а таксама завод «Беліт», магазіны «Купалінка» і «Твой».

Асноўныя мэты раённага праекта «Майстры сяла»       — папулярызацыя сельскагаспадарчай работы і сельскагаспадарчых прафесій, умацаванне міжнародных сувязяў і супрацоўніцтва з гарадамі-пабрацімамі ў сацыяльна-эканамічнай і культурнай сферах, садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на сяле. Апошняй тэме быў прысвечаны і круглы стол, які  напярэдадні конкурсу прайшоў у райвыканкаме. Удзел у абмеркаванні гэтага актуальнага пытання прынялі прадстаўнікі мясцовай улады і госці з Латвіі.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.