Апошняя летняя рыбалка


Мой унук Кірыл жыве з бацькамі ў Жодзіне. Вучыцца ў восьмым кла     се. Канікулы, і не толькі летнія, праводзіць у Паставах. Адпачываў у лагеры “Дружба” пры касцёле Святога Антонія Падуанскага, а напрыканцы лета спытаў: “Дзядуля, а чаму мы сёлета не былі на рыбалцы?”

І сапраўды. У папярэднія гады мы рыбачылі з ім на Дзісенцы, Бірвятцы, на шматлікіх невялікіх вадаёмах, а сёлета…

Пазваніў свайму даўняму сябру Андрэю Атрашкевічу, з якім працавалі ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Той мяне выслухаў і сказаў, што ведае, дзе можна парыбачыць, а самыя прыгожыя, рыбныя месцы  пакажа яго сын, трэцякласнік Максім. Дамовіліся сустрэцца на наступны дзень не пазней як у шэсць гадзін.

…Цёплая жнівеньская раніца. Яркія фарбы, сіняе неба, пяшчотнае сонейка. Унук ужо не спіць. Для падмацавання сіл выпілі гарачай кавы, узялі з сабой з вечара падрыхтаваныя бутэрброды і паехалі насустрач клёвай удачы. Сям’я Атрашкевіч таксама не спала. На ганку Максімка ўжо паставіў вуду, вядро, сумку з запаснымі лёскамі, кручкамі і паплаўкамі, крупяной прынадай. Хлопец нават есці не стаў — важны момант. Па-гаспадарску, бо рыбак “бывалы”, склаў усё ў багажнік машыны, і паехалі.

Праз кіламетраў пяць дарогі Максім раптам спытаў: “А ці ёсць у вас чарвякі?” Мы збянтэжыліся, бо дзе ж іх у такую засуху ў нашым пятым гарадку накапаеш? “Нічога, — супакоіў хлопчык, — хутка будзе паварот, там спынімся і накапаем”. І праўда: збочылі неўзабаве з асфальту ўлева і за лесапасадкай убачылі вялікую кучу перагною, дзе і разжыліся прынадай. На зжатым полі, каля рулонаў саломы, убачылі вялікіх белых птахаў. “Белы жораў”, — аўтарытэтна растлумачыў Максім. Што бываюць шэрыя і чорныя, я ведаў, а вось белы. “Можа, бусел?” — “Ды не. У бусла чырвоныя “боты”, а ў гэтага — чорныя. Ды і буслы ўжо паляцелі ў Афрыку, трэба ж і афрыканцам дзяцей прыносіць…”

Вадаём быў лясны і загадкавы. “Вады зноў стала менш”, — адзначыў Максім. Што ж зробіш — такая спякота. У цішыні звінелі працавітыя пчолы, у чароце без стомы спявалі птушкі. Пачалі строіць вуды. Мне адразу не пашанцавала: з катушкі сышла лёска, і атрымаў “бараду”. Кіруша дапамог яе разблытаць, але востры-востры кручок упіўся ў палец (у краме “Рыбачце з намі” прапануюць якасны тавар). У якасці прынады кінулі ў сінюю ваду па жменьцы расцёртага хлеба, на кручок насадзілі шарыкі з цеста і закінулі вуды. Час ішоў, але паплаўкі стаялі нерухома, як убітыя ў зямлю. А Максім гаварыў, што тыдні са два яго бацька на гэтым жа месцы злавіў сазана вагой больш за кілаграм. У нас жа рыба не бралася. Чакалі, цярпелі, мянялі месца, нажыўку і патон — усё няўдала.

Праз паўгадзіны Максім павёў на іншае, “самае-самае” рыбнае азярко. Прыхаваўшыся за кустамі, акуратна закінулі вуды, і… у Кірыла паплавок лёгенька закратаўся, раз-другі здрыгануўся і імкліва пайшоў пад ваду. Мяккая падсечка — вудзільна сагнулася ў дугу, пругкая лёска рэжа ваду. “Вуда ў цябе далікатная, — спакойна адзначыў Максім. — Не спяшайся, угору не рві, павадзі і паціху падцягвай да берага”. Карася Кірыл выцягнуў ладнага, як сам адзначыў, здаравеннага. Пашанцавала і мне. А Максім адну за адной выцягнуў плотку і краснапёрку.

На рыбалцы час ляціць хутка. Сонейка паднялося высока, адорваючы ўсё і ўсіх сваім цяплом. У паветры плыве павуцінне. Гэта павучкі ўслед за бусламі спяшаюцца ў свой вырай. Толькі не ўсім удаецца адляцець далёка — кусты на беразе абцягнуты белымі кроснамі-чаўначкамі. А восенню лес будзе палаць-іскрыцца яркім вогнішчам. Светлым “фаерам” узаўюцца стройныя бярозы, пурпурам успыхне клён, засвеціцца зарывам баязлівая асінка, вада пацямнее і стане халоднай — і тады пачнецца грыбны сезон. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. А мы млеем на гарачыні і брыдзём з вудамі на яшчэ адно “самае лепшае” месца.

Пісаць пра рыбалку і не расказаць пра прынаду будзе няправільна. Хоць у рыбакоў гэта тэма сакрэтная. Іншы раз і не зразумець, на што чалавек ловіць: ці на кукурузу, цеста, апарыша альбо і на хлеб добрую рыбіну выцягне. На новым месцы Максім параіў лавіць на чарвяка і спрытна насадзіў яго на кручок. І сапраўды, хутка яго “тайна” была разгадана: на закінутыя пад лісты гарлачыкаў вуды адзін за другім пачалі брацца акуні.

Калі з Кірылам ад’язджалі дадому, па­дзякавалі гаспадарам за “наводку” і цудоўна праведзены час. Нездарма старыя людзі кажуць, што рыбалка ў лік жыцця не ўваходзіць. Дамоў прыехалі стомленыя, але задаволеныя. А завяршэннем стала смачная юшка, якую адмыслова зварыла для ўнука бабуля Галя.

Леанід СЕМЯНАС,

няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.