“Будаўніцтва — тая ж творчасць”


У гэтым упэўнены брыгадзір брыгады бетоншчыкаў ДКУАБП “Рассвет Пастаўскі” Часлаў Зыфрыдавіч Мукель. Ён адзін з нямногіх нашых землякоў, хто двойчы ўдастоены звання “Чалавек года”. У 2010-ым стаў ім на Пастаўшчыне, а сёлета прызнаны “Чалавекам года Віцебшчыны”.

Па словах дырэктара аграбудпрадпрыемства А. І. Мальца, Мукель з кагорты тых людзей, якія ўмеюць і жадаюць працаваць, вядуць за сабой іншых. Яго вызначаюць высокія культура і вытворчасць працы, за што мае шмат грамат і Падзяк як раённага, так і абласнога ўзроўняў.

Між тым, будаўніком Часлаў Зыфрыдавіч стаў выпадкова.

— Да арміі я закончыў радыётэхнічнае вучылішча ў Маладзечне і працаваў там на станкабудаўнічым заводзе, — расказваў ён пры сустрэчы. — Неўзабаве ажаніўся і пачаў задумвацца над тым, дзе жыць з сям’ёй. У Маладзечне перспектывы атрымаць у бліжэйшы час кватэру не было. Бацькі параілі пераехаць у Паставы, маўляў, тут хутчэй атрымаю. Што і зрабіў. Вярнуўшыся, уладкаваўся ў МПМК-33, як тады называўся “Рассвет Пастаўскі”. Думаў, часова, а аказалася — на пастаянна. 28 снежня споўніцца 36 гадоў, як працую на прадпрыемстве. Работа падабаецца, і хоць да пенсіі засталося ўсяго 2 месяцы, пакідаць яе не хачу. Буду патрэбны прадпрыемству — папрацую яшчэ. Сядзець дома без справы не ў маіх правілах.

Нягледзячы на адсутнасць спецыяльнай адукацыі, у будаўніцтве Часлаў Зыфрыдавіч прафесіянал з вялікай літары. Ведае ўсе нюансы бетонных работ, бо прайшоў добрую практычную школу. Пачынаў на растворна-бетонным вузле, дзе настаўнікамі былі старэйшыя калегі. Пазней, калі набраўся вопыту, перавялі ў брыгаду, а два дзесяцігоддзі назад назначылі брыгадзірам.

За столькі гадоў работы ў “Рассвеце” Ч. З. Мукель у прамым сэнсе слова прыклаў руку да вельмі многіх аб’ектаў у горадзе і раёне. Заліваў першыя бетонныя агароджы, якія і сёння стаяць на пастаўскіх вуліцах, стэлу з надпісам “Паставы” на ўездзе ў райцэнтр з боку Калееўцаў, кветніцы, разам з іншымі будаўнікамі ўзводзіў амаль усе жылыя дамы ў мікрараёне вуліцы Юбілейнай. Яго брыгада ўдзельнічала ў будаўніцтве новых малочнатаварных ферм у Хацілах і Коўзанах, ачышчальных збудаванняў і сырцэха на малаказаво­дзе. Цяпер усё гэта мужчына з гонарам паказвае родным і знаёмым, якія прыязджаюць у госці.

— Самым няпростым аб’ектам была ферма ў Хацілах, — успамінае будаўнік. — Там давялося рабіць складаны мантаж каркаса, чым раней наша прадпрыемства наогул не займалася. Праявілі сваё майстэрства і на ачышчальных збудаваннях, дзе патрабавалася заліць акружнасць дыяметрам 9 метраў. Калі італьянцы прыехалі ўводзіць збудаванні ў строй, іх вельмі ўра­зіла якасць выканання бетонных работ. Гаварылі, што ні ў Італіі, ні ў Бельгіі такой не бачылі. Мы зрабілі лепш, чым будаўнікі ў гэтых краінах.

Пра высокі прафесіяналізм брыгады Ч. З. Мукеля сведчыць і такі факт. Летась яе камандзіравалі на 4 месяцы ў Наваполацк для заліўкі фундамента ў эксперыментальным 9-павярховым жылым доме, пад усёй плошчай якога павінен быў размясціцца магазін. Былі таксама камандзіроўкі ў Браслаў і Нарач. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС давялося папрацаваць у Мінску: у сталічным мікрараёне “Серабранка” ўзводзіў шчытавыя дамы для пацярпелых у выніку тэхнагеннай катастрофы.

Раней, калі ў раёне былі вялікія аб’ёмы будаўнічых работ, у брыгадзе Ч. З. Мукеля налічвалася да 15 чалавек. Цяпер у сувязі з іх змяншэннем з-за фінансавых цяжкасцей засталося ўсяго 5: нехта звольніўся і паехаў на заработкі ў Расію, некага перавялі ў іншыя брыгады. Мог у свой час адправіцца па доўгі рубель у суседнюю краіну і Часлаў Зыфрыдавіч. Але, як прызнаўся, не тое што жадання, нават думкі такой ніколі не ўзнікала. Не гаворачы ўжо пра тое, каб змяніць прафесію, якую лічыць цікавай і даволі творчай.

— Часта, працуючы на аб’екце, даводзіцца паламаць галаву, вывучыць праект, праявіць кемлівасць, бо адну і тую ж работу можна выканаць па-рознаму, — кажа ён.

У дзяцінстве Часлаў Зыфрыдавіч марыў сам пабудаваць дом. Зараз гэта мара вось-вось здзейсніцца. Па завулку Сонечным у Паставах красуецца прасторны асабняк, многае ў якім зроблена ўласнымі рукамі або з дапамогай родзічаў. Засталіся толькі аддзелачныя работы. Да Новага года плануюць з жонкай справіць наваселле, пакінуўшы кватэру па Юбілейнай дочкам. Што ж датычыць атрыманых званняў, да іх мужчына адносіцца спакойна, зазначаючы, што ў гэтым заслуга не толькі яго, але і брыгады, кіраўніцтва “Рассвета Пастаўскага”.

— Калі б наша прадпрыемства не было на добрым рахунку ў трэсце “Полацксельбуд”, мяне таксама наўрад ці заўважылі б, — разважае працаўнік.

І з гэтым цяжка не пага­дзіцца.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.