Другасная, але патрэбная для перапрацоўкі

Местная власть

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося 23 кастрычніка, разгледжана пытанне аб выкананні ў раёне Дзяржаўнай праграмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Рэспубліцы Беларусь на 2009—2015 гады. З інфармацыяй па ім выступіў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама М. К. Доўмант. Заслуханы справа­здачы дырэктара УП ЖКГ І. Г. Глушонка, старшыні праўлення райспажыўтаварыства Р. А. Леўкаўца, дырэктара філіяла “Каапнарыхтпрамгандаль” Е. В. Скіндар.

Адзначана, што з пачатку рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы (2009 год) па стане на 1 кастрычніка бягучага года на тэрыторыі раёна нарыхтавана 3432,2 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў (далей — ДМР), у тым ліку адходаў паперы і кардону — 1944,3 тоны, шкла — 1110,5, тэкстылю — 48, палімерных матэрыялаў — 112,5, зношаных шын — 217 тон. Тэмп росту аб’ёмаў збору ДМР у 2014 годзе да ўзроўню 2008-га склаў: па паперы і кардоне — 170,2%, шкле — 1288%, палімерных адходах — 317%, тэкстылі — 51%, шынах — 586%.

Асноўнымі аператарамі па нарыхтоўцы ДМР з’яўляюцца райспажыўтаварыства і УП ЖКГ. Дзяржзаказ па здачы шкла на бягучы год для райспажыўтаварыства і УП ЖКГ — па 100 тон. За 9 месяцаў імі зда­дзена адпаведна 164,5 і 270 тон. Адходаў шкла нарыхтавана столькі, што аператар не паспявае яго прымаць. Такому актыўнаму яго збору пасадзейнічала павышэнне закупачнай цаны — зараз за кілаграм шклабою здатчык атрым­лі­вае 1000 рублёў. Складаней з нарыхтоўкай макулатуры, цана за кілаграм якой — 1300 рублёў. Тым не менш УП ЖКГ пры дзяржзаказе на год 130 тон за 9 месяцаў здаў яе 107 тон. Для райспажыўтаварыства дзяржзаказ намнога вышэйшы — 270 тон. За 9 месяцаў ён выкананы на 61% — нарыхтавана і зда­дзена 169,2 тоны.

Райвыканкам у прынятым рашэнні абавязаў райспажыўтаварыства правесці месячнік па зборы другаснай сыравіны, шырэй інфармаваць насельніцтва пра яе віды і закупачныя цэны, прадугледзець меры заахвочвання здатчыкаў. Перад прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі пастаўлена задача абавязковага выканання раней даве­дзеных заданняў па здачы ДМР. Яшчэ больш актыўную работу з насельніцтвам па раздзельным зборы ДМР абавязана весці УП ЖКГ.

Па астатніх відах ДМР дзяржзаказ не даводзіўся, але ёсць заданне аблвыканкама. За тры кварталы года ў раёне сабрана 28,6 тоны палімерных адходаў (71,4% да гадавога задання) і 76,6 тоны шын (90,5%), 4,1 тоны тэкстылю (41%).

Нарыхтоўка ДМР — справа дастаткова затратная і не з’яўляецца рэнтабельнай для прадпрыемстваў, якія гэтым займаюцца. Аднак, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2012 года №313, прадугледжана акумуліраванне сродкаў, якія паступаюць дзяржаўнай установе “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” ад вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў і тары, на выкананне Дзяржаўнай праграмы, у тым ліку на кампенсацыю юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам расходаў па зборы ДМР. Летась са сродкаў аператара райспажыўтаварыству і УП ЖКГ было выдзелена 749,8 млн рублёў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, і за іх набыты грузавы аўтамабіль, пагрузчык, вертыкальны прэс. Сёлета УП ЖКГ — 3,7 млрд рублёў, што дазволіла набыць грузавы аўтамабіль, смеццявоз, 64 кантэйнеры для раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў. УП ЖКГ выйграла тэндар па закупцы лініі сартавання ДМР, і яна бу­дзе набыта ў наступным месяцы. Таксама заключаны дагавор на набыццё 234 кантэйнераў для раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў на суму 1300 млн рублёў. Для перавозкі, упакоўкі і пагрузкі ДМР УП ЖКГ і райспажыўтаварыства маюць  2 грузавыя аўтамабілі, 2 смеццявозы, 4 прэсы і 2 пагрузчыкі. Усё гэта сведчыць пра тое, што магчымасці нарыхтоўкі і здачы ДМР у раёне пашыраюцца.

Фаіна КАСАТКІНА.  

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.