“Гараць” самі, “запальваюць” іншых

Культура

Без іх удзелу не абыходзіцца ні адно раённае мерапрыемства. Іх ведаюць і любяць не толькі ў сваёй вёсцы і па суседстве, але і ў іншых куточках Пастаўшчыны, а таксама за яе межамі. Пра сябе яны кажуць: “У нас дружны, зладжаны калектыў, мы разумеем адно аднаго з паўслова”. Яны — гэта работнікі Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра: дырэктар Тамара Валянцінаўна Маслоўская, мастацкі кіраўнік Ганна Васільеўна Вырвіч і акампаніятар Аляксандр Генадзьевіч Пачкоўскі.

На ніве культуры Тамара Валянцінаўна шчыруе ўжо 27 гадоў. Закончыла Віцебскае культасветвучылішча. Да замуства паспела папрацаваць метадыстам у Лынтупах, затым перавялі на Мядзельшчыну дырэктарам Латвянскага СДК. Адтуль у 1983 годзе маладая сям’я пераехала ў Гуту, прачытаўшы ў мядзельскай раёнцы аб’яву пра тое, што ў вёсцы прадастаўляюць кватэры работнікам шклозавода. Спачатку, як і муж, працавала на заво­дзе — была бухгалтарам па транспарце. Праз год прапанавалі пасаду кіраўніка танцавальнага гуртка ў школе, а заадно — выхавальніка групы падоўжанага дня. Калі ж у 1991 годзе вызвалілася месца мастацкага кіраўніка ў клубе, перайшла туды.

Са сваёй “правай рукой” Ганнай Васільеўнай Вырвіч Т. В. Маслоўская пазнаёмілася яшчэ падчас работы ў школе: Аня танцавала ў яе гуртку. Актыўна ўдзельнічала ва ўсіх святах, якія ладзіліся ў клубе: спявала, дапамагала ў афармленні плакатаў і інш. І хоць у далейшым не атрымала адпаведнай адукацыі, была і застаецца ў душы культработнікам. Таму чатыры гады назад пакінула прадпрымальніцкую дзейнасць і ўладкавалася мастацкім кіраўніком у СКЦ.

Усё жыццё актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці быў і Аляксандр Генадзьевіч Пачкоўскі. Спачатку граў на бас-гітары ў вакальна-інструментальным ансамблі, які існаваў на базе клуба, потым стварыў уласны сямейны ансамбль. У 2008 годзе, пасля адкрыцця сацыяльна-культурнага цэнтра, па запрашэнні Т. В. Маслоўскай заняў пасаду акампаніятара.

Чаго толькі ні арганізуе гэты творчы калектыў! Святочныя праграмы да знамянальных дат, яркія шоу-праграмы, для якіх самі ж шыюць касцюмы, цікавыя святы вёсак, віншаванні дома ветэранаў, маці, пажылых людзей, іншых вяскоўцаў на Новы год, Вялікдзень, Каляды з гульнямі і песнямі пад гармонік, урачыстыя ўшаноўванні сем’яў-юбіляраў, тэматычныя дыскатэкі, канцэрты, выставы… — усё нават цяжка пералічыць. Пры цэнтры працуе ажно 10 клубных фарміраванняў, у якіх займаюцца як дзеці, так і дарослыя. Гэта аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька”, фальклорны гурток, па два эстрадныя, танцавальныя і драматычныя гурткі, вакальная група і сямейны ансамбль Пачкоўскіх. Удзельнікамі мастацкай самадзейнасці з’яўляюцца 119 чалавек, 30 з якіх — моладзь.

— Жадаючых наведваць цэнтр вельмі шмат, часам не хапае нас траіх, каб ахапіць усё і ўсіх, — кажа Тамара Валянцінаўна. —  Самыя актыўныя — сем’і Кухальскіх і Болт, Ала Туміла, Вольга Счасная, Рыма Галяш, жонка Аляксандра Генадзьевіча — Ганна Адольфаўна, якая выступае разам з намі на ўсіх кірмашах і Масленіцах. І, вядома ж, дзеці — вучні Гуцкай школы. Яны з задавальненнем займаюцца ў гуртку “Очумелые ручки”, які вядзе Ганна Васільеўна, і ствараюць уласнымі рукамі вырабы з розных матэрыялаў, спяваюць, танцуюць. Цесна супрацоўнічаем таксама з аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі інвалідаў ТЦСАН і Віцебскім абласным аддзяленнем Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

Вялікую ўвагу работнікі СКЦ надаюць захаванню фальклорна-этнаграфічнай спадчыны. У цэнтры створаны этнагра­фічны пакой, дзе сабраны рэчы, якія раней выкарыстоўваліся ў быце. У фальклорным і танцавальным гуртках развучваюцца беларускія народныя песні і танцы. Гэтым летам фальклорна-танцавальны калектыў з Гуты ўдзельнічаў у фестывалі “Браслаўскія зарніцы” і атрымаў дыплом лаўрэата конкурсу традыцыйных бытавых танцаў. Не раз гутчане станаві­ліся прызёрамі разнастайных раённых аглядаў-конкурсаў. Нядаўна ў цэнтры рэканструявалі папулярную калісьці сярод моладзі гульню “Яшчур”, якая была запісана на відэа і пада­дзена ў Міністэрства культуры для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. З гэтай жа мэтай культработнікі зрабілі відэазапіс мясцовага традыцыйнага спосабу прыгатавання клёцак “з душой”.

Увогуле, творчасці, энергіі і жадання працаваць на карысць культуры ўсім тром яе прадстаўнікам не пазычаць. Яны шчыра не разумеюць тых калег, якія скардзяцца, што зараз цяжка выцягнуць лю­дзей з дому і прымусіць ­удзельнічаць у самадзейнасці, даказваючы адваротнае ўласным прыкладам. Самі “гараць” любімай справай і ўмеюць “запаліць” іншых.

— Ведаеце, раней я ніколі не брала ў рукі бубен, а зараз неразлучная з ім, — гаварыла Т. В. Маслоўская. — Генадзьевіч навучыў мяне і Ганну Васільеўну ігры на ўсіх шумавых інструментах. Разам мы часта выступаем на святах, віншуем вяскоўцаў дома. А ў мінулую суботу ў складзе раённай дэлегацыі ўдзельнічалі ў абласных “Дажынках” у Талачыне. Ігралі і спявалі так шчыра, што парваліся рамяні на гармоніку…

Што тут яшчэ можна дадаць?!

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.