І абуджае памяць нашчадкаў


Калі адзначалася сямідзесяцігоддзе з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, нам у школе шмат расказвалі пра яе герояў. Няўжо ў ёй удзельнічалі такія ж людзі, як і мы?! Звычайныя хлопцы і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны, якія нават і не маглі ўявіць сабе, які гераічны лёс іх чакае?

У нашай школе працуе музей баявой і працоўнай славы, які стаў сапраўднай крыніцай памяці пра мінулае. Тут можна шмат даведацца пра герояў-землякоў. Адна з іх — Надзея Асяненка. Імя гэтай мужнай дзяўчыны носіць піянерская дружына СШ №2.

Яна нарадзілася ў 1917 годзе ў вёсцы Ліпнікі нашага раёна, працавала тэлефаністкай у Паставах. Як толькі пачалася Вялікая Айчынная вайна, камсамолка адразу ж уключылася ў барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, узначаліла падпольную камсамольскую арганізацыю.

У Паставах падпольшчыкі ў адным са скляпоў устанавілі радыёпрыёмнік і прымалі зводкі Савінфармбюро, распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва горада і навакольных вёсак. А таксама наладзілі сувязь з іншымі камсамольцамі-падпольшчыкамі.

У пачатку 1943 года ліпніцкім падпольшчыкам стала вядома, што гітлераўцы збіраюцца знішчыць арганізацыю, і яны ўліліся ў партызанскую брыгаду імя Варашылава, дзе Надзея Асяненка праявіла сябе смелай разведчыцай.

27 сакавіка 1944 года Надзея Асяненка з іншымі разведчыкамі натрапіла на варожую засаду. Яна і паранены партызан Яўген Брадовіч дабраліся да бліжэйшага хутара. Яго гаспадар павёз Брадовіча ў партызанскі атрад, а Надзея адбівалася ад фашыстаў, якія высачылі месца, дзе яна хавалася. Мужная дзяўчына за­гінула ў няроўным баі.

Пасля вайны на месцы гібелі Надзеі Асяненка, каля вёскі Гулі, і ў яе роднай вёсцы Ліпнікі былі ўстаноўлены помнікі. А на брацкай магіле на Мядзельшчыне, дзе пахавана адважная дзяўчына, ёсць надпіс: «Спыніся перад помнікам героям, якія прыкрылі сэрцамі сваімі на полі бою Ра­дзіму».

Я лічу, што памяць пра герояў нам патрэбна не проста як веды пра нешта даўно мінулае. Гэтыя людзі з’яўляюцца вельмі добрым прыкладам для сучаснага чалавека. Яны змагаліся за сваё і за наша шчасце. Менавіта таму штогод у нашай школе кожны клас атрымлівае заданне музея наведваць памятныя месцы і магілы герояў, даглядаць іх.

Штогод 9 Мая людзі збіраюцца каля помнікаў і абеліскаў, урачыста ўскладаюць вянкі і кветкі і тым самым нібы гавораць героям вайны: «Мы вас помнім і ганарымся вамі. Пастараемся быць вартымі вашага подзвігу”.  Сёлета па плошчы нашага горада ўпершыню крочыў “Бессмяротны полк”.  І Надзея Асяненка, наша Надзя, зноў была ў страі. Няхай так будзе  заўсёды! Няхай “Бессмяротны полк” крочыць праз гады і абуджае памяць нашчадкаў.

Марыя КАЗЛОЎСКАЯ,

вучаніца 10 класа СШ № 2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.