І гэта — найвялікшая радасць


Валянціна Стэфанаўна Бароўка

Ну што ў 84 гады рабіць на вяселлі? Валянціна Стэфанаўна і не збіралася ісці на яго, але Віця ўпрасіў: “Бабуля, гэта ж мой самы шчаслівы дзень. А якое вяселле без цябе? Ты ў нас — самая галоўная”.

Вяселле, якое гуло ў рэстаране ў Паставах, яе не стаміла. Наадварот, прыбавіла станоўчых эмоцый. Любавалася асляпляльна прыгожымі жаніхом і нявестай, цешылася са сваіх сыноў і дачкі, нявестак і зяця, якім сабрацца разам выпадае нячаста (а тут такая прыемная нагода!). І ўспамінала, як 57 гадоў назад сама выходзіла замуж, як гадавалі дзяцей, шкадавала, што дачасна, пасля чацвёртага інфаркту, не стала яе вернага спадарожніка жыцця.

Таццяна ў дзявоцтве

Дзяцей у Валянціны Стэфанаўны і Усевалада Мікалаевіча Бароўка з вёскі Кураполле нарадзілася трое, і ўсе знайшлі свой годны шлях у жыцці. Старэйшы, Аляксандр, — урач. Жыве з сям’ёй у Наваполацку. Яго жонка — кардыёлаг. А вось працаваць сёлета перайшоў у Докшыцкую бальніцу. Яму, высакакласнаму хірургу, даводзілася часта выязджаць туды ў камандзіроўкі. Спадабаліся ўмовы работы, калегі, таму і зрабіў такі выбар.

Аляксандр з дачкой Оляй.

Другі сын, Віктар, з маленства цягнуўся да тэхнікі і набыў прафесію вадзіцеля. Займаецца міжнароднымі перавозкамі. Большая частка жыцця — у дарозе. За “тыл” спакойны — жонка Валянціна спраўляецца з хатнімі справамі, адказна вядзе і сваю вельмі клопатную работу ў ААТ “Кураполле-агра” (яна загадвае зерняскладам).

Віктар падчас службы ў ваенна-марскім флоце.

Бацькі былі ўпэўнены, што асталюецца ў Кураполлі і дачка Таццяна, якая вучылася ў інстытуце замежных моў. У думках яны ўжо бачылі яе настаўніцай мясцовай школы. Але Таня выйшла ў Мінску замуж і кардынальна змяніла свой жыццёвы вектар — заняліся з мужам прадпрымальніцтвам. Зараз у іх уласны бізнес у сталіцы і цудоўная дачушка.

Дабіваецца мэты той, хто да яе імкнецца. Хіба не гэтаму вучылі Бароўкі сваіх дзяцей? Хіба не паказвалі асабісты прыклад настойлівасці? Усевалад Мікалаевіч 29 гадоў адпрацаваў на трактары, быў перадавым механізатарам гаспадаркі, яго праца адзначана ордэнамі Працоўнай Славы трэцяй і другой ступеняў. Валянціна Стэфанаўна гаспадарыла на малочным блоку на ферме. Акрамя таго, імкнулася падзарабіць, дзе толькі можна было — выконвала абавязкі фуражыра, лабаранта, ішла на падмену даярак, пераважвала жывёлу, гатавала абеды механізатарам.

— Калі ж упраўляліся з дзецьмі і домам? — пытаюся.

— Упраўлялася! Дзяцей выхоўвалі ў строгасці. Насваволіць каторы — і раменьчыка атрымліваў. А ўвогуле пустак не рабілі, падрастаючы, і з хатняй работай дапамагалі, Саша і Віця прыглядвалі за Таняй. Усе трое дружныя паміж сабой былі ў маленстве, і зараз таксама.

Садка ў Кураполлі ў тыя гады яшчэ не было, і ў дэкрэтным водпуску па тры гады маці не сядзелі. Цяжарная першынцам, Валянціна Стэфанаўна дародавы водпуск увогуле не брала. А за пасляродавы ёй налічылі… 36 працадзён. Параўнайце тагачасныя і цяперашнія ўмовы для маці. Але ж нараджалі, выхоўвалі і не скардзіліся на цяжкасці.

— Цяпер жа ўсё для добрага жыцця ёсць, — разважае Стэфанаўна. — Толькі не лянуйся працаваць ды ўмей правільна распарадзіцца заробленым.

Яны з мужам аднаму сыну купілі машыну, другому далі грошай на яе набыццё, дачцэ дапамаглі матэрыяльна ў наладжванні бізнесу. А які прасторны і дагледжаны ўласны дом! Гаспадыня ўпэўнена, што ён ніколі не будзе пуставаць.

— Таня кліча пераязджаць да яе ў Мінск, — расказвала Валянціна Стэфанаўна. — Не згаджаюся. Тут мне ўсё люба-дорага, людзі ўсе свае. Я і ў магазін, і на пошту сха­джу, а то да нявесткі ці суседзяў загляну. І яны маю хату не абмінаюць. А што буду рабіць, седзячы на паверсе? Не, пакуль ёсць сілы — нікуды не паеду.

А ў яе, нягледзячы на паважаны ўзрост, яшчэ ёсць сілы не толькі дома і ў агародзе ўпраўляцца, але і шыць, вязаць, прычым робіць яна гэта без акуляраў. Як тут не паразважаць, што фізічная актыўнасць падаўжае і гады, і працаздольнасць. Дзеці просяць, каб не перагружала сябе, а яна не ўяўляе, як можна нічога не рабіць і днямі праседжваць ля тэлевізара. Нездарма ж і пасля выхаду на пенсію яшчэ 17 гадоў працавала ў калгасе. Загартоўка яшчэ тая!

— Для дзяцей стараліся мы з бацькам. Хацелася кожнаму дапамагчы рублём. А зараз яны мне прапануюць дапамогу. А навошта? У мяне пенсія добрая, хапае на ўсё. І падарункамі “засыпалі”, як ні адмаўляюся, усё роўна вязуць.

Дарэчы, пра падарункі. Дзеці, прыехаўшы на вяселле Віці, не прамінулі павіншаваць і маці з днём нараджэння, які ў яе 13 верасня. Сёлетні верасень увогуле выдаўся багаты на радасныя падзеі: у гэтым месяцы нарадзілі дзетак дзве яе ўнучкі. І зараз у бабулі ўжо трое праўнукаў. Усё шырэй разрастаецца галінкамі сямейнае дрэва Бароўкаў. І гэта найвялікшая радасць для Стэфанаўны. Уяўляеце, колькі віншаванняў яна атрымае сёння, у Дзень маці?

Фаіна КАСАТКІНА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.