І колькасць, і якасць

Сельское хозяйство

Іна Тамко працуе на раздоі першацёлак на ферме ў Ляхаўшчыне.

За дзевяць месяцаў у філіяле “Нафтазаводмантаж-агра” валавая вытворчасць малака ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася на 165 тон і склала 1753. 1614 тон прадукцыі, што на 131,5 тоны больш, чым  летась,  рэалізавана на малаказавод. Упершыню з агульнай колькасці  90% малака прададзена вышэйшым і сортам “экстра”.

Галоўны заатэхнік сельскагаспадарчага філіяла Ала Зелянкевіч назвала яшчэ некалькі лічбаў, якія характарызуюць работу жывёлаводаў, і адзначыла, што на гэты год пастаўлена задача давесці сярэдні надой малака ад каровы да 4000 кілаграмаў. Выйсці на такі рубеж рэальна, бо на малочнатаварных фермах “Сарокі” і “Ляхаўшчына”, дзе ўтрымліваецца больш за палову пагалоўя кароў, ужо надоена ад кожнай адпаведна 3409 і 3828 кілаграмаў малака. Сярод аператараў машыннага даення лідзіруюць Людміла Казакевіч, Глафіра Трапук, Ала Маціеўская, Валянціна Якімовіч, Алена Кузьміч і Людміла Захарыч. Дзякуючы ім і іншым работнікам ферм, прадукцыйнасць жывёлы за дзевяць месяцаў у цэлым па філіяле склала больш за 3130 кілаграмаў малака.

Перадавыя аператары машыннага даення Глафіра Трапук і Людміла Казакевіч.

Рост колькасных паказчыкаў адбыўся ў асноўным  дзякуючы павелічэнню надояў, бо пагалоўе кароў засталося ранейшым — 535 галоў. Гэтаму садзейнічала адразу некалькі фактараў. Адным з галоўных з’яўляецца абнаўленне статка. Другі год у Ляхаўшчыне дзейнічае ферма па ўтрыманні нецеляў і раздоі  першацёлак, на якой гаспадарыць Іна Тамко. Работа ў  яе не з лёгкіх, але жанчына стараецца, таму і вынікі добрыя. Увогуле, за дзевяць месяцаў у сельгасфіліяле атрымана ад кароў і цялушак 480 цялят — на 25% больш, чым летась.

Выключная ўвага надаецца кармам. Іх нарыхтоўваюць з такім разлікам, каб хапіла не толькі на стойлавы, але і на вясенне-асенні перыяд,  бо цяпер амаль палова дойнага статка ўтрымліваецца ў памяшканнях круглы год. Сёлета для патрэб грамадскай жывёлы назапашана 350 тон сена, 6000 тон сенажу і амаль 3500 тон кукурузнага сіласу. У рацыёне жывёлы пастаянна ёсць канцэнтраты, прыгатаваныя з уласнага фуражу. У 2015 годзе для гэтых мэт выдзяляецца 3400 тон зерня (у два з паловай разы больш, чым летась).  “Нафтазаводмантаж-агра” мае самую высокую ў раёне забяспечанасць кармамі на ўмоўную галаву жывёлы — на 1 кастрычніка яна складала 45,8 цэнтнера кармавых адзінак.

Ля малочнатаварных ферм абсталяваны пляцоўкі для прыгатавання кормасумесяў. Механізатар Дзмітрый Які­мовіч вядзе змешванне сенажу, сіласу з іншымі дабаўкамі на пляцоўцы ля фермы “Сарокі”. Адсюль кармы дастаўляюцца ў Ляхаўшчыну, Валкі і Станелевічы.

Дарэчы, пляцоўкі, як і многае іншае, — гэта вынік пастаяннай работы па абнаўленні і добраўпарадкаванні жывёлагадоўчых памяшканняў і прылеглых да іх тэрыторый, якую пры падтрымцы галаўнога прадпрыемства праводзіць дырэкцыя сельгасфіліяла. Некалькі гадоў назад з’явіўся невялікі жывёлагадоўчы гарадок у Ляхаўшчыне. Тут  мадэрнізавана старая малочнатаварная ферма, узведзены тэнтавае памяшканне для ўтрымання цялят і ферма-арачнік для нецеляў і першацёлак.

— Цяперашнія ўмовы працы, як і саму тэрыторыю, цяжка параўнаць з тым, што было раней, — расказвала загадчыца гэтай гаспадаркі Наталля Жойдзь. —  Ёсць  новае даільнае і халадзільнае абсталяванне, механізавана раздача кармоў, заасфальтавана тэрыторыя, зроблены прасторныя выгулы для жывёлы. Усё гэта ў сукупнасці са стараннем і майстэрствам жывёлаводаў дае  добрыя вынікі. Наша ферма пастаянна ў ліку лепшых не толькі ў філіяле, але і ў раёне. Што датычыць парадку і чысціні, то іх падтрымліваем пастаянна.

Пасля рамонту непазнавальна змянілася малочнатаварная ферма “Сарокі”. Памяшканне  засталося ранейшым, але пасля пабелкі, устаноўкі металічных дзвярэй, замены абсталявання для выдалення гною, абнаўлення і ўмацавання праходаў, кармавых сталоў яно выглядае больш сучасным, прасторным, чыстым. Змяніліся не толькі ўмовы працы, але і адпачынку. Цяпер аператары машыннага даення  маюць свой пакой, ёсць іншыя падсобныя памяшканні, якія ацяпляюцца. Невялікія кацельні зроблены і на іншых фермах.

— Калі яшчэ некалькі гадоў назад актыўна вяліся размовы пра будаўніцтва ў Ляхаўшчыне робатызаванай фермы, то цяпер гэты праект з-за фінансавых цяжкасцей адкладзены на пасля, — расказваў дырэктар філіяла Баляслаў Барэйка. — Галоўная стаўка зроблена на абнаўленне і мадэрнізацыю існуючых ферм. У гэтым кірунку нямала ўдалося зрабіць у Сароках. На ферме ў Валках устанавілі новы халадзільнік. На жаль, тут даяркі яшчэ дояць кароў у вёдры, а гэта 170 галоў. Ёсць і добрая навіна: сродкі для пракладкі малакаправода будуць вы­дзелены. Як можам, падтрымліваем самы стары будынак у Станелевічах.

Праблем хапае. Але і ў цяперашніх складаных эканамічных умовах у сельгасфіліяле імкнуцца іх вырашаць за кошт унутраных рэзерваў, іншых фактараў. Тут самы нізкі ў раёне расход малака на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы. Прыкметна палепшылася якасць прадукцыі. Расце вытворчасць ялавічыны. Больш за 300 галоў буйной рагатай жывёлы адкормліваецца ў палявых умовах круглы год. Умацоўваецца ветэрынарная служба.

А якія шыкоўныя месцы  адпачынку і кветнікі ля ферм!

Хтосьці можа сказаць, што філіял у Ляхаўшчыне належыць буйному прадпрыемству — ААТ “Нафтазаводмантаж” — і, у параўнанні з іншымі,  знаходзіцца ў больш выгадных умовах. Але і тут лішніх сродкаў няма. Затое ў кіраўніцтва, спецыялістаў і кадраў масавых прафесій ёсць жаданне працаваць, дабівацца большага. Іх імкненні і пачынанні знаходзяць падтрымку.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.