“Каб было на ўсім вяку лёгка на сэрцы, цяжка ў кашальку…” Як у Юньках святкавалі Дажынкі

Культура Сельское хозяйство

Напрыканцы верасня ў аграгарадку Юнькі ў адзін дзень адбыліся дзве значныя падзеі: свята працаўнікоў вёскі — дажынкі  — і выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля музыкі “Бяседа” Белтэлерадыё­кампаніі, якое праходзіла ў рамках рэспубліканскай акцыі “Любіць Беларусь!”

Урачыста праводзячы ў поле камбайнераў і вадзіцеляў, дырэктар ААТ “Сцяг Перамогі-агра” Юрый Борыс паабяцаў, што, калі ўборка зерневых будзе праведзена ў сціслыя тэрміны і якасна, яе ўдзельнікаў і ўсіх працаўнікоў вёскі чакае сюрпрыз. Са жнівом управіліся за тры тыдні. Атрыманы вынік на хлебнай ніве пераўзышоў усе чаканні. Сваё слова стрымаў і кіраўнік сельгаспрадпрыемства:  26 верасня ў сельскім Доме культуры адбыліся дажынкі.

Разам з мясцовымі культработнікамі, фальклорным гуртам у падрыхтоўцы і правядзенні свята ўдзельнічалі супрацоўнікі цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, удзельнікі мастацкай сама­дзейнасці іншых устаноў. У фае былі разгорнуты выставы вырабаў народных майстроў пастаўскага Дома рамёстваў “Стары млын” і іншых умельцаў. Удзельнікі народнага клуба “Юнчанка” частавалі гасцей і гаспадароў рознымі прысмакамі і чаем, настоеным на духмяных зёлках, а работнікі грамадскага харчавання райспажыўтаварыства прапаноўвалі свае вырабы. У народным стылі былі ўбраны глядзельная зала і сцэна. Тут і разгортваліся асноўныя дзеі свята.

Галоўных яго віноўнікаў — камбайнераў, механізатараў, вадзіцеляў, спецыялістаў і кіраўніцтва гаспадаркі — віталі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Алёна Юрынёнак, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Герасіменка. Яны адзначылі  высокі ўзровень  работы на жніве, зладжаныя дзеянні спецыялістаў, дбайнасць і распарадчасць маладога кіраўніка. Таму падзякі заслужылі не толькі асобныя працаўнікі, але і ў цэлым калектыў сельгаспрадпрыемства.

На лёгкіх пясчаных глебах сёлета атрымана па 35 цэнтнераў зерня з гектара, а валавы намалот перавысіў 6000 тон — гэта адпаведна на 10 цэнтнераў і 2245 тон больш, чым было ў 2014 годзе. З сямі камбайнераў трое намалацілі больш чым па паўтары тысячы тон зерня, з чатырох вадзіцеляў трое перавезлі з поля па 1760—2160 тон збажыны. За дасягненне высокіх паказчыкаў на жніве Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны камбайнеру Віктару Граблеўскаму і вадзіцелю Віталію Смалякову.

Больш за 20 чалавек узнагароджаны падзякамі райкама прафсаюза, граматамі і падарункамі дырэкцыі і прафкамітэта.

— Сёння ў нас сапраўднае свята, — адзначыў дырэктар акцыянернага таварыства Юрый Борыс. — Яно прыйшло ў аграгарадок дзякуючы ўсім, хто працаваў на ўраджай: сеяў азімыя і яравыя, даглядаў пасевы, убіраў і дапрацоўваў збожжа. Вельмі прыемна, што большасць нашых камбайнераў і вадзіцеляў у ліку лепшых у раёне. Стараліся спецыялісты інжынернай і агранамічнай службаў. Цяпер перад намі стаіць задача не толькі замацавацца на ўзятай вышыні, але і рухацца наперад у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

Святочны, прыўзняты настрой быў у перадавікоў вытворчасці Аляксандра Дзюшко, Руслана Чарняўскага, Віктара Чыпко, Івана Маісеева, Уладзіміра Яркоўскага, Юрыя Квача, Андрэя  Борыса, іншых механізатараў і вадзіцеляў. Вясёлымі, узрушанымі  выглядалі ўсе прысутныя ў зале. Яны радаваліся поспехам хлебаробаў, захапляліся выступленнямі юных артыстаў і яшчэ больш — творчасцю і выканальніцкім майстэрствам салістаў і музыкаў ансамбля “Бяседа”. Песні ў іх выкананні былі блізкімі і дарагімі, нагадвалі многае з таго, чым жыве, захапляецца і пра што сумуе вёска. Усе выступленні “Бяседы” публіка прымала цёпла, падтанцоўваючы, выклікаючы артыстаў на біс. А тыя жадалі не толькі прысутным, але і ўсім пастаўчанам шчасця ў жыцці, дабрабыту, “каб было на ўсім вяку лёгка на сэрцы, цяжка ў кашальку…”

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.