Каб не сталі монстрыкамі

Образование

Нараджаемся не для смерці.

Нараджаемся мы, каб жыць.

 Л. Якубовіч.

— Прымайце майго монстра ў лагер, — сказала мне, прывітаўшыся, маладая жанчына. — Камп’­ютарнага. Можа, хоць дзевяць дзён адпачне ад сваіх стралялак.

Я паглядзела на таго, хто стаяў побач з жанчынай. Не, яшчэ не монстр, а толькі монстрык: метра з паўтара ростам, усмешлівы, кантактны.

— Ён без тэлефона будзе, і вы яму не давайце званіць, а то будзе дадому прасіцца. Якімі відамі спорту цікавіцца? Дома ні з кім не гуляе ні ў футбол, ні ў валейбол, у яго, мне здаецца, ужо і мышцы ног атрафіраваліся, ва ўсякім разе, фізкультура для яго нелюбімы прадмет.

Як расказала мне пасля мама Монстрыка, праблема іх сям’і была ў наступным: маці забараняе доўгае сядзенне перад камп’ютарам, а бацька дазваляе: дзіця ж дома, не цягаецца па завуголлях, не робіць пустак. Калі маці знарок не плаціла месяц-другі за інтэрнэт, то сынок упрошваў бацьку, і той аплачваў сынавы забавы. У школьны час Монстрык праседжваў перад камп’ютарам да 24 гадзін, а ў канікулярны — амаль да раніцы, а потым цэлы дзень спаў. Калечылася не толькі псіхічнае, але і фізічнае здароўе хлопчыка.

У той лагернай змене, дзе быў Монстрык, хлопцаў было аж 23, дзяўчатак — 12. Таму, зразумела, падбірала экскурсіі такія, якія больш цікавілі хлопчыкаў, асабліва хацелася “дастукацца” да Монстрыка, каб яму стала цікава, каб яму больш хацелася камунікаваць з людзьмі, а не з камп’ютарам. Кожны дзень у лагеры планаваўся так, каб не было хвілінкі для суму, для гульняў на мабіль­ніках. Монстрык гуляў у тэніс, разам з важатымі рыхтаваў вогнішча, дапамагаў у паходах. Здавалася, звычайны хлопчык: вясёлы, дапытлівы, жартаўлівы… Але калі я вечарамі пыталася, ці хоча ён дадому (а іншым дзецям дадому не хацелася), то ён заўсёды сцвярджальна ківаў галавой. Нават два разы патэлефанаваў маці, прасіў забраць хоць на вечар, але тая была няўмольная.

Камп’ютарныя гульні ўжо зрабілі на яго шкодны ўплыў: ён мог падставіць падножку і смяяўся, калі іншаму было балюча, часта ў яго мове гучалі словы з гульняў “забі!”, “зачы!”, “валі яго!”

З пункту гледжання СААЗ (Сусветнай арганізацыі аховы здароўя), залежнасць — гэта калі ўжыванне чалавекам рэчыва або гульні з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю ў жыцці. Гэта хвароба (гульня ў дадзеным выпадку) становіцца даражэйшай, чым узаемаадносіны з бацькамі, чым адносіны з сябрамі. Пачуцці, эмоцыі, якія залежны перажывае ў час гульняў, аказваюцца мацнейшымі і больш яркімі, чым сапраўднае жыццё…

З Монстрыкам размаўлялі важатыя (старэйшыя дзеці з актыўнай жыццёвай пазіцыяй), за ім назіралі выхавальнікі і давалі яму парады для далейшага жыцця. Але самая шырокая ўсмешка ў яго з’явілася толькі тады, калі ён адыходзіў дадому. Ён, праўда, многім паабяцаў менш цікавіцца камп’ютарнымі гульнямі, больш гуляць у футбол і тэніс, але, як я пасля даведалася, гэта было толькі абяцаннямі…

Не ведаю, што будзе з Монстрыкам далей. Яго жыццё ў Божых руках. За час лагера мы зрабілі ўсё, што маглі, каб паказаць яму іншы свет: свет сяброўскай прыязнасці, супольных спеваў і гульняў. Выбар за ім і яго бацькамі: або ён стане паўнацэнным чалавекам, або ператворыцца з Монстрыка ў сапраўднага Монстра. Як той падлетак з Чалябінска, адлучаны ад камп’ютара, зарэзаў маці і ледзьве не загубіў бацьку.

Ёсць шмат дзяцей, якія яшчэ не сталі монстрыкамі і монстрамі. Ім зараз, можа, 6, 10, 12 гадоў. Не ведаю колькі. Але яны вельмі любяць гуляць у камп’ютарныя гульні. Злуюцца, калі іх адцягваюць ад іх. Робяць усё, каб як мага больш часу праводзіць за камп’ютарам. Забыліся пра кнігі, пра дзіцячыя гульні, не маюць сяброў. Не адчуваюць чужога болю, не шкадуюць жывёл. Тады бацькам і іншым родным трэба біць трывогу. Трэба вяртаць іх у рэальны свет любой цаной! Ахвяраваць сваім вольным часам, непрачытанымі кнігамі, недагледжанымі фільмамі, можа, нават памяняць працу, каб быць побач з гульцом. Бо размова ідзе пра душы дзяцей ці ўнукаў. Можна схадзіць у паход за 500 метраў ад дома, засмажыць на вогнішчы сасіскі (і ўзяць з сабою ягоных сяброў). Можна наладзіць канцэрт або міні-спектакль, зрабіць афішы, запрасіць суседзяў, а гледачам купіць танныя білеты. Можна пайсці ў басейн, пакатацца з горкі. Шмат чаго можна зрабіць і трэба. Бо размова ідзе пра нашых дзяцей, пра нашу будучыню. Пра тых, хто праз некалькі гадоў будзе лячыць хворых, вучыць дзяцей, вадзіць машыны, гандляваць… І кожнаму з нас не ўсё роўна, якія яны будуць: або паўнавартасныя, з высокімі маральнымі каштоўнасцямі людзі, або гульцы з халоднымі душамі.

Аліна ЛАТЫШ,

няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.