Лячыць у комплексе і цела, і душу


Старшыня райвыканкама В. С. Гутараў, начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Ю. М. Дзеркач і галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ У. М. Чакавы.

9 кастрычніка, напярэдадні Сусветнага дня псіхічнага здароўя, у Паставах адкрылася новае структурнае падраздзяленне цэнтральнай раённай бальніцы — цэнтр псіхічнага здароўя. Ён размясціўся ў будынку наркалагічнага аддзялення па вуліцы Вакзальнай.

Гэты будынак быў узведзены яшчэ ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя, і раней у ім знаходзіўся медвыцвярэзнік. Калі яго закрылі, памяшканне перадалі на баланс ЦРБ. Дзякуючы раённай уладзе і ўпраўленню аховы здароўя аблвыканкама, якія ініцыіравалі стварэнне цэнтра і выдзелілі грошы на яго, а таксама ДКУАБП “Рассвет Пастаўскі”, прадпрыемству меліярацыйных сістэм, Варапаеўскаму ДАКу і заводу “Паставымэбля”, самім медыкам, будынак непазнавальна змяніўся як звонку, так і ўнутры. Павялічылася яго плошча, з’явіліся неабходныя камунікацыі, утульныя палаты і пакой адпачынку, санвузлы з новай мэбляй і сантэхнікай, медыцынскія кабінеты і іншыя спецыяльныя памяшканні.

У пачатку года тут пачало работу наркалагічнае аддзяленне на 15 ложкаў, дзе пралячыліся ўжо каля 160 жыхароў раёна. Пазней адкрыліся медыка-сацыяльны блок для хворых з псіханеўралагічнымі захворваннямі, кабінеты псіхолага і псіхатэрапеўта (ён працуе як з дарослымі, так і з падлеткамі), медыка-сацыяльнай рэадаптацыі, перадрэйсавых аглядаў і іншыя.

На адкрыццё цэнтра псіхічнага здароўя сабраліся ўсе, хто меў і мае да яго дачыненне. Прыехаў таксама начальнік упраўлення аховы зда­роўя Віцебскага аблвыканкама Ю. М. Дзеркач. Вітаючы гасцей, галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ У. М. Чакавы адзначыў:

— Сёння мы адкрываем не проста будынак, а функцыянальны цэнтр, які аб’яднаў многія кабінеты, што працуюць у паліклініцы і стацыянары. Яго задача — палепшыць дэмаграфію на Пастаўшчыне, бо 50 працэнтаў насельніцтва раёна, якое памірае ў працаздольным узросце, мае алкагольную залежнасць. Алкагалізм — таксама частая прычына суіцыдаў.

Выказаўшы ўпэўненасць у тым, што праект будзе садзейнічаць павышэнню паказчыка здароўя ў раёне, Уладзімір Мі­калаевіч падзякаваў усім, хто прыняў у ім ­удзел, і ўручыў Ганаровую грамату ЦРБ пазаштатнай загадчыцы псіханаркалагічнага аддзялення Ж. П. Паповай, Па­дзякі — свайму намесніку па медыцынскай частцы Л. В. Сямёнавай, райпедыятру З. Р. Шчалкун, псіхолагу А. Л. Кузьміновай, а таксама дырэктару ТЦСАН Д. І. Пякарскай, начальнікам РАУС А. М. Гарусу і ад­дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырыну, з якімі медыкі цесна супрацоўнічаюць.

— Здароўе чалавека мае розныя аспекты. Камусьці трэба лячыць сэрца, камусьці — іншыя органы. А ў многіх людзей па розных прычынах з’яўляецца неабходнасць звярнуцца да нарколагаў. Мы ведаем нямала прыкладаў, калі ім удаецца вывесці пацыентаў са стану, у якім тыя апынуліся, і разумеем, наколькі важна менавіта стацыянарнае лячэнне. У некаторай ступені гэта пілотны праект, паколькі зараз медвыцвярэзнікі ў маленькіх гарадах закрываюцца, — сказаў старшыня райвыканкама В. С. Гутараў.

— Тое, што сёння робіцца на Віцебшчыне, — вельмі важна, — адзначыў начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Ю. М. Дзеркач. — Мы забяспечваем даступнасць насельніцтву любога віду дапамогі. Цэнтр псіхічнага здароўя — своеасаблівы сімбіёз супрацоўніцтва праваахоўных органаў і медработнікаў для сумеснага аказання дапамогі тым, хто мае схільнасць да ўжывання алкаголю. Пры гэтым чалавек застаецца ў прывычным для яго асяроддзі, захоўвае сям’ю і дзяцей, якіх мае магчымасць у далейшым выхоў­ваць. Думаю, гэты праект будзе запатрабаваны і вывучаны ў рэспубліцы.

Сярод запрошаных на адкрыццё цэнтра былі настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы айцец Валерый і ксёндз-пробашч пастаўскага касцёла Анджэй, якім таксама далі слова. Яны акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці лячыць не толькі цела чалавека, але і яго душу, паабяцалі ў гэтым сваю дапамогу (плануецца, што святары будуць частымі гасцямі тут) і выказалі спа­дзяванне, што цэнтр стане пачаткам духоўнага жыцця для тых, хто пакутуе ад алкагольнай і наркатычнай залежнасцей. Айцец Валерый падарыў новаму структурнаму падраздзяленню ЦРБ абраз Маці Божай і асвяціў памяшканні наркалагічнага аддзялення. А затым прысутныя пазнаё­міліся з умовамі лячэння ў ім.

Настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Паставы айцец Валерый перадае абраз Маці Божай пазаштатнай загадчыцы псіханаркалагічнага аддзялення Ж. П. Паповай.
Так выглядаюць палаты цэнтра.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.