Людзі вёскі: аператар Наталля Ткачова


 

Пагутарыць з аператарам машыннага даення ААТ “Навасёлкі-Лучай” Наталляй Ткачовай збіраўся даўно. Добрай нагодай для гэтага было свята працы, якое сёлета ў ліпені ладзілася ў аграгарадку Навасёлкі. Наталля была ў ліку тых жывёлаводаў, каго адзначылі граматай і грашовай прэміяй. Аднак адразу пасля цырымоніі ўзнагароджвання пачаўся канцэрт папулярнага польскага ансамбля “Прымакі”. А потым, спаслаўшыся на тое, што спазняецца, Наталля разам з сяброўкамі заспяшалася на вячэрнюю дойку кароў. Сустрэліся пазней.

— Я закончыла Пастаўскі прафтэхкаледж, атрымала спецыяльнасці повара, прадаўца, агародніка і аператара машыннага даення, — расказвала Наталля Ткачова. —  Яшчэ падчас праходжання практыкі, а потым і працы ў мулярскім сельгасаддзяленні ААТ “Камайскі-агра” цвёрда вырашыла, што буду працаваць толькі даяркай. У сваім выбары не расчаравалася.

Пяць гадоў таму па сямейных абставінах яна пераехала жыць і працаваць у ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Ніколькі не шкадуе пра гэта, бо трапіла ў калектыў лепшай у раёне малочнатаварнай фермы.

Сёлета за дзевяць месяцаў надаіла ад кожнай каровы ў сярэднім па 3057 кілаграмаў малака, а валавы надой — самы высокі на ферме —122,5 тоны. У Наталлі добрая група кароў, жывёла пастаянна абнаўляецца. Збалансаваны рацыён кармлення.

— Памятаю, як Ткачова прыйшла працаваць у наш калектыў, — гаварыла загадчыца фермы Яўгенія Гродзь. — У адрозненне ад іншых маладых  сур’ёзна ўзялася за работу, не саромелася вучыцца ў старэйшых жывёлаводаў. А сёння яна ўжо сама служыць прыкладам для іншых. Заўсёды цікавіцца вынікамі сваёй працы, адказная і дысцыплінаваная.

Стымулюе жыццё і працу на вёсцы тое, што ў ААТ  “Навасёлкі-Лучай” работнікі ферм пастаянна маюць выхадныя, водпускі, рэгулярна атрымліваюць заработную плату.

— У нашым аграгарадку ёсць усё, што трэба для жыцця чалавека, — сказала Наталля Ткачова. — Таму не разумею тых, хто імкнецца ў горад, здымае за вялікія грошы кватэру. І там, і тут — усюды трэба працаваць.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.