На лініі агню


На здымку сярэдзіны 70-х гадоў мінулага стагоддзя — Мікалай Пятровіч Зінчанка, які быў цяжка паранены ў баі за вызваленне Пастаў. А пазнаёміліся мы з ім пры такіх абставінах. Ішоў 1975 год — пачатак будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. У той час я, старшы лейтэнант чыгуначных войск Савецкай Арміі, з калонай машын накі­роў­ваўся ў пункт нашай будучай дыслакацыі — пасёлак Зейск. Прыпынак зрабілі ў горадзе Зея Амурскай вобласці, каб пакінуць нажытую за пяць гадоў сумеснага жыцця маёмасць, бо далей (а гэта каля 300 кіламетраў) ніякага жытла не было, толькі тайга, у якой нам і давялося ўсё будаваць.

На ціхай вуліцы каля акуратнага, пафарбаванага ў сіні колер доміка стаяў ветлівы мужчына гадоў 60-ці, з якім мы і дамовіліся, што нейкі час нашы рэчы паляжаць у яго. Ні нумара дома, ні назвы вуліцы я не запісваў, запомніў толькі арыенцір (а гэта ў вайскоўцаў галоўнае) — высокую трубу кацельні.

Свой “скарб” прыехаў забіраць толькі праз год. Грошай за зберажэнне нашых рэчаў на працягу года Зінчанкі не ўзялі. Больш за тое, вельмі хваляваліся, дзе мы прапалі, чаму не з’яўляемся, ці ўсё ў нас добра. Нават праз ваенкамат мяне шукалі…

Вось тады ў размове і даведаўся, што Мікалай Пятровіч ваяваў у дывізіённай разведцы, мае званне старшага сяржанта, з’яўляецца кавалерам 4-х баявых ордэнаў, узнагароджаны шматлікімі медалямі. Не аднойчы мог загінуць, але пашчасціла: двойчы лёгка параніла. А вось пад Паставамі атрымаў цяжкае раненне.

5 ліпеня 1944 года яго дывізія з ходу вызваліла Паставы, але адзін з батальёнаў вораг контратакаваў і акружыў. Рэзерваў у камандзіра дывізіі, акрамя разведкі, не было. Яе і кінулі на дапамогу. Нечаканы ўдар прымусіў немцаў адступіць (са слоў Мікалая Пятровіча, бой праходзіў у чыстым полі, паміж Шурпі­камі і Паставамі), але  забітых і параненых было многа. Смерцю храбрых палягло тады каля батальёна.

Мікалай Пятровіч і яго жонка да нас ставіліся, як да блізкіх. Доўгі час мы перапісваліся, пасылалі пасылкі. Дзесьці ў сярэдзіне 80-х з Далёкага Усходу прыйшла сумная вестка, што Мікалай Пятровіч памёр. Але ў памяці нашай сям’і ён застаўся назаўсёды.

Л. СЕМЯНАС,

няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.