«Нам гады — не бяда»

Общество

П. П. Рагіня.

Гэта даказалі тыя, хто 1 кастрычніка прыйшоў у раённы Дом культуры па вуліцы Станкевіча. Тут ладзілася свята, прымеркаванае да Дня пажылых людзей.

Напачатку прысутных прывітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў. Ён падзякаваў ветэранам за іх самаадданую працу на тых прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях, якім яны прысвяцілі большую частку свайго жыцця і адкуль пайшлі на заслужаны адпачынак, пажадаў бадзёрасці і цёплай жыццёвай восені.

Затым вядучая мерапрыемства Алена Слядзеўская запрасіла на сцэну артыстаў — народны хор ветэранаў вайны і працы. Упэўнена, што яго ўдзельнікі, выходзячы на сцэну, сапраўды забываюць пра гады: іскрацца радасцю вочы, мілагучна ліюцца галасы, мала­дзее душа. Калектыву сёлета споўнілася 35 гадоў. Ён годна прадстаўляе сваю творчасць на раённай і абласной сцэнах, яго ўдзельнікі — моцныя духам і адданыя песні людзі.

Кіруе хорам апантаны любімай справай Павел Пятровіч Рагіня, усё жыццё якога звязана з музыкай. Любоў да яе перадалася ад бацькі — вядомага на Пастаўшчыне музыкі, стваральніка ансамбля “Груздаўскія дзяды” Пятра Пятровіча. У шэсць гадоў ён даў у рукі маленькаму Паўлу баян — з тых часоў ён з ім не расстаецца. Закончыў музычную школу, Маладзечанскае музычнае вучылішча, Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю і доўгі час кіраваў ваенным аркестрам. У 1993 го­дзе звольнены ў запас.

— І што далей? — задае пытанне вядучая.

— Ні дня без справы, — адказвае Павел Пятровіч і працягвае расказ пра жыццё на пенсіі.

Занятак знаходзіць пастаянна. Любіць рыбалку са спінінгам, на лодцы, працуе на агародзе. Але ўсё гэта — захапленні вольнага часу. А асноўнае — хор, рэпетыцыі, канцэрты. Яшчэ з’яўляецца акампаніятарам Юнькаўскага сельскага клуба. У П. П. Рагіні цудоўная сям’я —  жонка, сын і дачка, чацвёра ўнукаў. Двое амаль дарослыя. А дзяўчынкам-блізнятам — дочкам сына, які жыве ў Мінску, — восем месяцаў. Жонка Паўла Пятровіча цяпер шмат часу праводзіць у сталіцы, дапамагае спраўляцца з блізняткамі. Павел Пятровіч поўны бадзёрасці і энергіі, якой зараджае ўсіх, з кім жыве і працуе.

М. У. Мажэйка з унучкай Міланай.

Напэўна, большасць людзей з трывогай чакаюць пенсіённага ўзросту, са страхам развітваюцца з рабочым месцам. Але ў кожнага ўзросту свае перавагі, і можна знайсці спосаб жыць актыўна і цікава. Прыкладам таму — сям’я Мажэйка. Алік Цімафеевіч і Марыя Уладзіміраўна разам 40 гадоў, маюць дачку і сына. Больш за 30 гадоў аддалі выхаванню падрастаючага пакалення — ён быў майстрам вытворчага навучання ў прафтэхкале­джы, яна — намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, выкладала рускую мову і літаратуру. Выйшаўшы на пенсію, яшчэ сем гадоў аддалі працы ў АДРАЦ “Ветразь”, раённым цэнтры дзяцей і моладзі, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.  Урэшце вырашылі прысвяціць свой час сабе.

— І чым займаецеся? — гучыць пытанне ад Алены Слядзеўскай.

— Найперш унучачкай, — адказвае Марыя Уладзі­міраўна (Алік Цімафеевіч, на жаль, не змог прыйсці на свята). — Мілана — першакласніца. Забіраем са школы, займаемся з ёй дома. А яшчэ не прапускаем ніводнага мерапрыемства, якія праводзяцца ў горадзе. Наведваем канцэрты, пасяджэнні розных клубаў па інтарэсах, якія працуюць пры цэнтральнай раённай бібліятэцы і клубе “Сучаснікі”, шмат чытаем, успамінаем мінулае. Да драбніц помняцца работа ў каледжы, калегі. Заўсёды прыемна з імі сустракацца. Рады тэлефанаванням, перапісцы на старонцы ў “Аднакласніках”,  размовам па скайпе з былымі нашымі выхаванцамі. Выпускнікі нас не забываюць, запрашаюць на юбілейныя сустрэчы з нагоды заканчэння каледжа. Значыць, праца была недарэмнай — часцінку сваёй душы мы пакінулі ў іх душах.

Марыя Уладзіміраўна прачытала са сцэны творы свайго любімага Блока.

Вядучая А. Слядзеўская з В. А. Мацкевіч.

Да наступнай гераіні вядучая спусцілася са сцэны ў залу — Вандзе Адамаўне Мацкевіч 87 гадоў. Апошнія 12 жыве ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Калі ўспамінае сваё дзяцінства, вочы свецяцца радасцю: былі жывыя маці і бацька, старэйшыя сёстры, яна вучылася ў польскай школе. А потым вайна — шчасце закончылася: спалілі родную вёску, памёр бацька, летам жылі ў саламяным шалашы, зімой — у халоднай зямлянцы. Голад, непа­сільная праца: дзяўчыне прыходзілася самой ка­сіць, араць, нарыхтоўваць дровы. А вырасла — і ў канторы працадні лічыла, і кароў даіла, і свіней кар­міла. Працоўны стаж жанчыны — 40 гадоў. Пастаянна душой хварэла за іншых, усім старалася дапамагчы. І як бы ні складваліся абставіны — заставалася добрай, справяд­лівай, шчырай. А ўсе свае думкі, радасць і боль давярала і давярае лісткам са школьнага сшытка. Пра тое, што жыццю трэба радавацца ў любым узросце і ў любой сітуацыі, Ванда Адамаўна расказала вершаванымі радкамі ўласнага сачынення.

М. Я. Зубовіч.

Сёлета мы адзначылі вялікую дату — 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З кожным годам застаецца ўсё менш і менш ветэранаў. Яны для маладога пакалення прыклад гераізму, самаадданасці, мужнасці. Мікалаю Яў­стаф’евічу Зубовічу 23 верасня споўніўся 91 год. Ён па-ранейшаму часты госць у школах, на мітынгах, сходах. Сваімі ўспамінамі пра ваеннае ліхалецце, гады службы на Балтыйскім флоце на крэйсеры “Максім Горкі” ён падзя­ліўся і на гэты раз. А яшчэ гаварыў пра тое, што беларусы маюць забяспечаную старасць, ахінуты ўвагай як мясцовай улады, так і Прэзідэнта краіны.

Цудоўным падарункам для прысутных стала выступленне народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Заранка” Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам В. П. Жагулы. Уразіла нераўнадушнасць залы, у якой былі людзі сталага ўзросту, але вялі сябе вельмі актыўна: усклікалі “брава!”, “малайцы!”, “дзякуй!”, падпявалі.  

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.