Няма дарэмна пражытых гадоў


1 кастрычніка з цеплынёй і павагай да былых бібліятэкараў расчыніла свае дзверы Пастаўская цэнтральная раённая бібліятэка. Іх сустракалі дырэктар Пастаўскай ЦБС Людміла Гаўрылаўна Касцень і супрацоўнікі ўстановы. 1 кастрычніка з цеплынёй і павагай да былых бібліятэкараў расчыніла свае дзверы Пастаўская цэнтральная раённая бібліятэка. Іх сустракалі дырэктар Пастаўскай ЦБС Людміла Гаўрылаўна Касцень і супрацоўнікі ўстановы.

Абдымкі, слёзы радасці ад сустрэчы, цёплыя словы прывітання і ўспаміны, успаміны, успаміны… А як жа інакш, калі большую частку жыцця гэтыя людзі аддалі бібліятэчнай справе, працавалі на ніве асветы, адукацыі, папулярызацыі кнігі і чытання.

Дунец Святлана Уладзіміраўна адпрацавала ў бібліятэцы 40  гадоў, з іх 25 — на пасадзе загадчыцы аддзела абслугоўвання. Маладзенькай дзяўчынкай пасля размеркавання з Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна прыйшла ў калектыў Чапукова Ніна Пятроўна і на ўсё жыццё засталася вернай свайму прафесійнаму прызначэнню. Марыя Аляксандраўна Асяненка аддала бібліятэцы 37 гадоў,  загадвала аддзелам камплектавання і апрацоўкі адзінага фонду. Колькі каталогаў адрэдагавана  яе рукамі, колькі складзена актаў на прыём і спісанне літаратуры! Дзякуючы яе старанню чытачы на працягу многіх гадоў мелі свежыя часо­пісы, газеты.

Валянціну Паўлаўну Чарэнка ўдзячныя чытачы называлі не інакш, як “твар бібліятэкі”, бо на працягу 34  гадоў менавіта яна падбірала і выдавала літаратуру на абанеменце. Яе заўсёды з нецярпеннем  чакалі чытачы   на пунктах выдачы бібліятэчнай кнігі  ў ваенным шпіталі і ў раённай бальніцы. Юхно Галіна Іосіфаўна шмат гадоў адпрацавала ў дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі. Праца з дзецьмі ўвогуле патрабуе шмат энергіі, дабрыні, пазітыву, а навучыць дзіця любіць кнігі, прыцягнуць яго ўвагу да чытання для душы — справа няпростая і адказная, але Галіне Іосіфаўне  гэта было падуладна. Бібліятэчны шлях Вольгі Аляксандраўны Танана быў няпросты. Яна працавала і ў раённай бібліятэцы, і ў Лучайскай сельскай, а цяпер — у Навасёлкаўскай. Які б наведвальнік  ні звярнуўся да Вольгі Аляксандраўны, бібліятэкар, вобразна кажучы, з заплюшчанымі вачыма знойдзе любую патрэбную кнігу.

У Валкоўскай сельскай бібліятэцы аддана працуе Якубоўская Тамара Мінаўна. Вядзе работу па ўсіх кірунках, значны ўнёсак робіць у краязнаўчую работу. Дарогу ў бібліятэку ведаюць не толькі шматлікія чытачы, але і мясцовыя паэты Янусь Малец, Люцыян Шчасны, самадзейны кампазітар і выканаўца песень Машніч Часлаў Аляксандравіч. Тут арганізавана выстава па рукадзеллі Раісы Уладзіміраўны  Якубоўскай.

Душой вёскі Норыца, яе вечным рухавіком з’яўляецца гаспадыня Норыцкай сельскай бібліятэкі Паганько Люцыя Браніславаўна. У гэтай жанчыны няма чужых спраў і праблем, яна — старэйшына вёскі, чалавек вялікай душы і бясконца добрага сэрца. Час ідзе і нясе змены, а яны не заўсёды станоўчыя: бібліятэка, на жаль, закрываецца, але ж жыццё працягваецца. І няхай усё ў вас будзе як мага найлепш, Люцыя Браніславаўна!

Сваім добрым настроем, невычэрпнай сардэчнай цеплынёй і дабрынёй падтрымлівалі святочную атмасферу  на сустрэчы муж і жонка  Пупкевічы з Вярэнек — Марыя Людвікаўна  і   Раман Раманавіч. Марыя Людвікаўна  працавала ў Вярэнькаўскай сельскай бібліятэцы,  а яе муж загадваў клубам.  Гэта пара пранесла праз усё жыццё светлае пачуццё кахання, нягледзячы ні на хваробы, ні на нягоды, якія выпалі на іх лёс.

З цікавасцю і інтарэсам назірала за новай формай работы бібліятэкі — мультымедыйнай прэзентацыяй па песнях нашай маладосці — Макруш Яўгенія Сямёнаўна, былы дырэктар Пастаўскай раённай бібліятэкі. Яўгенія Сямёнаўна штораз  прыходзіць на сустрэчы з былымі калегамі, яе цікавіць, як сёння працуе бібліятэка, чым жыве, радуецца за навацыі ў яе рабоце.

Вольга Яўстаф’еўна Лешчык  працавала ў Навасёлкаўскай сельскай бібліятэцы. Як і раней,  яна рухавая, добразычлівая, камунікабельная. Па сакрэце скажу, што з хатнім сырам, які варыць Вольга Яўстаф’еўна з кропам, кменам, не параўнаецца ніводны крамны.

Супрацоўнікі бібліятэкі назвалі прозвішчы ветэранаў-юбіляраў бягучага года. Гэта Курыловіч Марыя Іванаўна, Петухова Рыма Грыгор’еўна, Райчонак Рамуальда Іосіфаўна, Рамановіч Марыя Раманаўна, Чапукова Яніна Пятроўна, Яцына Надзея Вячаславаўна. Са святам вас, шаноўныя!

Я распавяла толькі пра тых, хто прыйшоў  на сустрэчу ў бібліятэку. Усім былым супрацоўнікам, ветэранам мы жадаем светлага, добрага на жыццёвай дарозе.

Напэўна, няма большай раскошы, чым чалавечыя зносіны. І нічога больш мудрага не прыдумалі філосафы, як добрае слова, якое і лечыць, і сілкуе, і на­дзею дае. Шмат цёплых слоў у гэты святочны дзень прагучала для ветэранаў бібліятэчнай справы. А ведаючы магутную сілу музыкі, мы прапанавалі гасцям караоке песень з рэпертуараў Клаўдзіі Шульжэнка, Маі Крысталінскай, Вольгі Варанец, Людмілы Зыкінай, Льва Лешчанкі. Зычым вам шчасця, нашы старэйшыя настаўнікі! І ведайце — лепшая песня тая, якая яшчэ не спета!

В. ГІРВЕЛЬ, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.