Падзяліліся з калегамі вопытам

Образование

Як абудзіць у вучняў цікавасць да замежнай мовы і навучыць іх свабодна размаўляць на ёй? Адказы на гэтыя пытанні на працягу двух дзён, 21 і 22 кастрычніка, шукалі ў Паставах ­удзельнікі абласнога семінара “Тэхналагізацыя падыходаў у навучанні школьнікаў замежнай мове ва ўмовах выкарыстання айчынных вучэбна-метадычных комплексаў”.

У наш горад прыехалі 22 прадстаўнікі амаль з усіх раёнаў Віцебшчыны — куратары вучэбнага прадмета “Замежная мова” аддзелаў адукацыі, кіраўнікі метадычных фарміраванняў замежных моў і настаўнікі-прадметнікі. Адкрыла семі­нар, які пачаўся на базе СШ №1, метадыст агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Н. М. Клокава. Затым начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын прадставіў сістэму адукацыі Пастаўшчыны, а загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета гэтага аддзела Р. Я. Шубелька расказала пра склад настаўнікаў замежных моў у раёне, суадносіны іх выкладання ў школах (колькі дзяцей у нас вывучае анг­лійскую, колькі — французскую і нямецкую мовы) і як будуецца метадычная работа з гэтай катэгорыяй педагогаў.

Далей быў семінар-практыкум “Тэхналагізацыя вучэбнага працэсу на ўроках замежнай мовы”. Яго тэарэтычную частку раскрыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 Н. Ю. Ярынская, а практычным вопытам работы з прысутнымі падзялілася сааўтар айчыннага вучэбна-метадычнага комплексу па англійскай мове Э. В. Бушуева. На працягу амаль паўтары гадзіны яна расказвала, як з дапамогай комплексу навучыць школьнікаў размаўляць па-англійску, дала калегам шмат практычнага матэрыялу, адказала на іх пытанні. Усё сказанае вышэй прадэманстравала на практыцы панарама адкрытых урокаў, якія прайшлі ў розных класах па тэме семінара.

У гэты ж дзень пасля абеду яго ўдзельнікі пераехалі ў СШ №3, дзе настаўнікі прадставілі вопыт работы, як праз пазавучэбную дзейнасць павысіць матывацыю школьнікаў да вывучэння замежных моў. Так, настаўніца англійскай мовы СШ №3 Л. С. Пчалінцава падрабязна расказала пра тэатр па англійскай мове, які на працягу некалькіх гадоў працуе ў школе. А ён у сваю чаргу паказаў гасцям два прадстаўленні. Пра міжнароднае супрацоўніцтва як форму развіцця камунікатыўных навыкаў распавялі настаўніцы англійскай мовы СШ №1 І. В. Плешавеня і нямецкай мовы Варапаеўскай СШ Л. М. Андрэйчык (першая школа падтрым­лівае сувязь з ураджэнцам Пастаў, англічанінам Джэры Кубіцам, які часта прыязджае ў наш горад, а варапаеўскія школьнікі рэгулярна наведваюць нямецкі Герцагенаўрах па праграме міжшкольных абменаў).

Другі дзень работы семінара прайшоў на базе гімназіі. Тут былі прадстаўлены панарамы вопыту выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у навучанні англійскай мове (гэту тэму раскрыла В. У. Карнацэвіч з СШ №4) і праз даследчую дзейнасць (настаўніца англійскай мовы гімназіі С. А. Васюковіч). Завяршыў яго моўны практыкум “Павышэнне камунікатыўнай кампетэнцыі настаўніка замежнай мовы ў рамках метадычнай вучобы настаўнікаў англійскай мовы”, які правёў з прысутнымі настаўнік СШ №4 І. В. Бабчынскі.

Удзельнікі семінара далі высокую ацэнку яго падрыхтоўцы і правядзенню. За два дні ў Паставах яны не толькі атрымалі шмат карыснага вопыту і ведаў, але і бліжэй пазнаёміліся з нашым горадам, наведаўшы палац Тызенгаўзаў, Дом рамёстваў і іншыя  аб’екты.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.