Пастаўчанка прэзентавала ў Мінску сваю кнігу

Личности Общество

Таленавітая мастачка, педагог, трэнер аўтарскіх праграм Вольга Грыбава выступаць перад вялікай аўдыторыяй даўно прывыкла. У Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, на ўласных майстар-класах яна не адзін год чытае лекцыі пра колер, імідж, дзелавы стыль, этыкет… Але і ў прафесіяналаў бываюць моманты, калі хваляванне ўтойваць складана, ды і бессэнсоўна. Такой хвалюючай падзеяй для Вольгі стала прэзентацыя ўласнай кнігі. Яна адбылася напрыканцы верасня ў Мінску.

Кніга нашай зямлячкі называецца “Асновы каларыстыкі і кампазіцыі для візажыстаў”. Яна — вынік доўгай і карпатлівай працы над вельмі вузкай і спецыфічнай тэмай. У кнізе ў папулярнай форме разглядаюцца праблемы выкарыстання колеру і кампазіцыі ў рабоце візажыстаў, стылістаў і фатографаў. Акрамя тэорыі, распрацаваны заданні, якія дапамогуць прымяніць веды на практыцы — як у творчых праектах, так і ў паўсядзённым жыцці. Кніга разлічана не толькі на прафесіяналаў індустрыі моды і прыгажосці. Яна карысная кожнай жанчыне, якая імкнецца прыгожа выглядаць.

Вольгай Грыбавай пры падрыхтоўцы да лекцый напрацаваны вялікі і, самае галоўнае, унікальны матэрыял, які яна вырашыла абагульніць і сістэматызаваць у кнізе. Немалаважна, што побач аказаліся людзі, гатовыя дапамагчы ажыццявіць гэту, на першы погляд, амбіцыйную задуму. Пісаць раздзелы кнігі Вользе было нескладана: каларыстыкай яна жыве ўжо шмат гадоў. А вось над ілюстрацыйным матэрыялам працавала вялікая творчая каманда з Магілёва — прафесійны візажыст, фатограф, некалькі дзясяткаў мадэляў. У адной з фотасесій з-за непрадбачаных накладак давялося прыняць удзел і аўтару.

— Гэта была для мяне новая і зусім непрывычная роля. Фатографу давялося вельмі пастарацца, каб разняволіць мяне перад фотакамерай, — расказвала, усміхаючыся, Вольга. — Аднак вынікам засталіся задаволены. Усяго было задзейнічана каля 60 мадэляў. Зрабілі больш за тысячу здымкаў, з якіх адабралі толькі 80. Падчас падрыхтоўкі кнігі я адчувала вялікую адказнасць. Яе аналагаў няма ні ў Беларусі, ні ў краінах СНД. Перада мной стаяла задача максімальна лёгка, даступна выкласці складаныя акадэмічныя веды, якія атрымала падчас вучобы на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, у магістратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Натхнялі родныя, сябры, якія таксама чакалі гэтай кнігі. Я вельмі ўдзячна ўсім за падтрымку, якая была так неабходна.

Тыраж выдання склаў тысячу экзэмпляраў. Многія з іх адправіліся за межы Беларусі. Так, кніга ўжо дайшла да Нью-Ёрка, Берліна… Станоўчыя водгукі на яе прыйшлі з Міжнароднай школы іміджу ў Рызе. Шырокая геаграфія распаўсюджвання і ў Беларусі. Прычым цікавяцца ёй не толькі візажысты, але і прадстаўнікі іншых прафесій, напрыклад фларысты — законы колеру і кампазіцыі ўсюды аднолькавыя. У нашым райцэнтры пазнаёміцца з кнігай можна ў цырульні “Жемчужина”, уладальнікам якой з’яўляецца брат Вольгі Сяргей.  Дарэчы, у яе памяшканні таленавітая пастаўчанка плануе правесці напрыканцы лістапада свой чарговы трэнінг. Прыблізна ў гэты час будуць арганізаваны курсы па каларыстыцы ў Мінску.

Работа над кнігай патрабавала шмат сіл і эмоцый. Аднаўляць іх Вольга Грыбава будзе ў Арменіі. Нядаўна яна выйграла чарговы еўрапейскі грант, звязаны з педагогікай. Усяго адукацыйны праект збярэ на тыдзень прадстаўнікоў з 20 краін свету. Вольга выступіць на ім у якасці дакладчыка.

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.