Працуе стабільна


Вадзіцелі сын і бацька Сяргей і Дзяніс Антаневічы (крайнія злева і справа), Дзмітрый Януш.

На працягу апошніх дзесяці гадоў выкананне параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця філіяла “Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне №33”, якія даводзяцца рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам аўтамабільных дарог “Віцебскаўтадар”, адбываецца пры адначасовай аптымізацыі штатаў. Кіраўніцтва арганізацыі ўзважана і прадумана ставіцца да гэтага пытання. Таму за названы перыяд колькасць працуючых у філіяле скарацілася менш чым на 10 чалавек.

— Цяпер у нас 64 рабочыя, інжынерна-тэхнічныя работнікі і служачыя, што з’яўляецца аптымальным варыянтам для  арганізацыі і выканання работ па ўтрыманні ў добрым стане дарог і штучных збудаванняў, правядзенні іх бягучага рамонту, — адзначыў галоўны інжынер філіяла А. П. Крукоўскі. —  Аб’ём работ даводзіцца выконваць вялікі, бо на абслугоўванні ўпраўлення знаходзіцца 211,8 кіламетра аўтама­більных дарог рэспубліканскага значэння, тры з якіх на тэрыторыі нашага і Браслаўскага раёнаў вядуць да граніцы з Літоўскай Рэспублікай. Для забеспячэння бяспекі дарожнага руху для вадзіцеляў і пешаходаў важна і тое, у якім стане масты, прыпынкі аўтобусаў і аўтапавільёны, пляцоўкі для адпачынку і стаянкі транспарту, дарожныя знакі, сігнальныя слупкі, бар’ерныя агароджы, іншыя элементы абуладкавання. Словам, на працягу года даводзіцца выконваць каля 20 відаў розных дарожных работ.

Галоўныя дзве — утрыманне і бягучы рамонт дарожнай сеткі, на што за дзевяць месяцаў зрасходавана адпаведна амаль 8 мільярдаў і 8,4 мільярда  рублёў. У параў­нанні з адпаведным перыядам мінулага года выкананы большы аб’ём  работ.  Пры гэтым фінансаванне засталося на леташнім узроўні. Каб забяспечыць рост, вымушаны былі заключаць прамыя  і дагаворы субпадраду на выкананне дарожных работ у іншых гарадах і раёнах. Напрыклад, наш філіял адзіны ў сістэме “Віцебскаўтадара” прымяняе тэхналогію герметызацыі трэшчын бітумнай масцікай. Дзякуючы гэтаму быў выйграны тэндар, і пастаўскія дарожнікі больш за месяц працавалі ў цэнтры Віцебска на ўмацаванні асфальтавага пакрыцця. Толькі тут  рабочыя Яўгеній Дзядоў, Руслан Казаровец, Андрэй Карманаў і вадзіцель Віктар Ягела пад кіраўніцтвам начальніка лінейнай дарожнай дыстанцыі выканалі работ на 240  мільёнаў рублёў. А ўсяго дарожнікі ўпершыню зарабілі дадаткова больш чым 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў.

Ва ўмовах рынку, калі ёсць канкурэнцыя, гэта з’яўляецца сапраўдным дасягненнем, прызнаннем майстэрства і прафесіяналізму тых, хто падаўжае жыццё дарог, выкарыстоўвае ўласныя тэхналогіі і матэрыялы. З ліку такіх вадзіцель, ветэран працы Мечыслаў Васілеўскі. З 2004 года ён  забяспечвае работу спецыяльнай машыны па  ямачным рамонце дарог бітумнай эмульсіяй. Дарэчы, на базе аўтамабіля яна была створана сваімі рацыяналізатарамі і працягвае служыць па сённяшні дзень. Высокую якасць работ на дарогах забяспечвае машыніст аўтагрэйдара Алег Шылей. Прыкладам працоўнага даўгалецця служаць вадзіцель Браніслаў Вярцінскі, машыніст пагрузчыка Віталій Гінько, дыспетчар Тадэвуш Пяткевіч, галоўны бухгалтар Людміла Шаламіцкая і іншыя.

У філіяле знайшлі магчымасць, каб да прафесійнага свята адзначыць прэміямі практычна  кожнага дарожніка. А начальнік планава-вытворчага аддзела Аляксандр Курыловіч, вадзіцелі Валянцін Гладзенькі, Сяргей Антаневіч, Андрэй Паўленка, рабочы Руслан Казаровец, начальнік дыстанцыі Сяргей Буйко, механік участка Віктар Ляшчынскі ўзнагароджаны  Ганаровымі граматамі і Падзякамі кіраўніцтва “Віцебскаўтадара” і ДЭУ-33.

Запомнілася, як галоўны інжынер А. П. Крукоўскі называў прозвішчы і хваліў многіх работнікаў. Не кожнаму, напрыклад, падабаецца працаваць у любы час сутак і святочныя дні. А так бывае пры галалёдзіцы на дарогах, завеі, моцным снезе. Такім часам дарожнікі заўсёды на пасту.

Вось і цяпер практычна завершана падрыхтоўка тэхнікі да работы ў зімовых умовах. Нарыхтавана амаль 5000 тон пясчана-салянай  і 120 тон халоднай асфальта-бетоннай сумесі для падсыпкі і ямачнага рамонту дарог. Створаны запасы паліўна-змазачных матэрыялаў. Усе рабочыя забяспечаны новай спецвопраткай. Неўзабаве на дарогах можна будзе ўбачыць і два новыя 20-тонныя МАЗы, ключы ад якіх у якасці святочных падарункаў атрымаюць лепшыя вадзіцелі. У маі машынна-трактарны парк папоўніла “Газель” для дастаўкі людзей на рабочыя месцы.

Словам, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, якія ёсць, філіял “ДЭУ-33” працуе стабільна, спаўна выконвае пастаўленыя перад ім задачы. Таму і трымаюцца ў калектыве людзі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.