Прагаласавалі дружна


У спісе тых, хто па стане здароўя, узросце ці па іншых прычынах не змог асабіста прыбыць у Юнькі  на ўчастак для галасавання, аказалася ўсяго 20 чалавек. У іх ліку ветэраны працы Ганна Усцінаўна Козіч, Рэгіна Казіміраўна Пецюлевіч, Іволій Ерамеевіч і Анастасія Пятроўна Трусавы, іншыя вяскоўцы, якія ў свой час шчыравалі ў механічных майстэрнях, у полі і на фермах, здабывалі славу свайму калгасу. Цяпер у іх нестае сіл, здароўя, але старэйшыя выбаршчыкі сельсавета лічаць, што, прагаласаваўшы за кіраўніка краіны, яны тым самым галасуюць за далейшы росквіт Беларусі,  павышэнне дабрабыту кожнага чалавека і кожнай сям’і.

Жыхары аграгарадка і іншых населеных пунктаў былі актыўнымі як у дні датэрміновага галасавання, так і 11 кастрычніка. А першым на Юнькаўскім участку №29, які размяшчаўся ў  зале сельвыканкама, віталі ветэрана працы з вёскі Міхнічы Віктара Радзівона­віча Ластоўскага. Многія ішлі галасаваць  сем’ямі, і ва ўсіх быў добры настрой. Святочнасці спрыялі спакойная атмасфера на ўчастку, добразычлівасць членаў камісіі.

— Хто і як галасуе — асабістая справа кожнага выбаршчыка, — падкрэсліў  старшыня ўчастковай камісіі Аляксей Філімонаў. —  Але па ўсім бачна, што большасць працаўнікоў сельскай гаспадаркі, работнікаў іншых галін прыходзілі на ўчастак, зрабіўшы свой выбар загадзя.

У мясцовым Доме культуры для выбаршчыкаў адбыўся канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.