Праверылі фінансавыя веды

Образование

21 кастрычніка ў пастаўскай СШ №2 прайшоў першы (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай пісьменнасці, які сабраў 30 навучэнцаў 10—11 класаў з усіх гарадскіх школ, гімназіі, Варапаеўскай і Гуцкай СШ.

Такая алімпіяда праводзіцца ў Беларусі ў другі раз (упершыню прайшла летась) і з’яўляецца адным з пунктаў плана мерапрыемстваў па супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным банкам краіны. Яе мэта — расшырыць фінансавыя веды школьнікаў і арыентаваць іх у выбары будучай прафесіі.

Даць старт спаборніцтву ў другую школу прыйшлі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т. У. Русалоўская і намеснік дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг №230 ААТ “ААБ Беларусбанк” В. А. Гутар. Валерый Аркадзьевіч, якому далі слова, расказаў школьні­кам, што мінулагодняя алімпіяда дапамагла прафесійна вызначыцца яе пераможцы Крысціне Дробыш з гімназіі. Дзяўчына доўга не магла вырашыць, кім стаць. А пасля паспяховага ўдзелу ў спаборніцтве паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на спецыяльнасць “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”. Цяпер яна будучы эканаміст і праграміст.

— Але якую б спецыяльнасць ні выбралі, вам заўсёды будуць неабходны веды ў эканоміцы. Калі вы фінансава падкаваныя, можаце годна выйсці з любой сітуацыі, — запэўніў В. А. Гутар.

Пасля пажаданняў удачы і перамогі навучэнцаў размеркавалі па дзвюх аўдыторыях, па 15 чалавек у кожную, раздалі распячатаныя тут жа бланкі з тэставымі заданнямі і бланкі з варыянтамі адказаў, сярод якіх трэба было выбраць правільныя. З 29 заданняў два апошнія значыліся як неабавязковыя для выканання. Але ў выпадку аднолькавай колькасці набраных балаў адказы на іх маглі стаць рашаючымі пры вызначэнні пераможцы. На выкананне тэстаў школьнікам адводзілася 50 хвілін.

Пытанні ў тэстах датычылі эканамічнай тэматыкі ў цэлым і дзейнасці банкаўскай сістэмы ў прыватнасці: розных відаў укладаў, аблігацый, працэнтных ставак і г.д. Былі сярод іх і даволі складаныя, якія прымусілі б задумацца нават спецыялістаў. Для падрыхтоўкі навучэнцаў за некалькі тыдняў да алімпіяды Беларусбанк адправіў у сярэднія школы раёна прыкладныя заданні. Акрамя таго, яго прадстаўнікі рэгулярна наведваюць навучальныя ўстановы Пастаўшчыны і падчас сустрэч з дзецьмі і выкладчыкамі расказваюць пра банкаўскія прадукты. Немалую работу правялі і настаўнікі грамадазнаўства, якія займаліся са старшакласнікамі на спецыяльных факультатыўных занятках, накіроўвалі іх на адпаведныя інтэрнэт-сайты для самастойнага набыцця ведаў па пытаннях фінансавай пісьменнасці.

У выніку самымі “падкаванымі” аказаліся 11-класніцы чацвёртай і першай гарадскіх школ Лізавета Пушкар і Яўгенія Лук’яненка, якія занялі адпаведна першае і другое месцы. На трэцім навучэнец 11 класа Варапаеўскай СШ Сяргей Хацяновіч. Усім пераможцам В. А. Гутар уручыў дыпломы за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Л. П. Івановай, тарты і сувенірную прадукцыю Беларусбанка. 26 лістапада яны прымуць удзел у абласным этапе алімпіяды.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.