Прыцягвала пастаўская пляцоўка

Сельское хозяйство

У ліку амаль ста аб’ектаў Талачына, якія былі значна абноўлены ў перыяд падрыхтоўкі да абласных “Дажынак”, асабліва прыгожым, добраўпарадкаваным і абсталяваным атрымаўся гарадскі сквер. Уразіла Алея герояў, на якой змешчаны партрэты 10 Герояў Савецкага Саюза і 12 Герояў Сацыялістычнай Працы, Герояў Беларусі і Ра­сійскай Федэрацыі. Усе яны з’яўляюцца ўраджэнцамі Талачыншчыны, большасць працавала на роднай зямлі. Ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам старшыні аблвыканкама М. М. Шарснёва, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі і іншых  афіцыйных асоб прайшло адкрыццё фантана “Каханачка”. Сквер упрыгожыла таксама Алея маладажонаў, на якой прыцягваюць увагу металічная арка ў выглядзе двух сэрцаў, дэкаратыўны мосцік кахання, альтанка ў форме карэты. Крыху воддаль — сучасная дзіцячая пляцоўка.

У такім адметным для талачынцаў месцы аднымі з першых на абласных “Дажынках” пачалі працаваць тэматычныя пляцоўкі брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебшчыны. “У мястэчку над Дзвіной”, “Малочныя рэкі”, “Гарадоцкі парнас”, “Глыбоцкі вішнёвы дворык”, “Траўніца”, “Мядовая скарбонка Полаччыны”, “Яблычны водар” — пад гэтымі і іншымі назвамі, якія падкрэслівалі сваю гістарычную адметнасць, прыродную прыцягальнасць, захапленні людзей, на пляцоўцы былі прадстаўлены ўсе раёны.

На пастаўскім падвор’і “гудзеў” кірмаш, на якім было “ўсё, што трэба для душы”. Гасцінна запрашалі пачаставацца хатнімі стравамі і прысмакамі, навучыцца гатаваць розныя варэнні і саленні ўдзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя” і клуба “Сельчанка” Парыжскага СДК Віялета Лешчык, Яраслаў Зямчонак, Вікторыя Цяляк, Святлана Памазкова, Марына Пусько, Галіна Іваноўская.

У наведвальнікаў разбягаліся вочы, калі яны глядзелі на вырабы прафесіяналаў Таццяны Петух і Вольгі Гукавай з Дома рамёстваў “Стары млын”. Зачароўваў майстар-клас ткачыхі Алены Крывенькай.  Прываблівала пляцоўка Курапольскага і Андронаўскага клубаў, на якой  разыгрываўся мёд розных гатункаў. Культработніца Валянціна Міхалевіч і яе памочнікі праводзілі гульні,  віктарыны, іншыя забавы.

Шмат гледачоў сабралі Галіна Бразюль, Эма, Віка і Марыя Паўлавы з тэатра  песні “Вясковы экстрым” Камайскага СДК. Многія спыняліся, каб «паваражыць» або проста патанцаваць з “цыганамі” , у якіх пераўвасобіліся Тамара Маслоў­ская, Ганна Вырвіч і Аляксандр Пачкоўскі з Гуты. Вясёлымі, знаходлівымі, здатнымі на гумар, танцы і песні паказалі сябе скамарохі Юлія Канаш і Лізавета Паташова, а таксама Дзяніс Круглоў.

Цесна было на падвор’і, калі сюды завіталі ўдзельніцы ансамбля барабаншчыц Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза. Малады, таленавіты і прыгожы калектыў пад кіраўніцтвам Наталлі Сіўко  прайшоў у зводным маршы-парадзе духавых аркестраў і барабаншчыц вобласці, а пазней узначаліў шэсце афіцыйнай дэлегацыі нашага раёна па галоўнай вуліцы Талачына.

Тэматычная пляцоўка пастаўчан вызначалася і сваім арыгінальным афармленнем. А галоўным было тое, што на працягу дня тут віравала жыццё.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.