“Пятніца і Субота — мае дактары”


Яўген Пятровіч Счасны з пустым вядром у руках сустрэў на панадворку. “Карміў парасят. Пагля­дзіце, якія ладныя”, — прапанаваў. — У маі купляў”.  У хляве рохкалі свінні кілаграмаў пад 100 кожная. А яшчэ чалавек трымае дзвюх дойных кароў па мянушках Пятніца і Субота, цялушку Суботку і быка Малога.

Каровам мянушкі даваў у залежнасці ад дня, у які яны з’явіліся на свет, — расказваў, — а быкі з пакалення ў пакаленне ў мяне Малымі завуцца. Гадоў маю багата — ад ліпеня 80-ы пайшоў. А румянец на шчоках — ад малака. Пакаштуйце, які смачны ёгурт раблю. З трохлітровага слоіка малака здымаю 750 грамаў смятаны, дабаўляю 2 сталовыя лыжкі цукру, і такая смаката атрымліваецца!

Жывёлу Яўген Пятровіч любіць з дзяцінства, хоць часам і надакучала пасвіць вясковых кароў, адбываць не толькі сваю чаргу, але і за дзядзьку, а то і за суседа. У свой час, калі зарплаты былі зусім малымі, толькі за кошт гаспадаркі і жылі, дзяцей на ногі падымалі. А цяпер ужо і не ўяўляе свайго жыцця без гэтых клопатаў. Ды і капейка лішняй не бывае. Старыя вокны мяняе на пластыкавыя, унукам, калі прыязджаюць, не шкадуе на дарогу даць. Малаком дзеліцца яшчэ з васьмю 80-90-гадовымі бабулямі. І маладыя таксама купляюць.

— Пакуль ёсць сілы, трэба працаваць, — сцвярджаў. — Цяпер жа такія ўмовы для таго, каб трымаць гаспадарку! Гэта даўней дамы будаваў людзям за тое, што яны мне свой сенакос аддавалі. Касіць ездзіў за колькі кіламетраў ад Варапаева. А цяпер раздолле! Паша электрапастухом абнесена, для сенакашэння ўчасткаў хапае. Маладыя, праўда, лянуюцца каровамі займацца. А мне за радасць.

Я. П. Счасны нарадзіўся ў Норыцы. Да службы ў арміі паспеў закончыць курсы трактарыстаў пры МТС, некаторы час працаваў на мясцовым спіртзаводзе. Тэрміновую армейскую службу праходзіў у Германіі. Дэмабілізаваўшыся,  адправіўся па вярбоўцы на Курыльскія астравы.

— Ехаў на паўгода, а затрымаўся на тры гады, — успамінаў. — Быў брыгадзірам на будаўніцтве, меў у падпарадкаванні 12 чалавек. Узводзілі дамы, гасцініцы. Праз тры гады атрымаў 105 дзён водпуску і прыляцеў дадому. За гэты час ажаніўся і паехаў ужо з жонкай.

Яго Алена родам з Гліншчыны. Працавала даяркай. На Курыльскіх астравах уладкавалася ў пякарню. Маладой сям’і выдзелілі пакой у інтэрнаце. Работа падабалася, атрымлівалі высокія зарплаты. Нарадзіўся сынок. Ды яму не пайшоў той клімат. Маці з немаўляткам тэрмінова вылецелі на радзіму. Вымушаны быў паехаць за імі і Яўген Пятровіч.

— Вырашылі абуладкоўвацца ў Варапаеве, — расказваў. — Грошай мелі дастаткова. Купілі дом, аўтамабіль. На Курылах па 900 рублёў у месяц зарабляў. А пайшоў на дрэваапрацоўчы камбінат — усяго 69. Цяжка было прывыкаць. Ды здароўе сына для нас было найважнейшым. Тады і гаспадаркай абзавяліся. Вольным часам дапамагаў людзям будавацца, умеў і сцены скласці, і дах накрыць. Сям’я павялічылася — нарадзіўся другі сын. Рук сваіх мы з жонкай не шкадавалі, таму і не гаравалі. Толькі гады хутка праляцелі, і беды наваліліся: дачасна абарвалася жыццё жонкі, два гады таму памёр старэйшы сын.

Удаўцом Яўген Пятровіч пажыў два гады. Суседзі «прарочылі», што гора ён будзе тапіць у гарэлцы. А яго ратавала праца. Праўда, зімовымі вечарамі сумаваў. Непадалёк па вуліцы нясоладка жылося пры сыне з нявесткай Яніне Казіміраўне Праліч. Так дзесяць гадоў таму і сышліся два адзіноцтвы.

— Я маладзейшая на дзесяць гадоў, — гаварыла Яніна Казіміраўна, — а зда­роўе нядаўна падвяло — перанесла інсульт. Цяпер ужо не памочніца. Толькі каля пліты магу пастаяць. Гаспадар жа рухавы. У дадатак да сваёй гаспадаркі купілі ў складчыну на трох суседаў каня. Упраўляецца ўсюды.

— Я за свае 80 медыкам не надакучаў, — ганарыцца здароўем Яўген Пятровіч. — Яны мне толькі апендыцыт выразалі і зубы новыя зрабілі. Да мяне хваробы не могуць падступіцца, бо я пастаянна заняты. Пятніца і Субота — мае дактары.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.