Самыя трапныя — вучні СШ №1

Общество

У пачатку кастрычніка прадстаўнікі ўсіх гарадскіх школ і гімназіі сабра­ліся ў былой сядзібе Зюзі Паазерскага, якая знаходзіцца ва ўрочышчы Азёркі, каб прыняць удзел у турніры па гульні ў лазертаг сярод пярвічных арганізацый ГА «БРСМ».

Лазертаг — гэта электронны аналаг пейнт­бола, толькі ў ім замест шарыкаў з фарбай выкарыстоўваецца інфрачырвоны прамень для паражэння датчыка на галаве саперніка і ўнутры кантрольнай кропкі. Удзел у спартыўна-тактычнай гульні, якая імітуе ваенныя дзеянні, прынялі шэсць каманд. Спаборніцтвы праводзіліся па кругавой сістэме. Па сцэнарыі, кожная каманда, у склад якой уваходзілі дзве дзяўчыны і чатыры юнакі, павінна была захапіць кантрольную кропку.

— Правілы гульні простыя. Дзве каманды размяшчаюцца на сваіх базах, якія знаходзяцца на роўнааддаленай адлегласці ад кантрольнай кропкі. Задача кожнага іграка — захапіць кантрольную кропку. Для гэтага неабходна папасці з аўтамата ў датчык, які знаходзіцца ўнутры кантрольнай кропкі. Як толькі гэта адбудзецца, яна загарыцца колерам каманды (чырвоным або сінім), — расказала аб правілах гульні другі сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Вераніка Казлоўская.

Усяго гульня доўжыцца шэсць хвілін. Увесь гэты час кожная з каманд спрабуе захапіць кантрольную кропку. Пераможцай становіцца тая, якая здолее пратрымаць кантрольную кропку найбольш працяглы час (менавіта яе колерам яна і пачне міргаць у канцы гульні). Таксама падчас гульні кожны з удзельнікаў мае магчымасць аднавіць свае «жыцці» і бое­прыпасы ў сябе на базе пры дапамозе «аптэчкі».

Сярод асноўных мэт і задач турніру — фарміраванне здаровага ладу жыцця, прыцягненне падлеткаў да рэгулярных заняткаў фізкультурай і спортам, папулярызацыя лазертага сярод саюзнай моладзі. Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі Пастаўскі раённы камітэт ГА «БРСМ» і клуб-лазертаг «Грыфон».

Па выніках усіх гульняў пераможцай спаборніцтваў стала каманда з СШ №1, на другім месцы старшакласнікі сярэдняй школы №2, на трэцім — навучэнцы СШ №4. Усе ўдзельнікі турніру атрымалі па­дзякі. Каманды, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджаны граматамі, а пераможцы заахвочаны вялікім тортам.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота прадаставіла

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.