Швейцарыя, якая побач


Многія замежныя турысты, каб адпачыць у Нацыянальным парку “Браслаўскія азёры”, пераадольваюць сотні, а то і тысячы кіламетраў. Прычын прыехаць у суседні з Пастаўшчынай раён шмат:  убачыць шматлікія гістарычныя і архітэктурныя славутасці, “акунуцца” ў некранутую прыгажосць прыроды, парыбачыць ці папаляваць…

А ці даўно там былі вы? Гэта пытанне я часам задаю знаёмым, якія скардзяцца на недахоп новых уражанняў і станоўчых эмоцый, адсутнасць сродкаў або часу на цікавы, пазнавальны адпачынак. І калі раю арганізаваць туды падарожжа (хаця б на адзін дзень), ведаю, што раўнадушных ад яго не застанецца…

Не азёрамі адзінымі

За апошнія два месяцы на Браслаўшчыне мне пашчаслівіла пабываць двойчы. Адну з паездак — у апошнюю суботу лета — арганізавалі рэдакцыйным калектывам. У плане было не толькі наведванне турыстычных аб’ектаў, але і сустрэча з калегамі-журналістамі з раённай газеты “Браслаўская звязда”. Дзень абяцаў быць насычаным!

Першыя ўражанні чакалі яшчэ па дарозе да суседняга райцэнтра — у аграгарадку Відзы. Тут узвышаецца велічны касцёл Нараджэння Дзевы Марыі, які, дарэчы, з’яўляецца адным з самых высокіх у Беларусі (59 метраў). Вышэй за яго (усяго на 2 метры) толькі касцёл у Гервятах, што ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці.

Касцёл у Відзах, пабудаваны ў 1909 годзе, моцна пацярпеў у гады Першай і Другой сусветных войнаў. А ў пасляваенны час наогул выкарыстоўваўся ў якасці склада для льну і нават як спартыўная зала мясцовага прафтэхвучылішча. Вернікам духоўную святыню вярнулі ў 90-ыя. Уражвае не толькі яе ўнутранае ўбранства, але і добраўпарадкаваная прылеглая тэрыторыя. Звяртаюць на сябе ўвагу фігуры святых, кветкі, ёсць нават батлейка і арэлі! Няспешна гуляць тут можна, здаецца, гадзінамі. Але ў другі раз — наперадзе яшчэ столькі славутасцей!

Яшчэ адзін касцёл — Святога Яна Хрысціцеля — бачым у аграгарадку Опса. Адразу за храмам, у нізіне, маляўнічае возера, на якім ужо з самай раніцы “палююць” рыбакі. На адным з берагоў знаходзіцца сядзіба Плятэраў — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Як туды не заехаць?

Мінаем алею векавых дрэў, якія, схіліўшы свае галіны, ствараюць маляўнічую арку. Сядзіба аказалася абнесена плотам. Некалі тут пачыналіся рэстаўрацыйныя работы — планавалася перапрафіляваць закінуты, паўразбураны аб’ект пад гасцінічна-рэстаранны комплекс. З-за фінансавых цяжкасцей пакуль не атрымалася. Ад былой раскошы засталося нямногае — рэшткі моста, спуска да вады, парк… Дарэчы, непадалёк сядзібы расце самы стары дуб Браслаўшчыны. Яго “ўзрост” — больш за 200 гадоў, а вышыня — каля  20 метраў.

А вось і сам Браслаў. З правага боку серабрыцца адно з самых вялікіх у Беларусі возера Дрывяты, з левага звяртаюць на сябе ўвагу арыгінальная металічная арка, пад якой, аказваецца, праходзіць дарога здзяйснення жаданняў, помнік Залатой рыбцы… Гэтыя і іншыя аб’екты ўсталяваны сёлета да 950-годдзя Браслава. На святкаванне гэтай падзеі ў райцэнтр прыехалі тысячы гасцей. Шмат іх штогод збіраюць музычны фестываль “Віва Браслаў”, рыцарскі турнір “Меч Брачыслава”, свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”…

Наш гід — карэспандэнтка мясцовай раённай газеты Алена Набеева — пачынае экскурсію з галоўнай гісторыка-культурнай славутасці Браслава — Замкавай гары. Дзесяць стагоддзяў назад тут размяшчалася магутная крэпасць (побач з ёй і пачаў расці Браслаў), а ў сярэднявеччы — драўляны замак. Месца авеяна шматлікімі легендамі — пра падземныя хады, закапаныя клады з залатымі рыцарскімі даспехамі… Рэштак збудаванняў не засталося.

Гара знаходзіцца на перашыйку паміж двума азёрамі, з яе вяршыні адкрываюцца незабыўныя віды на горад. Вось унізе схілу касцёл Нараджэння Дзевы Марыі. Тут знаходзіцца вядомы католікам цудадзейны абраз Маці Божай Браслаўскай, які ў 2009 годзе ён быў каранаваны — дарэчы, першым у Віцебскай вобласці. Фэст у яе гонар збірае ў жніўні тысячы вернікаў з усёй Беларусі.

На Замкавай гары знаходзіцца помнік Станіславу Нарбуту — таленавітаму ўрачу, грамадскаму дзеячу, які зрабіў шмат для яго развіцця. У Браславе ён аказаўся выпадкова. Нягледзячы на тое, што меў выдатную еўрапейскую адукацыю і шмат перспектыў, застаўся тут на ўсё жыццё — настолькі захапіла яго паэтычныую душу мястэчка.

Чым гэтыя мясціны зачароўваюць і іншых гацей Браслава, разумееш тады, калі падымаешся на гару Маяк, што кіламетраў за 20 ад райцэнтра. Гэта самая вядомая аглядавая кропка Браслаўскіх азёраў. Пераадольваеш дзясяткі прыступак — і не верыш, што ты ў Беларусі. Вакол — узгоркі (“спадчына” ад ледніка), азёры. Нездарма гэтыя мясціны параўноўваюць са Швейцарыяй.

Усяго Нацыянальны парк уключае ў сябе больш за трыста азёраў (ёсць настолькі чыстыя, што з іх можна смела піць ваду!).

Прыблізна столькі ж на тэрыторыі раёна акраэкасядзіб. Наколькі яны папулярныя сярод беларускіх і замежных турыстаў? Што іх тут найбольш прываблівае? Адказы на гэтыя  і іншыя пытанні даў наступны візіт у гэтыя мясціны.

“Асенняя  палітра Браслаўшчыны”

Пад такой назвай 3-4 кастрычніка каля вёскі Вусце адбыўся фотапленэр. Яго арганізатар —  нераўнадушны да гісторыі і вясковых традыцый гаспадар аграсядзіб “У Барысавіча” і «УстьеLife» Юрый Жарко.

У творчым мерапрыемстве ўдзельнічалі вядомыя фотамастакі Беларусі, прадстаўнікі турыстычнага бізнесу Беларусі, а таксама выконваючы абавязкі дырэктара Нацыянальнага камітэта па турызме Рэспублікі Беларусь Рыгор Памяранцаў. Пашчасціла быць у гэтай кампаніі і мне.

Ціхая асенняя раніца на тэрыторыі каларытнай сядзібы асабліва лірычная. У маладым садзе даспяваюць яблыкі, сцежкі ўжо прысыпаны лісцем, тонкі водар якіх улоўліваецца ў прахалодным паветры. Паціху збіраюцца ўдзельнікі, абсалютная большасць якіх — мінчане. У сядзібу яны прыехалі напярэдадні вечарам. Кожны спяшаецца падзяліцца сваімі эмоцыямі. “Якія пейзажы!”, “Якое свежае паветра!”, “Якія гасцінныя гаспадары!” — гучаць кампліменты.

Надвор’е — як на заказ: сонца, блакітнае неба, белыя аблокі. Юрый адвозіць на месца правядзення пленэру. Гэта Русцягоўскія і Дамбулеўскія ўзгоркі, з якіх адкрываюцца непаўторныя віды на навакольныя азёры (іх тут пяць). Скрозь блакітнае люстэрка праглядваецца бялюткі касцёл Сэрца Езуса ў аграгарадку Слабодка. Вось яна — асенняя ідылія!

У такой душэўнай атмасферы Юрый сабраў фатографаў нездарма.

—              Мой бацька Уладзімір Барысавіч працаваў прафесійным фотакарэспандэнтам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, зрабіў тысячы фотаздымкаў у розных кутках Беларусі. — расказваў Ю. Жарко, адкрываючы мерапрыемства. — Многія свае камандзіроўкі па Беларусі ён аб’ездзіў з вядомым беларускім пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам. Вандраваў з бацькам і я і вельмі палюбіў гэту зямлю, асабліва Браслаўшчыну. Хачу, каб яе адкрылі для сябе і іншыя. Зробленыя сёння фjтаздымкі ўвойдуць у экспазіцыю вялікай фотавыставы, якую наступнай восенню арганізуем у Мінску. Упэўнены, што кожны, хто яе наведае, захоча сюды прыехаць і ўбачыць гэту прыгажосць ужывую.

Усе раздзяліліся на групкі. І пачалося “паляванне” на ўдалыя кадры… У аб’ектыў найперш трапіла прырода, якую восень толькі ледзьве-ледзьве пафарбавала ў жоўта-чырвоны колер. Было арганізавана катанне на лодках, квадрацыклах.

 

Удзельнікі з задавальненнем дзяліліся ўражаннямі ад убачанага.

—              Мы ўбачылі Беларусь такой, якую многія не ведаюць, — унікальную, некранутую, па-вясковаму душэўную і надзвычай гасцінную, — гаварыў Рыгор Памяранцаў. — У такіх месцах эмоцыі “зашкальваюць”, захапленне атрымліваеш літаральна ад усяго. Наогул, прыгажосці вакол многа, трэба толькі ўмець бачыць яе. Вось учора праязджаў праз Пастаўшчыну. Гэта зямля, на якой хочацца спыніцца, якую хочацца спазнаць, што абавязкова некалі і зраблю. Уся Заходняя Беларусь “дыхае” па-іншаму, мае шэраг сваіх адметнасцей. У наш час маштабнай урбанізацыі, падмены каштоўнасцей, для развіцця рэгіёна гэта вялікі плюс. Грамадства ўсё больш усведамляе, што трэба вяртацца да каранёў, традыцый. Таму “зялёны” адпачынак быў і застаецца вельмі перспектыўным кірункам турызму.

Кіраўнік Нацыянальнага камітэта па турызме Рэспублікі Беларусь лічыць, што аснова поспеху ў аграэкатурызме заключаецца не столькі ў падтрымцы дзяржавы (хаця і яна неабходная), а ў асобе гаспадара сядзібы, яго прадпрымальнасці, ініцыятыўнасці, апантанасці. І прывёў у прыклад Юрыя Жарко, які за ўласныя сродкі ўжо тры гады запар арганізуе фестываль “Усцянскія музыкальныя вечары”, іншыя творчыя мерапрыемствы, якія збіраюць шмат гасцей. Гэта не застаецца без увагі. Сёлета Юрый стаў дыпламантам XIII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» — сядзіба «У Барысавіча» стала другой у намінацыі «За развіццё ўнутранага турызму».

Фатографаў у гэтай сядзібе чакаюць і вясной — гаспадар плануе правядзенне яшчэ аднаго пленэру. Згоду на ўдзел у ім даў класік беларускай фатаграфіі Юрый Іваноў.

—              Таксама мару арганізаваць своеасаблівую экскурсію ў мінулае, паказаць, якім было жыццё ў гэтых мясцінах пяць-шэсць стагоддзяў назад, — дзяліўся планамі Юрый Жарко. — Наогул, задум шмат. Лічу перспектыўнай ідэю аб’ядноўвацца з калегамі, у тым ліку і з суседніх раёнаў. Напрыклад, калі да мяне прыехалі турысты, дык чаму не паказаць ім ваш Пастаўскі раён, так багаты і на помнікі архітэктуры, і на цікавых, таленавітых людзей. З уладальнікам кавальскай сядзібы ў Трабуцішках Юрыем Фурсам у нас былі ўжо распрацаваны канкрэтныя праграмы, але крызісныя з’явы, на жаль, пакуль не дазволілі ўвасобіць іх у жыццё. Спадзяюся, што такая сумесная праца яшчэ наперадзе.

…Вяртаючыся дадому, яшчэ раз звярнула ўвагу на славутасці нашага раёна, горада, паспрабавала паглядзець на іх вокам турыста, які ў гэтых мясцінах упершыню. Нам ёсць чым ганарыцца, і што шанаваць. І міжволі ўспомніўся выраз з кнігі Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымi крыламi”, які ўзгадаў на пленэры Юрый Жарко: “Любiце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца, iншай вам не дадзена, ды і не патрэбна…”

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара, Альфрэда МІКУСА, Віталія РАКОВІЧА і з архіва Юрыя ЖАРКО.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.