Спрытна трапілі… у “сетку”


Той дзень напрыканцы ліпеня для двух жыхароў Шаркаўшчынскага раёна складваўся быццам бы  ўдала. У кожнага былі свае турботы, але і планы будавалі. Старэйшаму ўжо больш за пяцьдзясят, маладзейшаму — амаль сорак. Мелі свае сем’і, працавалі, у многім іх аб’ядноўвалі агульныя інтарэсы, нярэдка дапамагалі адзін другому.

— Дзень нараджэння сына трэба спраўляць, хацелася б, каб на стале была і рыба, — падзяліўся адзін.

— Рака зарасла, многа не наловіш, — заўважыў другі.

Вырашылі разжыцца рыбай у рыбгасе “Навінкі”. Але не купляючы…

Увечары пачалі збірацца. Загрузілі ў машыну сеткі, мяхі, скрынкі, узялі гумовыя штаны да барады, што заброднікамі называюць, і па начы паехалі. Машыну пакінулі ў недалёкай ад сажалак вёсцы, за пустым домам. Не паленаваліся і дарогу падмесці, каб па слядах раней часу “не вылічылі”, і за якую гадзіну-другую ўдалося ажыццявіць задуманае. Ускінулі за плечы пакуль што пустыя мяхі і рушылі на вадаём.

Краліся асцярожна, як тыя разведчыкі, да ўсяго рыхтаваліся. Але ўсё было спакойна. Некаторы час яшчэ прыглядаліся, а потым узяліся за справу: старэйшы на беразе прытрымліваў сетку, каб не зблыталася, расцягваючыся, пакуль маладзейшы ў сваіх забродніках ціхенька боўтаўся ў сажалцы і спрытна яе ставіў. Працэс ішоў паспяхова, за паўгадзіны справіліся. Заляглі на ўскраўку недалёкага лесу. Нідзе нікога не відалася і не чувалася — быццам гэта звычайная рыбалка з начлегам. Але ж не — як ні круці, а атрымліваецца сапраўдная баявая аперацыя “Жывы карп”. Гадзіны праз дзве пайшлі на сажалку “ў атаку”. Рыбы ў сетках было многа. Выцягнулі, згрузілі ў мяшкі, пацягнулі здабычу да дарогі.

Трэба было абдумаць далейшы баявы план, цяпер ужо ўмелага адступлення, а прасцей кажучы, удалых уцёкаў. Час прыспешвае, а з цяжкім (як падняць) мехам не паскачаш, быццам шкадлівая кошка з драбязой у зубах. Адзін застаўся пільнаваць улоў, які трапятаўся і наганяў у негустой ужо цемры яшчэ больш страху, другі паспяшаўся па машыну. Нарэшце пад’ехаў, зноў не забыўшыся замесці на вясковай вуліцы сляды ад аўто. Борз­дзенька падхапілі мяхі, укінулі ў багажнік і рушылі ў дарогу, не ўключаючы фар, “маскіруючыся”. І тут іх асляпілі фары сустрэчнай машыны.

— Усё прапала, папаліся! — запанікаваў адзін.

— Уцячом! — адрэзаў другі і націснуў на газ.

Але машына інспекцыі па ахове прыроды праезд па дарозе перакрыла, таму браканьеры панесліся па абочыне. У апошнюю секунду заўважылі яркую камізэльку другога інспектара, які стаяў на іх шляху, цудам абмі­нулі і, выруліўшы на дарогу, уключылі фары і “выціснулі” са сваёй “Нівы” ўсе яе конскія сілы.

Гэта не дапамагло. Збочылі на лясную дарогу, але наперадзе праезд “наглуха” перакрыла другая машына інспекцыі. Ратуючыся, браканьеры кінулі “Ніву”, сеткі з уловам, адмысловыя гумовыя заброднікі, а самі сталі ўцякаць. Перапужаных, змораных, інспектары “вылавілі” іх з кустоў, прывялі да машыны, правялі агляд, сфатаграфавалі рэчавыя доказы і ўсё зафіксавалі дакументальна. Неўзабаве на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі міліцыі і Дзярж­аўтаінспекцыі. Парушальнікаў з украдзенай рыбай адвезлі ў Навінкі. Яе аказалася больш за 100 кілаграмаў (95 асобін адборнага элітнага карпа) на суму больш за 4 мільёны рублёў.

Па факце крадзяжу рыбы была ўзбуджана крымінальная справа. Абодва браканьеры асуджаны да аднаго года прымусовых работ з утрыманнем 20 працэнтаў заробку на карысць дзяржавы. Акрамя таго, яны яшчэ да суда аплацілі рыбгасу “Навінкі” нанесеныя імі страты.

Н. ЖУКАВА, суддзя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.