“Сваёй работай трэба жыць”

Личности

Стаць педагогам у маладосці марыла яе маці. Але лёс распарадзіўся так, што выбрала прафесію швачкі. Мару жанчыны ўвасобіла дачка. Адпрацаваўшы 30 гадоў у школе, яна прызнаецца: кожны дзень з радасцю ідзе на працу і не ўяўляе сябе па-за школьнымі сценамі.

У сям’і мне з дзяцінства прывівалі любоў да кнігі, — расказвала падчас сустрэчы Алена Леанідаўна Салдаценка. — Яе бачыла ў руках мамы, таты і нават 91-гадовага дзядулі. Чытаць я пачала вельмі рана, яшчэ да школы, нягледзячы на тое, што не наведвала дзіцячы садок. Тады ж, у дзяцінстве, з’явілася жаданне стаць настаўнікам. Як і ўсе дзяўчынкі майго пакалення, часта рассаджвала перад сабой лялек і гуляла ў школу. Увогуле, быў нейкі арэол загадкавасці ў гэтай прафесіі. Здавалася, што настаўнікі — незямныя людзі: асаблівыя, далікатныя, выхаваныя, яны ўсё ведаюць і маюць адказы на ўсе пытанні. І мне хацелася быць такой жа. Магчыма, яшчэ і таму, што пашанцавала ў жыцці на настаўнікаў, пачынаючы з першай “школьнай мамы” Зоі Максімаўны Ярмола. І далей на працягу ўсёй вучобы ў Варапаеўскай сярэдняй школе былі цудоўныя педагогі. З іх ліку выкладчыкі рускай і беларускай моў і літаратуры Тамара Сяргееўна Жукоўская і Алег Лявонцьевіч Лапушынскі, урокі якіх вельмі любіла, асабліва літаратуру.

Пасля заканчэння школы паступіла на філалагічны факультэт Магілёўскага педінстытута імя А. Куляшова. Атрымаўшы дыплом, сваю прафесійную дзейнасць пачынала ў Горацкім педагагічным вучылішчы выкладчыкам рускай літаратуры. Сёння Алена Леанідаўна з вялікай цеплынёй успамінае яго калектыў, у якім была самай маладой, і ўсе калегі адносіліся да яе па-бацькоўску. Ад іх многае пачэрпнула не толькі ў прафесіі, але і ў плане чалавечых узаемаадносін.

Праз тры гады вярнулася на родную Пастаўшчыну. Крыху папрацавала ў школьным аддзеле райкама камсамола, а потым перавялася ў СШ №1, дзе настаўнічае ўжо тры дзесяцігоддзі і амаль увесь гэты час выкладае беларускую мову.

— За 30 гадоў, вядома ж, былі нейкія складаныя моманты, якія прысутнічаюць у кожнай рабоце. Але калі б можна было пачаць жыццё спачатку, я з задавальненнем зноў прайшла б гэты шлях і ўдзячна за ўсё, што на ім было, — кажа настаўніца.

— Алена Леанідаўна добрасумленная і безадмоўная, душэўная, добрая і ў той жа час патрабавальная, прафесіянал найвышэйшага класа. Але самае галоўнае — яна адчувае кожнага вучня, суперажывае і дапамагае яму, што падкупляе бацькоў дзяцей і калег, — характарызавалі педагога дырэктар школы і яго намеснік па вучэбнай рабоце.

Пад кожным з гэтых слоў магу падпісацца асабіста, бо ведаю А. Л. Салдаценка яшчэ з часоў свайго вучнёўства ў СШ №1. Яшчэ больш пераканалася ў іх праў­дзівасці, пагутарыўшы з настаў­ніцай пра асаблівасці прафесіі, якую не назавеш лёгкай. Адно толькі класнае кіраўніцтва чаго вартае! Між тым, на працягу ўсіх 30 гадоў Алена Леанідаўна была сапраўднай другой мамай для дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак, жыла іх жыццём, радасцямі і няўдачамі, унікаючы ва ўсе складанасці і канфлікты ў дзіцячым калектыве, старалася з’яднаць вучняў, прывіць ім лепшыя чалавечыя якасці.

— Перш за ўсё трэба любіць сваю работу, жыць ёю, растварыцца ў ёй, часам забыць пра сябе і, на жаль, пра сваіх блізкіх, — адказала яна на маё пытанне, што лічыць галоўным у прафесіі настаўніка. І дадала: — Дзеці ўсё вельмі тонка адчуваюць. Яны даруюць нейкія нашы агрэхі, празмерную строгасць і патрабавальнасць, калі бачаць шчырасць педагога. У гэтым я ўпэўнена абсалютна.

Як і многія настаўнікі, Алена Леанідаўна занепакоена тым, што ў школьнікаў губляецца інтарэс да роднай мовы, яны мала чытаюць. Каб абудзіць яго, выкарыстоўвае розныя формы работы, якія дапамагаюць ажывіць урок, зрабіць яго цікавым: індывідуальную, парную, групавую, франтальную, педагагічныя майстэрні, інфармацыйныя тэхналогіі, нагляднасць. Нягледзячы на тое, што мае вялізны вопыт, не перастае вучыцца сама, у тым ліку ў сваіх вучняў. Яны дапамаглі, напрыклад, асвоіць камп’ютар.

— У нашай прафесіі калі не ўдасканальвацца, пачнецца рэгрэс, — зазначае педагог. — Тым больш працуючы ў такім моцным калектыве, дзе ёсць у каго і чаму павучыцца. Я ўдзячна сваім былым калегам Яўгеніі Пятроўне Антаневіч, Уладзіміру Міхайлавічу Соўку, Анісіі Іванаўне Кабайла, Валянціне Цімафееўне Ермаловіч, Ларысе Іосіфаўне Кішко, якія былі ўзорам як у плане прафесіяналізму, так і адносін да справы, умелі акрыліць. Дружны, з’яднаны і цяперашні калектыў. Мы ведаем пра ўсе радасці і нягоды адно аднаго і стараемся падтрымаць. Самае лепшае магу сказаць пра адміністрацыю школы, якую ўзначальвае наш былы вучань Павел Юр’евіч Трава, чым вельмі ганарымся. Яго намеснік па вучэбнай рабоце Наталля Юр’­еўна Ярынская — моцны метадыст, падкажа любое рашэнне, дапаможа ў любой складанай сітуацыі. Увогуле, я шчаслівы чалавек, бо працую ў калектыве аднадумцаў, і ўдзячна Богу за ўсё ў сваім жыцці. Хочацца сказаць асобнае дзякуй мужу, дачушцы і яе сям’і, а таксама сям’і сястры, якія былі і застаюцца маёй падтрымкай, надзейнай “крэпасцю”.

Тэкст фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.