Святочны і адказны

Местная власть

З самай раніцы ў нядзелю з вокнаў пастаўскай СШ №5, дзе размясціўся ўчастак для галасавання №2, даносіліся гучная музыка і песні, да будынка школы з розных бакоў пад’­язджалі і падыходзілі людзі. У холе іх сустракала выстава вырабаў з прыродных матэрыялаў, падрыхтаваная вучнямі і настаўнікамі школы. Працаваў таксама святочны гандаль з багаццем самых розных прысмакаў на прылаўку.

На ўчастку зарэгістравана 1478 выбаршчыкаў, — расказвала старшыня ўчастковай камісіі, дырэктар СШ №5 В. М. Ромель. — Мікрараён будаўнікоў заўсёды адрозніваецца высокай свядомасцю жыхароў. Тут пражывае шмат пенсіянераў і людзей сталага ўзросту, якія адказна ставяцца да такой важнай падзеі, як выбары Прэзідэнта краіны. Вось і на гэты раз вельмі актыўна прайшло датэрміновае галасаванне. Асабліва шмат выбаршчыкаў завітала на ўчастак у пятніцу і суботу. І сёння літаральна з 8 гадзін раніцы ідуць людзі. Многія — сем’ямі, з дзецьмі, унукамі.

Для малых члены камісіі ў складзе 15 чалавек — педагогі мясцовых школы і дзіцячага сада, а таксама работнікі размешчаных у мікрараёне і побач з ім арганізацый — падрыхтавалі невялікія падарункі — блакноты. Каляндарыкі, ручкі, флікеры, віншавальныя паштоўкі ўручалі і тым, хто галасаваў упершыню. У ліку такіх была 20-гадовая Марыя Мамай. У размове з карэспандэнтам “ПК” дзяўчына прызналася, што выбары Прэзідэнта краіны для яе — адказная падзея. Перш чым аддаць свой голас за аднаго з чатырох прэтэндэнтаў на гэты пост, азнаёмілася з біяграфіямі кандыдатаў і іх перадвыбарнымі праграмамі.

Як ужо гаварылася вышэй, у мікрараёне будаўнікоў і на прылеглых да яго вуліцах пражывае шмат пажылых людзей, многім з якіх цяжка было самастойна прыйсці на выбарчы ўчастак. Такіх аказалася каля 120 чалавек. Члены камісіі адправіліся да іх дамоў з урнамі для галасавання. На працягу ўсяго перыяду за ходам галасавання ўважліва сачылі ажно 11 назіральнікаў — прадстаўнікі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, райкама ГА “БРСМ”, прафсаюза аграпрамысловага комплексу, Беларускага саюза жанчын, казацтва, раённай ветэранскай арганізацыі і Камуністычнай партыі Беларусі. Яны адзначылі, што ніякіх парушэнняў у рабоце ўчастковай камісіі не выяўлена.

Знаходзячыся на ўчастку, давялося пагутарыць з многімі выбаршчыкамі. Адна з іх, Наталля Пятровіч (на здымку), прыйшла галасаваць з малодшай дачкой Лерай. Муж зрабіў гэта датэрмінова, паколькі працуе дальнабойшчыкам і цяпер у рэйсе за мяжой.

— Дзень выбараў для нас святочны, — гаварыла жанчына. — Так павялося яшчэ з дзяцінства, ад бацькоў. Як і яны, стараемся абавязкова прыйсці на выбарчы ўчастак, бо душой хварэем за родную краіну і будучыню сваіх дзяцей. За каго галасаваць, вырашылі ўжо даўно. Мы — за мір і стабільнасць у Беларусі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.