Тры падзякі міністра


 

Добры настрой у дэлегацыі работнікаў Варапаеўскага лясніцтва, якую ўзначальваў ляснічы Уладзімір Сапрончык (на здымку ў цэнтры). У працоўным спаборніцтве калектыў заняў другое месца сярод лясніцтваў і ўзнагароджаны граматай і камп’ютарам.

Тры падзякі міністраі шэраг іншых узнагарод былі ўручаны работнікам лясгаса на ўрачыстым сходзе, прысвечаным іх прафесійнаму святу.

Сёлета да Дня работнікаў лесу, які адзначаўся ў краіне 20 верасня, была зацверджана асаблівая прэмія — “Падзяка міністра лясной гаспадаркі за высокі прафесіяналізм у папярэджанні і ліквідацыі лясных пажараў у пажаранебяспечны сезон 2015 года”. Сярод узнагароджаных  дырэктар Пастаўскага лясгаса Уладзімір Місачэнка, галоўны ляснічы Валерый Гарбуль і інжынер па ахове і абароне лесу Дзмітрый Півень.

Дырэктар лясгаса Уладзімір Місачэнка ўручае пасведчанне ляснічаму Лынтупскага лясніцтва Рышарду Пецюлевічу аб занясенні калектыву на Дошку гонару обласнога лесагаспадарчага аб’яднання.

— Для работнікаў дзяржаўнай лясной аховы сёлетні год выдаўся надзвычай складаным, — адзначыў У. Місачэнка. — Пажаранебяспечны сезон пачаўся рана, у сакавіку, і працягваўся  практычна да восені. У перыяд, калі верагоднасць гарэння лясоў дасягала чацвёртага класа, райвыканкамам прымаліся рашэнні аб забароне іх  наведвання грамадзянамі. На працягу некалькіх месяцаў у лясгасе і лясніцтвах было наладжана дзяжурства і ажыццяўляўся пастаянны кантроль за захаваннем правілаў пажарнай бяспекі ў  лясных угоддзях. У выніку ў лясах і на тарфяніках не было дапушчана ні аднаго пажару. Гэта заслуга не толькі нашых штатных работнікаў, але і ўсіх жыхароў Пастаўшчыны, пераважная большасць якіх праявілі свядомасць і адказнасць.

Нягледзячы на тое, што практычна круглыя суткі ажыццяўлялася дзяжурства, праводзіліся рэйды і іншыя мерапрыемствы, гэта ніколькі не паўплывала на выкананне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця калектыву. Сярод складальнікаў паспяховай работы У. Місачэнка назваў эфектыўную дзейнасць лесапункта “Прыазёрны”. Усё больш важкую аддачу прыносяць матэрыяльна-тэхнічная база і машынна-трактарны парк, ва ўмацаванне і абнаўленне якіх у папярэднія гады былі ўкладзены вялікія грашовыя сродкі. Радуюць вынікі вырошчвання пасадачнага матэрыялу па фінскай тэхналогіі з закрытай каранёвай сістэмай. Планава ажыццяўляюцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторый, мадэрнізацыі вытворчых і адміністрацыйных будынкаў.

Машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны Ула¬дзімір Савельеў прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод работнікаў вядучых прафесій лясгаса.

Найважнейшымі з’яўляюцца прафесіяналізм і майстэрства спецыялістаў, кадраў масавых прафесій. Менавіта такімі прафесіяналамі зарэкамендавалі сябе кіраўнікі лясніцтваў Пастаўшчыны. Так, Рышард Пецюлевіч з Лынтуп носіць высокае званне “Чалавек года Віцебшчыны-2014”.  А напярэдадні свята калектыў, які ён узначальвае, занесены на Дошку гонару абласнога дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання. Пераможцамі спаборніцтва ў лясгасе прызнаны Старадворскае, Варапаеўскае і Валкоўскае лясніцтвы. Іх калектывы ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі. А ляснічы Старадворскага лясніцтва Юрый Чашун удастоены яшчэ і Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта. Такой жа Падзякай адзначана і плённая праца памочніка ляснічага Полаўскага лясніцтва Юрыя Навумца. Вадзіцель Міхаіл  Лапушынскі  ўзнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама, намеснік  дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Іванькоў і галоўны механік  Андрэй Дук — Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў.

Кожны год напярэдадні свята ў лясгасе вызначаюць лепшых работнікаў вядучых прафесій. Сёлета імі прызнаны вадзіцель Ігар Жалубоўскі, машыніст тралёвачнай машыны Уладзімір Савельеў, майстры лесу Андрэй Рымаш і Аляксей Родзь, ляснік Аляксандр Таяновіч, трактарыст Тадэвуш Жвярэла, вальшчык лесу Іван Квяткоўскі, навальшчык-звальшчык лесаматэрыялаў Дзяніс Архіпаў, рамшчык Ілья Кляпец, станочнік Аляксей Якаўлеў, токар Дзмітрый Мігачоў, вадзіцель Уладзімір Ясюковіч, эканаміст Галіна Пятроўская, бухгалтар Ганна Бондар, інжынер Яўгеній Шалугін.

Вялікай групе работнікаў У. Місачэнка ўручыў граматы дырэкцыі лясгаса і іншыя ўзнагароды. Удзельнікі сходу атрымалі музычныя падарункі ад сталічных артыстаў. Усе былі ў захапленні ад выступленняў салісткі Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, спявачкі Валянціны Альшэўскай, лаўрэата міжнародных конкурсаў, уладальніка прэміі “За духоўнае адра­джэнне” спевака Алега Сямёнава, акардэаніста-віртуоза, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў Дзмітрыя Корсака, артыста-парадыста Дзяніса Ліпеня, танцавальнага дуэта.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.