Тут усіх любяць моцна


Патэлефанавала ў аддзел адукацыі спорту і турызму райвыканкама і папрасіла адрас якой-небудь прыёмнай сям’і. Галоўны спецыяліст Ніна Серафімаўна Каспяровіч, якая займаецца пытаннямі апекі і папячыцельства, аховы дзяцінства, назвала некалькі прозвішчаў, сярод якіх было і Пасечнік. Перапытала, няўжо гэта тыя, пра якіх раённая газета пісала гадоў пяць таму? На той час сям’я выхоўвала пецярых сыноў і хуткімі тэмпамі будавала ўласны дом. А цяпер маюць яшчэ і траіх прыёмных дзетак.

І вось я на вуліцы Пушкіна, 5. Пераcтупаю парог двухпавярховага прыгожага дома, і насустрач выбягаюць дзяўчынкі. Знаёмімся: светленькая, кволенькая, у акулярах — Даша, цёмненькая і больш рослая — Света. Яны шырока ўсміхаюцца, заглядваюць у вочы, працягваюць рукі і дружна запрашаюць у пакой, гучна паведамляючы: “Мамачка! Цё­ця прыйшла!” Прапанаваўшы мне сесці ў крэсла, падбягаюць да Таццяны Леанідаўны, абшчэпліваюць рукамі шыю і абсыпаюць пацалункамі. “Мы вельмі любім сваю мамачку!” — гавораць мне. Тут жа з’яўляюцца малодшыя хлопчыкі. Дзесяцігадовы Уладзік і васьмігадовы Арсень прыносяць і паказваюць мяккія цацкі, якія пашылі самі, не адстае ад іх і сямігадовы прыёмны Дзіма — ён таксама ўмее шыць. Кожны з іх цікуе, каб падсесці бліжэй да мамы. І пакуль дзяўчынкі зноў наперабой расказваюць пра справы ў дзіцячым садку, паказваюць маленькае пушыстае кацяня і вядуць да шафы, у якой вісяць толькі што купленыя кожнай новыя прыгожыя сукенкі, хлопчыкі тым часам туляцца да мамы. Старэйшыя Дзіма, Ілья і Антон з замілаваннем глядзяць на гэту ідылію.

— Калі дом быў дабудаваны, а старэйшыя хлопцы ўладкаваліся на працу, вырашылі ўзяць прыёмнае дзіця, — расказвалі Таццяна Леанідаўна і Юрый Анатольевіч. — Мы заўсёды марылі пра вялікую сям’ю, таму і нарадзілася пяць сыноў. А адносіны да дзіцячых дамоў і сірот у нас пастаянна былі асаблівыя — хацелася атуліць ласкай, сагрэць сямейным цяплом тых, каго родныя бацькі гэтага пазбавілі.

Так у сям’і з’явіўся чатырохгадовы Дзіма, які на той час знаходзіўся ў дзіцячым прытулку ў Паставах. Потым высветлілася, што ў дзіцячым доме ў Віцебску знаходзіцца яго двухгадовая сястрычка. Як можна было іх разлучаць? А каб Дашы не было сумна сярод шасці хлопчыкаў, сёлета ўзялі Свету. Дзяўчынцы шэсць гадоў, але яна дрэнна размаўляе, таму  шмат жэстыкулюе. Спецыялісты прычыну бачаць у тым, што да трох гадоў яна ўвогуле не чула. Калі медыкі гэта выявілі, зрабілі  аперацыю. Цяпер з дзяўчынкай займаецца лагапед, і бацькі прыкмячаюць зрухі ў лепшы бок. Ёсць праблемы са здароў­ем і ў Дашы. Але ўрачы запэўніваюць, што пры пра­вільным харчаванні і захаванні рэжыму дня ўсё нармалізуецца. Дзяўчынкі вельмі актыўныя, прывет­лі­выя, дапытлівыя.

Таццяна Леанідаўна пабывала на курсах прыёмных бацькоў. Дзякуючы такой вучобе некаторыя моманты пры адаптацыі прыёмных дзяцей не сталі нечаканасцю, пазбавілі ад лішніх думак, хваляванняў. Бо адна справа выхоўваць родных, іншая — прыёмных. У Пасечнікаў раздзелу дзяцей няма, тут усіх любяць аднолькава моцна, кожнаму ўдзяляюць максімум увагі. Мама кор­міць смачнымі сняданкамі, праводзіць да парога, потым сустракае, выслухоўвае, гаворыць шчыра, супакойвае, раіць.

— Дзіця — гэта асоба, — гаварыла Т. Л. Пасечнік. — Яму трэба ўсё зразумець і ва ўсім разабрацца, яно чакае тваёй падказкі, падтрымкі. Наша задача  — навучыць самастойнасці, каб самі за сабой прыбіралі, мылі посуд, маглі прыгатаваць простую вячэру. Стараемся перадаць ім галоўныя каштоўнасці сям’і: праўдзівасць, давер, шчырасць, дабрыню, спагаду, міласэрнасць. Так паступалі са сваімі старэйшымі, да гэтага прывучаем і ўсіх малодшых. Толькі любоў, падтрымка з боку адно аднаго, вера ў тое, што мы на правільным шляху і нам няма куды адступаць, згуртоўваюць. Муж для хлопчыкаў ва ўсім прыклад. Ён навучае іх усяму таму, што ўмее сам. І яны ўжо многаму навучыліся.

Старэйшыя сыны Пасечнікаў працаўладкаваныя: Дзмітрый служыць па кантракце ў мабільнай брыгадзе органаў пагранічнай службы кінолагам, Ілья — у Полацкім аддзеле Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Дзесяцікласнік Антон  захапляецца музыкай, Уладзік, Арсень і Дзіма-малодшы вучацца адпаведна ў 4-ым, 2-ім і 1-ым класах СШ № 2. Галава сям’і Юрый Антонавіч — ідывідуальны прадпрымальнік, займаецца рамонтнымі і будаўнічымі работамі. У яго сапраўды залатыя рукі, якімі ён узвёў і ўласны дом. У многім дапамагалі сыны. Раніцай машына з двара Пасечнікаў выязджае двойчы: спачатку ў школу, потым з дзяўчынкамі ў садок. Вольны час сям’я стараецца праводзіць разам. Дзеці займаюцца спортам, дапамагаюць і па гаспадарцы. А яна немалая — 30 гусей, столькі ж курэй, індыкоў, ёсць свінні і трусы. Дзеці разам з мамай любяць кухарыць, займацца выпечкай.

Арганізатарскія здольнасці, працавітасць, вялізнае цярпенне Таццяны Леанідаўны і Юрыя Ана­тольевіча, іх вопыт у выхаванні ўласных дзяцей дапамагаюць спраўляцца і з абавязкамі прыёмных бацькоў. Ды і любячае сэрца заўсёды падкажа, як паступіць у той ці іншай сітуацыі. Пасечнікі сцвярджаюць, што ў жыцці няма праблем, ёсць пытанні і задачы, якія трэба не драматызаваць, а вырашаць. Любыя складанасці — гэта часова, трэба толькі ў патрэбны момант усё расставіць па сваіх месцах. І рабіць гэта разам. Тады намнога прасцей і лягчэй.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.