У аснове — творчасць і любоў

Образование

Выхавальнік В. Я. Пачкоўская са сваімі малышамі.

У снежні Варапаеўскаму дзіцячаму яслі-саду споўніцца 8 гадоў. Ён адкрыўся ў будынку былой дапаможнай школы-інтэрната пасля аб’яднання двух садоў, адзін з якіх раней быў ведамасным — належаў дрэваапрацоўчаму камбінату. Зараз яго наведвае 71 дзіця. Выхаваўча-адукацыйны працэс з дашкольнікамі ажыццяўляюць 15 педагогаў (чацвёра з іх на сённяшні дзень знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску).

Усяго ж у садку працуе 31 чалавек, некаторыя — па сумяшчаль       ніцтве. Нягледзячы на тое, што калектыў аб’яднаны з двух ранейшых і рознаўзроставы — ёсць педагогі са стажам 15 і больш гадоў, ёсць і зусім маладыя, якія толькі пачынаюць сваю прафесійную дзейнасць, — ён вельмі дружны і творчы.

— Калі ў нас нейкае свята ці мерапрыемства, то ўдзельнічаюць абсалютна ўсе: памочнікі выхавальнікаў, повар, загадчык гаспадаркі, рабочыя, — расказвала загадчыца ўстановы адукацыі Людміла Эдуардаўна Талстыка. — Што датычыць выхавальнікаў, яны дапамагаюць адзін аднаму, падказваюць, разам нешта прыдумваюць. Вельмі цесна ўзаемадзейнічаюць з музычным кіраўніком і кіраўніком фізвыхавання. Праўда, першы зараз у дэкрэтным водпуску, і нас выручаюць выкладчыкі школы мастацтваў Ірына Міхайлаўна Юркова і Алена Юр’еўна Ліманоўская, якія, як і наша Таццяна Валянцінаўна Балай, “гараць” сваёй справай.

Па словах Людмілы Эдуардаўны, у садку вельмі цікава прахо­дзяць фальклорныя святы Купалле, Масленіца — з касцюмамі, гульнямі і забавамі; ранішнікі, якія не паўтараюцца ні ў адной групе; дні адчыненых дзвярэй, спартландыі. Многія — на свежым паветры і з удзелам бацькоў. Яны — частыя госці тут, самі рыхтуюць касцюмы, убіраюцца ў іх. Дапамагаюць і матэрыяльна. Напрыклад, зрабілі ўсе пясочніцы на ўчастку, сёлета ўстанавілі новую альтанку. Нярэдка падчас рамонту самі прапануюць свае паслугі, добраахвотна пералічваюць грошы на папячыцельскі рахунак.

Цеснае ўзаемадзеянне нала­джана таксама з Варапаеўскай СШ. Выхавальнікі ходзяць у школу на мерапрыемствы, настаўнікі прыходзяць у садок. Абавязкова — у пачатку і ў канцы навучальнага года, каб пазнаёміцца з дзецьмі, якія праз год пойдуць у першы клас, убачыць, чаму іх навучылі, і ацаніць узровень падрыхтоўкі.

Як і ўсе сады рэспублікі, варапаеўскі працуе па праграме Міністэрства адукацыі краіны “Пралеска”, выкарыстоўваючы розныя методыкі, якія дапамагаюць зрабіць выхаваўча-адукацыйны працэс больш эфектыўным. У кожнай групе створана сваё прадметна-развіваючае асяроддзе: куткі, наглядныя дапаможнікі, якія пастаянна папаўняюцца і абнаўляюцца. Многае выхавальнікі і іх памочнікі робяць уласнымі рукамі. На базе сада дзейнічае пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які наведваюць 22 дзіцяці, што маюць патрэбу ў выпраўленні маўлення, працуюць два танцавальныя і фізкультурна-аздараўленчы гурткі.

Злева направа: намеснік загадчыцы сада па асноўнай дзейнасці В. У. Вайцяшонак, загадчыца ясляў-сада Л. Э. Талстыка (сядзяць), настаўнік-дэфектолаг Н. Г. Палякова, выхавальнікі А. А. Свілёнак і С. Я. Янцэвіч.

— Наш педагагічны калектыў не толькі творчы, але і высока­прафесійны, — гаварыла Л. Э. Талстыка. — Разам з навучаннем і выхаваннем вялікую ўвагу надае зберажэнню здароўя дзяцей і яго ўмацаванню. Мы з’яўляемся пераможцамі абласных алімпійскіх гульняў, якія два гады таму праводзіліся завочна ў дзіцячых садах Віцебшчыны, і ўзнагароджаны спецыяльнай граматай. Добрых слоў заслугоўваюць выхавальнікі Алена Вікенцьеўна Гутар, Венера Яўгеньеўна Пачкоўская, Ала Алегаўна Свілёнак, Вераніка Пятроўна Татарчук, фізкіраўнік Святлана Генадзьеўна Бельчанка, настаўнік-дэфектолаг Надзея Генадзьеўна Палякова, іншыя педагогі, якія з любоўю адносяцца да малышоў і сваёй справы. Таксама вельмі творчыя людзі — памочнікі выхавальнікаў Аліса Аляксандраўна Красоўская і Ганна Альбертаўна Альховік. Яны звязалі для нас кручком грыбок-церамок і лялечны тэатр. Акрамя таго, сад упрыгожваюць карціны Ганны Альбертаўны, выкананыя ў тэх­ніцы квілінгу. Нельга не адзначыць і майго намесніка па асноўнай дзейнасці Валянціну Уладзі­міраўну Вайцяшонак, якая чвэрць стагоддзя аддала дашкольнай адукацыі, курыруе работу педагогаў, дапамагае ім, наведвае заняткі.

Вельмі вопытны спецыяліст і сама Людміла Эдуардаўна Талстыка. У педагогіцы яна ўжо 29 гадоў, 13 з якіх працуе загадчыцай садка. Сёлета яе выбралі дэпутатам сельскага Савета.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.