Вызначальным стаў прыклад бацькі


На працягу апошніх гадоў прыярытэтнае месца ў кадравай палітыцы нашай дзяржавы адводзіцца павышэнню прэстыжу рабочых прафесій. Іх папулярызацыя выклікана, у першую чаргу, дэфіцытам на рынку працы краіны такіх спецыялістаў. Між тым, гэта цікавыя, як правіла, добра аплатныя, запатрабаваныя прафесіі.

Куды паступаць пасля заканчэння сярэдняй школы, пастаўчанін Дзмітрый Чыркін разважаў нядоўга — свой выбар практычна адразу спыніў на Віцебскім філіяле вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі. Зацікавіла кваліфікацыя «Тэхнік па тэлекамунікацыях», якую ў наступным і атрымаў на факультэце праграмнага забеспячэння сетак.

— Аб’ектыўна ацаніў свае магчымасці і прыйшоў да высновы, што паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову на бюджэтную форму навучання наўрад ці ўдасца. Пайсці вучыцца платна — значыць падвергнуць сур’ёзнай фінансавай нагрузцы бацькоў, — расказваў Дзмітрый. — Таму вырашыў атрымаць рабочую прафесію, зрабіць у ёй першыя крокі і, калі не знікне жаданне, атрымліваць вышэйшую адукацыю завочна.

З работай электраманцёраў Дзмітрый Чыркін добра знаёмы з дзяцінства — з гэтай пасады калісьці пачынаў працоўную дзейнасць у раённым вузле электрасувязі яго бацька Аляксандр Аляксеевіч, які пасля дарос да электрамеханіка і адпрацаваў у электрасувязі больш за 20 гадоў. Зараз Чыркін-старэйшы на заслужаным адпачынку. Прыклад бацькі і стаў вызначальным у выбары Дзмітрыем прафесіі.

Юнак ахвотна ўспамінае тры гады вучобы ў каледжы, хоць іх і нельга назваць лёгкімі. Ужо ў першым семестры стала ясна, што ніякіх патуранняў з боку строгіх і патрабавальных выкладчыкаў не будзе.

— Усе без выключэння далі зразумець, што не дазволяць лічыць свой прадмет другарадным. У той жа час ніхто за табой не бегаў, не ўпрошваў вучыцца, наведваць заняткі. Такі падыход, безумоўна, развівае ў студэнтаў дысцыплінаванасць і адказнасць, — працягваў расказваць Дзмітрый.

Па размеркаванні малады спецыяліст трапіў у Пастаўскі раённы вузел электрычнай сувязі, дзе ўжо больш за год працуе электраманцёрам лінейнай сувязі і праваднога вяшчання. Асноўны яго абавязак — устаноўка стацыянарных тэлефонаў. Час ад часу займаецца рамонтам лініі электрасувязі, пракладкай кабелю, а калі ішло пераключэнне жыхароў шматкватэрных дамоў на xPON-паслугу, устанаўліваў оптыка-валаконныя мадэмы.

— Работа цікавая. Галоўнае — усё рабіць якасна і акуратна, каб камусьці не давялося выпраўляць твае памылкі. Тым больш заўсёды ёсць магчымасць пракансультавацца ў бацькі або ў любога спецыяліста нашай арганізацыі, якія заўсёды дапамогуць, даступна растлумачаць, — паставіў кропку ў нашай размове пра асаблівасці прафесіі Дзмітрый Чыркін.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.