Ён і хмары дабрынёй разгоніць


На святкаванні Дня Перамогі з дачкой Антанінай.

Я яшчэ не паспела пазваніць у дзверы дома, як яны расчы­ніліся, і гаспадар, ступіўшы на парог, галантна падаў мне руку: “Калі ласка, праходзьце!” Дзіва-дзіўнае — пра візіт не папярэджвала і нават не мела ўпэўненасці, што сустрэча адбудзецца, а мяне чакаюць…

Убачыў, як машына спынілася перад домам, вось і паспяшаўся вам насустрач, — патлумачыў Іларыён Савельевіч Русалоўскі, гасцінна праводзячы мяне ў пакой.

Здавалася б, зусім нязначны эпізод. Але ён дапоўніў тыя, пра якія чула раней: “Адпачывалі разам з Савельевічам у санаторыі. Які цікавы чалавек! Прыемна было разам з ім праводзіць час”. “Цудоўны сусед. Ніхто ад яго слова дрэннага не пачуў, а дапамагчы гатоў быў кожнаму”. “Русалоўскі маліўся па маім памерлым тату. Колькі сілы і веры ў гэтым чалавеку!” “У нашым шпіталі знаходзіцца на лячэнні ветэран вайны Іларыён Савельевіч Русалоўскі. Дык і дактары, і медсёстры, і санітаркі ў захапленні ад яго. Столькі жыццёвай мудрасці, інтэлігентнасці, дабрыні. А як выглядае! Хіба хто дасць яму тыя гады, што па пашпарце?”

Чула гэтыя водгукі ў розны час і ад розных людзей. Кожнае 9 Мая на раённых урачыстасцях углядалася ў твары ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, абавязкова выдзяляла з усіх аднаго — адметна інтэлігентнага, з яснымі-яснымі вачыма і акуратнай белай бародкай, ведала, што гэта Іларыён Савельевіч Русалоўскі, а вось пазнаёміцца з ім бліжэй выпала толькі зараз.

Нарадзіўся ў вёсцы Скварцова (непадалёк Лучая) у 1917 годзе. Так-так, я не памылілася — майму суразмоўцу — 98 (а выглядае не больш чым на 70!). У бацькоў было пяцёра дзяцей — тры сыны і дзве дачкі. Жылі не бедна, бо мелі многа зямлі. Але ж і працавалі не пакладаючы рук.

— Мне яшчэ дзесяці гадоў не споўнілася, як ужо араў параконным плугам, — успамінае чалавек. — Ды і любая работа ў руках спорылася. За гэта вельмі любіў дзядуля, нават хацеў усю зямлю на мяне апісаць, ледзь адгаварыла радня.

Падчас размовы мне ўзгадалася яшчэ адна пачутая раней фраза: “Сілу Русалоўскі меў незвычайную”. Пытаюся, ці так гэта на самай справе.

— Так, сілай Бог мяне не аб­дзяліў, — усміхаецца. — Касілі, аралі, жалі, малацілі, за скацінай хадзілі. З усім на зямлі ўпраўляліся. Памятаю, неяк мы, маладыя хлопцы, пайшлі ў заклад, хто больш зерня панясе. Дык я 12 пудоў на спіну ўскінуў і па прыступках занёс у свіран. Перамог!

З жонкай Васай, бацькамі і сынам Аляксеем (1953 год).

Або надыходзіў час жаніцца. Спадабалася дзяўчына, але ў яе быў кавалер. І вы думаеце, што Русалоўскі адступіўся? Не, паехаў у сваты. І Васа дала згоду стаць яго жонкай. Пазней прызнавалася сваім дзецям: “Пайшла за Ларыка (так яго звалі блізкія людзі), бо быў вельмі прыгожы. А пакахала потым — за дабрыню”.

У шлюбе яны  пражылі 62 гады.

— Я Васу нават позіркам не пакрыўдзіў, — успамінае. — Вельмі любіў яе. Ужо 12 гадоў, як адышла ў свет іншы, а я не перастаю сумаваць. Чалавек адзін — што птушка без крыла. Але я даў слова жонцы, што ніякая іншая жанчына не зойме яе месца ні ў нашым доме, ні ў маім сэрцы.

Сваю любоў Іларыён Савельевіч аддае дзецям і ўнукам, і яны плацяць яму тым жа. Старэйшы сын Аляксей — вадзіцель-дальнабойшчык. Дачка Антаніна — выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў, малодшы сын Канстанцін займаецца аўтасэрвісам.

— Усе трое ў свой час хадзілі ў музычную школу, — успамінае бацька. — Аляксей і Антаніна закончылі і музычнае вучылішча, выкладалі ў музычнай школе. Але зарплата там невялікая, таму сын пайшоў вадзіцелем. Антаніна — піяністка, Аляксей — баяніст. Косця таксама ўмее граць на баяне. Думаю, а я чым горшы за іх? Вось і навучыўся граць на двухрадцы, — жартаў­ліва апавядае Савельевіч, а потым ужо сур’ёзна дадае: — Жыццё прымусіла. Іграючы на двухрадцы, распрацоўваю пальцы, якія сталі такімі непаслухмянымі пасля перанесенага мной два гады таму інсульту. І мову тады амаль  адняло. Дзякуй дактарам, выратавалі. Як бачыце, размаўляю, хоць іншы раз крыху “тармажу”, так што вы ўжо даруйце мне за гэта.

— Так, дактары выратавалі тату, — расказвала мне пазней яго дачка Антаніна. — Але немалаважна і тое, што ён заўсёды знаходзіць нейкія ўнутраныя сілы, верыць у лепшае. Усё жыццё працаваў цяжка, але ні на што не наракаў. У яго наймагутнейшая энергетыка і нязменны пазітыў. Сваёй усмешкай, здаецца, можа і хмары разагнаць. Наш тата мудры і добры сэрцам, і гэта такое шчасце, што ён ёсць.

Не менш цёплых, пяшчотных слоў пачула я і ад нявестак Іларыёна Савельевіча.

— Ведаеце, мы не адчуваем свайго ўзросту, хоць ужо далёка не маладыя, — гаварыла Люд­міла Пятроўна Русалоўская, — бо у нас ёсць тата. А ён стаў татам і для мяне, як толькі ўвайшла ў іх сям’ю. Шчыры, добры, працавіты, выхоўваў не словам, а прыкладам. Пражыў такое простае, такое доўгае і такое прыгожае і сумленнае жыццё. Бясконца любім яго ўсе і даражым ім. Наш тата ніколі не сядзеў без справы. Нават цяпер, пасля перанесенага інсульту, і дровы шчапае, і бурачкі ды моркву з агарода выкапаў.

Па вялікіх святах увесь “клан” Русалоўскіх збіраецца ў бацькоўскім доме. Асаблівая дата — Дзень Перамогі. Раней стол накрывалі ў двары, расчынялі веснічкі і клікалі ў госці кожнага, хто праходзіў міма. На ўсё наваколле гучалі музыка і песні. Ніколі не быў закрыты двор Русалоўскіх (а гэта па вуліцы Кастрычніцкай, 117, у Паставах) і для праходу гараджан на Чорнае возера. Сёлета, падчас святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, родныя, як заўсёды, раздзялілі радасць ветэрана — прыйшлі на ўрачыстае мерапрыемства, павіншавалі, уручылі кветкі, а затым усе разам паабедалі ў рэстаране.

Гасцінны, адкрыты, дружбісты, Іларыён Савельевіч заўсёды рады зносінам з людзьмі. На жаль, усе яго равеснікі адышлі ў свет іншы, затое ў яго склаліся вельмі добрыя ўзаемаадносіны з дзецьмі сваіх колішніх сяброў, з якімі ён пастаянна падтрымлівае сувязь. Умее па-філасофску ставіцца да любой жыццёвай сітуацыі.

Ганарацца бацькам сыны, у захапленні ад дзядулі тры ўнучкі і ўнук, двое праўнукаў. А яны ўсе разам і кожны паасобку — найвялікшая яго радасць. Ды і як не радавацца, калі ўсе ўнукі атрымалі вышэйшую адукацыю, а некаторыя — і дзве. Дачка Антаніны Таня ўжо 13 гадоў жыве ў ЗША, замужам, мае прэстыжную работу. У Аляксея дзве дачкі.  Даша абаснавалася ў Віцебску, Аліса — у Мінску. Абедзве таксама на прэстыжнай рабоце. А Косцяў Саша, які і вырас пад дзядулевай апекай, праз месяц вяртаецца са службы ў арміі. “І ён, і мы лічым дні да дэмбеля”, — расчулена прызнаўся Іларыён  Савельевіч.

Яму самому давялося служыць у грознае ваеннае ліхалецце. У Архангельскай вобласці закончыў курсы вадзіцеляў і да канца вайны шафёрыў. “Хапіла і страху, і холаду, і голаду, — успамінае ветэран. — Але галоўнае — вярнуўся жывым дадому. Відаць, Бог дапамог. Бачыце, мой хрысцільны крыжык ужо сцёрся ад часу. Я ніколі яго не знімаў з шыі. А калі ў арміі прымусілі зрабіць гэта, зашыў у адзенне, каб крыжык заўсёды быў пры мне. Уся наша сям’я веруючая. Стараюся жыць па Боскіх законах, нікога не падманваць, не крыўдзіць і ў сваё сэрца крыўду не пускаю”.

Салдат Чырвонай Арміі Іларыён Русалоўскі (1944 год).

Набытая ў арміі спецыяльнасць вельмі спатрэбілася ў мірным жыцці. Працаваў вадзіцелем аўтамабіля на льнозаводзе, потым — у аўтакалоне, пазней кіраваў аўтобусам, хлебавозкай. Пасля дасягнення пен­сіённага ўзросту яшчэ 11 гадоў шафёрыў у вайсковай часці. Быў і качагарам, і секарам мяса. Працаваў аж да 78 гадоў.

Іларыён Савельевіч расказваў мне і пра ваеннае ліхалецце, і пра тое, як іх, Русалоўскіх, цудам не раскулачылі і не вывезлі ў Сібір, і пра тое, як ужо ў сталым узросце ледзьве не загінуў, калі ў яго ўзарвалася паяльная лямпа і полымем абпаліла рукі і ўвесь твар, і пра многае іншае перажытае. Але ўсё гэта падавалася ім не з болем ці жорсткасцю, а з нейкай ціхай пакорай. Нават пра смерць гаварыў, ані не спархмурнеўшы:

— Пасля інсульту я ўжо не работнік. Толькі па санаторыях езджу. Напэўна, пара ў апошні шлях збірацца — жонка кліча.

На гэтыя словы ветэрана я не магла не запратэставаць: “Не спяшайцеся. Туды заўсёды паспееце. Вы яшчэ так патрэбны тут, дзецям і ўнукам, ды і ўсім лю­дзям, якія ведаюць вас. Бо вы несяце цяпло і дабро, якіх так не хапае многім”.

Фаіна КАСАТКІНА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.