Зона ўвагі — 975 кіламетраў


Мечыслаў Янковіч і Мікалай Пусько

Прафесійнае свята дарожнікаў прыпадае на самую клопатную для іх пару: да восеньскай непагадзі трэба паспець завяршыць летнія праекты і дасканала падрыхтавацца да зімы. Нягледзячы на тое, што аб’ёмы дарожных работ у апошні час зменшыліся з-за недастатковага фінансавання, работнікі філіяла “Пастаўскае ДРБУ-132” задзейнічаны на розных аб’ектах.

З прарабам Віктарам Юльянавічам Будзічам наведаліся ў мікрараён шостага гарадка, дзе ўзводзіцца новы жылы дом. Дарожнікі будуюць да яго вуліцу, вядуць яе падсыпку і разраўноўванне, займаюцца добраўпарадкаваннем пад’язных шляхоў. Асноўны аб’ём работ выконвае машыніст бульдозера Мікалай Пусько. Тут жа засталі і дарожнага майстра Мечыслава Станіслававіча Янковіча.

— Мікалай — адзіны ў арганізацыі машыніст бульдозера, — расказваў майстар. — Выдатны спецыяліст, добра ведае тэхні­ку і беражэ яе, граматна выконвае ўсе пастаўленыя перад ім задачы. Яго можна накіроўваць на любы самы адказны ўчастак.

Сам Мечыслаў Станіслававіч ужо сёмы год на пенсіі, але кіраўніцтва вопытнага спецыяліста пакуль на заслужаны адпачынак не адпускае. Ды і сам да дарожнага ўпраўлення, як кажуць, прыкіпеў душой. Яго працоўная біяграфія пачыналася ў “Рассвеце Пастаўскім”, затым перайшоў у ДРБУ-132. Пачынаў дарожным майстрам, потым 17 гадоў адпрацаваў галоўным інжынерам, а атрымаўшы права на пенсію, саступіў пасаду маладзейшым. Яго вызначаюць добрасумленнасць, адказнасць, надзейнасць. Сва­імі ведамі і вопытам Мечыслаў Станіслававіч ахвотна дзеліцца з калегамі. У мінулым годзе ўдастоены звання “Ганаровы дарожнік Беларусі”.

— На абслугоўванні прадпрыемства знаходзіцца 975 кіламетраў дарог мясцовага значэння, — расказваў В. Ю. Будзіч. — Яны — асноўная зона ўвагі. Займаемся іх утрыманнем і рамонтам. Акрамя таго, працуем на субпадрадзе з аграбудаўнічым прадпрыемствам “Рассвет Пастаўскі”. Сіламі нашага філіяла  добра­ўпарадкаваны тэрыторыі ля робатызаванай фермы ў Коўзанах ААТ “Навасёлкі-Лучай”, ля новых жылых дамоў. У гэтыя дні займаемся абуладкаваннем стаянкі для аўтатранспарту ля малочнага завода.

Ёсць аб’екты і ў іншых раёнах. Пастаўскія дарожнікі будуюць пад’езд да новай аўтазаправачнай станцыі ў Браслаўскім раёне. Ва Ушацкім — пад’язныя шляхі да аднаго з мастоў. Аказваюцца паслугі па перавозцы гравію і шчэбеню на будаўнічую пляцоўку каля вёскі Бірвіта, дзе сіламі адной з кітайскіх кампаній разгорнута будаўніцтва высокатэхналагічнай падстанцыі. На тэрыторыі Варапаеўскага лясніцтва будуем лясную дарогу працягласцю 10 кіламетраў. Правялі капітальны рамонт 3 кіламетраў участка дарогі з Камай на Іёдаўцы (там укладзена новае асфальтавае палатно).

Немалая роля ў дзейнасці калектыву адводзіцца работнікам бухгалтэрыі, планава-вытворчага сектара, эканамістам. Напярэдадні прафесійнага свята Ганаровай граматай КУП “Віцебскаблдарбуд” адзначана старанная праца бухгалтара Наталлі Анатольеўны Волк. У філіяле “Пастаўскае ДРБУ-132” яна ўсяго тры гады. Вызначаецца скрупулёзнасцю, акуратнасцю, паслядоўнасцю ў вядзенні спраў. Участак у яе няпросты — займаецца ўлікам матэрыяльных сродкаў, вядзе касавыя аперацыі, кантралюе паступленні тавару на склад і многім іншым.

Наталля Волк

— Унікнуць у спецыфіку работы дапамаглі вопытныя і спрактыкаваныя спецыялісты, — расказвала. — Вельмі ўдзячна галоўнаму бухгалтару Але Фёдараўне Барыла, начальніку планава-вытворчага сектара Вользе Вікенцьеўне Гваздзеўскай за веды, якімі яны са мной ахвотна дзяліліся, вучылі, падказвалі. Увогуле, падтрымку і разуменне адчувала з боку кожнага, да каго звярталася па кансультацыю, параду. Калектыў дружны, зладжаны. Рада, што сюды трапіла, і цяпер стараюся не падвесці сваіх настаўнікаў.

Шмат задач у работнікаў планава-вытворчага сектара, у якім працуе Валянціна Кананенка. Тут займаюцца вывучэннем і прымяненнем тэхналогій арганізацыі дарожнага будаўніцтва, складаюць і правяраюць дагаворы на выкананне работ, каардынуюць іх ход, згодна з патрабаваннямі дзяржстандартаў рыхтуюць іншую дакументацыю.

Валянціна Кананенка і Валянціна Танана

Валянціна Танана — эканаміст, працуе з лічбамі. Планаванне, распрацоўка праграм, фінансавая справаздачнасць — вось кірункі яе дзейнасці. З імі спецыяліст спраўляецца ўдала.

— Не перастаю сцвярджаць, што ў нас калектыў прафесіяналаў, здольны выконваць любыя задачы, — гаварыў начальнік філіяла “Пастаўскае ДРБУ-132” Станіслаў Альфрэдавіч Рагіня. — Шчыра ўдзячны ўсім за працу і старанне, разуменне. Сардэчна віншую са святам, жадаю здароўя, аптымізму, добрага настрою. Нізкі паклон ветэранам! Памятаем вас, заўсёды рады бачыць у калектыве.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.