15 лістапада — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці

Местная власть Сельское хозяйство

Не, зусім невыпадкова свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі адзначаецца глыбокай восенню. Убраны і даведзены да парадку ўра­джай, пасеяны азімыя, пастаўлена на стойлавае ўтрыманне жывёла, а тэхніка — на  зімовае захоў­ванне. Самы час падвесці вынікі, задумацца над планамі на наступны год, крыху перадыхнуць, бо напружанне ў параўнанні з вясенне-летнім перыядам некалькі спала.

У перапрацоўшчыкаў сельскагаспадарчай прадукцыі вытворчы цыкл круглы год аднолькавы. Але і яны адзначаюць прафесійнае свята разам з вяскоўцамі — у трэцюю нядзелю лістапада.

Аднак святочны настрой  да хлебаробаў Пастаўшчыны прыйшоў яшчэ раней, падчас  абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2015”. На ім сярод лепшых быў адзначаны наш раён. На Пастаўшчыне ў параўнанні з папярэднім годам ураджайнасць зерневых і зернебабовых узрасла на 16 цэнтнераў, а валавы намалот — на 28 тысяч тон. Самая ўраджайная ў вобласці (85 ц/га) — хлебная ніва ААТ “Хацілы-агра”. У лік пераможцаў абласнога спаборніцтва выйшлі камбайнеры Мікалай Чашун і Аляксандр Курдо з ААТ “Хацілы-агра” і “Навасёлкі-Лучай”. На галоўнай сцэне абласнога свята нашым лепшым гаспадаркам былі ўручаны  таксама сертыфі­каты на новыя трактары “МТЗ-82”, а шэрагу спецыялістаў — каштоўныя падарункі — веласіпеды.

Учора цырымонія ўзнагароджвання прайшла і ў Паставах. У раённым Доме культуры адбыліся ўрачыстасці з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. На ёй прысутнічалі ветэраны працы,  дэлегацыі з усіх працоўных калектываў аграпрамысловага комплексу, адбылося ўшаноўванне пераможцаў раённага спаборніцтва ў раслінаводстве. Завяршылася ўрачыстасць канцэртам удзельнікаў мастацкай сама­дзейнасці Пастаўшчыны.

Са святам!

Паважаныя ветэраны і працаўнікі аграпрамысловага комплексу!

 

Прыміце сардэчныя віншаванні з прафесійным святам  — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці!

Небывалы ўраджай атрымалі сёлета хлебаробы раёна — 41,4 цэнтнера з гектара, а валавы намалот склаў 82500 тон. Аснова поспеху — зладжаная работа кіраўнікоў і спецыялістаў, механізатараў і жывёлаводаў, фермераў і хлебаробаў. Значную дапамогу працаўнікам вёскі аказалі прамысловыя прадпрыемствы і арганізацыі раёна, выдзеліўшы неабходную тэхніку для адвозкі зерня. Сваёй ударнай, добрасумленнай працай вы забяспечылі харчовую бяспеку раёна, стварылі дастатковую сыравінную базу для перапрацоўчай прамысловасці.

Выказваем усім працаўнікам аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці вялікую ўдзячнасць за адданасць сялянскай справе, беражлівае і ашчаднае вядзенне работ на роднай зямлі, неацэнны ўклад ва ўмацаванне эканомікі раёна. Упэўнены, што і ў далейшым вы будзеце прымнажаць дасягнутае, працаваць з поўнай аддачай на карысць нашага народа, роднай Пастаўшчыны. Нізкі паклон вам за плённую працу, адданасць хлебаробскай справе.

Жадаем усім вам і вашым сем’ям дабра, зда­роўя, светлых пачуццяў, дабрабыту і поспехаў у нялёгкай працы.

В. ГУТАРАЎ,

старшыня раённага выканаўчага камітэта.

В. АРЭХАЎ,

старшыня раённага Савета дэпутатаў.

Дарагія пастаўчане, паважаныя працаўнікі сельскай гаспадаркі!

Сардэчна віншую вас са святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу!

Немагчыма пераацаніць значнасць вашай нялёгкай працы для павышэння дабрабыту і ўмацавання эканамічнай бяспекі Беларусі, для жыцця кожнага з яе грамадзян. Самых шчырых слоў падзякі заслугоўваюць працаўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак за адданасць справе, добрасумленнае стаўленне да працы.

Асаблівыя словы віншаванняў адрасую людзям сталага ўзросту, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы, перадавалі свой вопыт і майстэрства маладому пакаленню работнікаў аграпрамысловага комплексу. Ваша праца, самаадданасць заслугоўваюць захаплення і вялікай павагі.

Віншую ўсіх, хто працуе на зямлі, вырошчвае хлеб і агародніну, пастаўляе на наш стол малако, мяса і іншыя прадукты харчавання. Дзякуй вам за ваша цярпенне і працу, адданасць зямлі, за вернасць  сваёй справе. Шчыра жадаю вам багатых ураджаяў, спрыяльнага надвор’я, урадлівай глебы і важкага прыбытку. Няхай вашы рукі не ведаюць стомы, а вочы заўсёды радуюцца каласаванню нівы.

М. МОРХАТ, дэпутат

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Работнікам сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай прамысловасці,

шэфам, ветэранам працы!

 Сардэчна віншуем вас з прафесійным святам! Шчыра дзякуем за важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Дасягненні на хлебнай ніве, павелічэнне вытворчасці малочнай і іншай прадукцыі — гэта заслуга не толькі радавых працаўнікоў, якія вырошчваюць хлеб, атрымліваюць малако і мяса, вырабляюць харчовую прадукцыю, але і кіраўнікоў, спецыялістаў, моладзі, ветэранаў працы, работнікаў сацыяльнай сферы. Пры іх актыўным удзеле ў раёне асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, павышаецца культура земляробства, пашыраюцца асартымент і канкурэнтаздольнасць харчовай прадукцыі.

 

Глыбока ўдзячны вам за адданасць сялянскай справе, важкі ўклад ва ўмацаванне эканомікі раёна. Шчыра жадаем вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, новых працоўных поспехаў.

Упраўленне сельскай гаспадаркі

і харчавання райвыканкама.

Раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.