Армія, сустракай папаўненне!


30 лістапада завершыцца апошні этап восеньскай прызыўной кампаніі — адпраўка навабранцаў у Беларускую армію. Для праходжання тэрміновай службы ў шэрагах Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў адабрана 68 жыхароў Пастаўшчыны.

Усяго павесткі з’явіцца ў ваенкамат атрымалі 260 жыхароў раёна. Частка з іх пакінута дома для атрымання адукацыі, па сямейных абставінах, стане здароўя і ў адпаведнасці са спецыяльным Указам Прэзідэнта Беларусі. Чацвёра будуць праходзіць ваенную службу на кантрактнай аснове, яшчэ пяць чалавек — у рэзерве. Тыя ж, хто адправіўся выканаць абавязак перад Радзімай, папоўняць шэрагі радыётэхнічных войск, войск сувязі, органаў пагранічнай службы, унутраных войск МУС і сіл спецыяльных аперацый. У залежнасці ад адукацыі для адных навабранцаў служба прадоўжыцца год, для іншых — паўтара.

У адрозненне ад мінулых прызываў у цяперашні пытанне па прызыўніках, якія ўхіляюцца ад воінскай службы, стаіць не так востра — у ваенкамат не з’яві­ліся толькі тры чалавекі. Калі яны не аб’явяцца да канца месяца, прызыўная камісія накіруе дакументы ў пракуратуру для ўзбу­джэння крымінальных спраў.

23 лістапада наш ваенкамат пастаўляў маладое папаўненне для 228-га асобнага палка радыё­электроннай барацьбы (г. Полацк). Для прахо­джання службы ў ім не прад’яўляецца ніякіх завышаных патрабаванняў да стану здароўя. Разам з тым служба тут лічыцца прэстыжнай: на ўзбраенні ваеннаслужачых — перадавое сучаснае абсталяванне. Не апошнюю ролю адыгрывае і інтэлект — частка ваеннаслужачых, а мена­віта будучыя аператары, пасля праходжання спецыяльнага курса па анг­лійскай мове будуць несці баявыя дзяжурствы. Асновы службы ў войску, так званы курс маладога байца, юнакі пройдуць у Полацку, цырымонія прыняцця ваеннай прысягі запланавана на 12 снежня.

Антон Буяк ісці на службу не баіцца. «Абараняць Радзіму — абавязак кожнага. У свой час нашы бацькі і дзяды рабілі гэта для нас. Акрамя таго, я вельмі рады, што мяне забіраюць менавіта цяпер, пакуль не абзавёўся ўласнай сям’ёй. Не хацелася б праходзіць тэрміновую службу ў 26 гадоў», — кажа ён.

Падзяляе яго аптымізм і Павел Рабаў. Лічыць, што пазнаваць нешта новае заўсёды цікава. Хлопца праводзяць бацькі, сястра і дзяўчына. Тата прызыўніка — ваенны (служыць у пагранвойсках), таму тэр­мі­новую службу лічыць неабходнай. Ахвотна дае парады, заклікае выконваць загады і служыць добрасумленна. «Армія — гэта свайго роду школа жыцця, без якой нельга абысціся. Менавіта яна з юнакоў робіць мужчын. Вайскоўцы жартуюць, што няма дрэнных салдат, а ёсць дрэнныя камандзіры. Спадзяюся, Паўлу з камандаваннем пашанцуе». Разумее ўсё гэта і мама прызыўніка, але ледзь стрымлівае слёзы. Кажа, што любая матуля хоча, каб сын заўсёды знаходзіўся побач.

У гэтыя дні ў будынку ваенкамата шмат не толькі  прызыўнікоў, але і тых, хто на днях звольніўся ў запас. Яны прыходзяць станавіцца на ўлік, некаторыя выказваюць жаданне працягнуць службу па кантракце. Алег Казакевіч, Вадзім Сапроўскі і Уладзімір Харэцкі хоць да іх ліку і не адносяцца, але пра час, праведзены ў 228-м асобным палку радыёэлектроннай барацьбы, не шкадуюць.

— Загартавалі баявы дух, набылі самастойнасць, пазнаёміліся з цікавымі людзьмі, — кажа за ўсіх Алег. — Здавалася б, трэба радавацца, а на душы крыху сумна. Яшчэ не адаптаваліся, няма поўнага ўсведамлення таго, што пачалося цывільнае жыц­цё — быццам пайшлі ў звальненне.

…Пасля праходжання медагляду і заключэння ўрачоў перад прызыўнікамі з апошнімі павучаннямі выступілі ваенны камісар Пастаўскага райваенкамата Юрый Мільто і камандзір узвода вайсковай часці 32404 Васіль Хвасціёнак. Армія, сустракай папаўненне!

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.