Больш, чым планавалася


На мінулым тыдні механізатары адкрытага акцыянернага таварыства “Кураполле-агра” першымі ў раёне завяршылі зяблевае ворыва. Пры плане 1150 узарана 1255 гектараў глебы.

— Своечасовае правядзенне ворыва з’яўляецца важнейшым аграпрыёмам, — адзначыў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства С. У. Астапчук. — Навукай і практыкай даказана, што спазненне з гэтай работай прыводзіць да недабору 4-5 цэнтнераў зерневых з гектара. Таму ворыву, як і ў цэлым апрацоўцы глебы, надаём вялікую ўвагу. Работу звычайна пачынаем па меры вызвалення плошчаў. Вось і сёлета на першым часе было за­дзейнічана ўсяго некалькі  трактароў, а потым іх колькасць узрасла да 8. У асобныя дні глебу ўзорвалі на 60-ці і больш гектарах.

Спорылася работа ў механізатараў Сяргея Койры, Паўла Балта, Віктара Давыдава, Юрыя Сівага, якія працавалі на энерганасычаных трактарах з абаротнымі васьмі- і чатырохкорпуснымі плугамі і ўзаралі адпаведна 212, 217, 235 і 249 гектараў. Добрая выпрацоўка і ў Юрыя Усовіча, Аляксандра Яначкіна. Свой пасільны ўклад у ворыва глебы ўнеслі таксама Васілій Карнышаў і Васілій Бароўка.

Перавыканаўшы план зяблевага ворыва, “курапольцы” зрабілі яшчэ адзін важкі крок для паспяховага правядзення веснавых палявых работ, атрымання добрага ўраджаю ў наступным годзе. Да сказанага трэба дадаць, што ў аптымальныя тэрміны — у жніўні і верасні — была праведзена сяўба азімых: рапс заняў 100 гектараў, зерневыя (з улікам пасеваў на зялёны корм) — 1215 гектараў. У адпаведнасці з графікам вядзецца ачыстка насення яравых.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.