Дажынкі ў каледжы

Образование

Прадстаўнікі групы №19/2 з салодкімі прызамі

Для майстроў вытворчага навучання,  куратараў і навучэнцаў дзяржаўнага прафтэхкаледжа сельскагаспадарчай вытворчасці новы навучальны год, як і папярэднія, пачаўся з працоўнага дэсанта на ўборку ўраджаю  ў ААТ “Хацілы-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Камайскі-агра”, СП “Дунілавічы-агра” і АБП “Рассвет Пастаўскі”. Пераважная большасць сельскагаспадарчых атрадаў займалася падборам клубняў за капалкамі.  Нядаўна дырэкцыя падвяла вынікі іх работы, а ўшаноўванне лепшых атрадаў прайшло ў клубе кале­джа на традыцыйных дажынках.

Павіншаваўшы ўдзельнікаў сельгасработ з надыходзячым святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай   прамысловасці, — намеснік дырэктара па вучэбнай і вытворчай рабоце Наталля Аляксандраўна  Шылько адзначыла, што навучэнцы ўсіх груп і іх кіраўнікі з вялікай адказнасцю аднесліся да аказання дапамогі вяскоўцам на ўборцы бульбы, караняплодаў і льну, добра папрацавалі ў падсобнай гаспадарцы навучальнай установы. Імі выкананы вялікі аб’ём работы. Асабліва пашанцавала тым, хто трапіў у гаспадаркі з добрай ураджайнасцю другога хлеба і змог дабіцца найвышэйшай выпрацоўкі.  Аднак пры вызначэнні пераможцаў  улічваўся не толькі агульны аб’ём, але і каэфіцыент штодзённага ўдзелу навучэнцаў у сельгасработах,  колькасць выкананых норма-змен, памер заработнай платы і іншыя фактары.

Па гэтых паказчыках на першае месца, як і летась,  выйшаў дружны калектыў 207-ай групы  на чале з майстрам Валянцінай Міхайлаўнай Клянтак. У ААТ “Хацілы-агра” юнакі падабралі, а затым адсартавалі больш за 53,5 тоны бульбы, а ў сельскагаспадарчым філіяле АБП “Рассвет Пастаўскі” ўбралі  96 тон караняплодаў.  Кожны навучэнец зарабіў у сярэднім па 2 мільёны 80 тысяч рублёў.

Другое месца прысуджана 210-ай групе (майстар — Адам Часлававіч Кузміч, куратар — Марына Уладзіміраўна Карачаўцава), якая ў ААТ “Навасёлкі-Лучай” падабрала 97 тон бульбы і на 10 гектарах узняла льнотрасту  ў ААТ “Камайскі-агра”.

Старанна папрацавалі на льняных і бульбяных палетках  ААТ “Камайскі-агра” і “Хаці­лы-агра” навучэнцы 62-ой групы. Пад кіраўніцтвам куратара Надзеі  Тадэвушаўны Вярбіцкай і майстра вытворчага навучання Аляксандра Генадзьевіча Турлы яны на 19 гектарах паднялі і паслалі трасту, падабралі і адсартавалі больш за 47 тон бульбы. Дзейсную дапамогу гаспадаркам аказалі таксама групы №№ 18/2, 211, 212 і іншыя.

Пра важкі ўклад маладых памочнікаў ва ўборку ўраджаю на свяце гаварылі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Навасёлкі-Лучай”  Славамір Генрыхавіч Шапель і галоўны аграном ААТ “Хацілы-агра”   Іван Грыгор’евіч  Машлякевіч. Яны ўручылі кіраўнікам сельгасатрадаў грашовыя прэміі.

А вось галоўны аграном ААТ “Кураполле-агра” Сяргей Уладзіміравіч Астапчук прыехаў у каледж спецыяльна дзеля аднаго навучэнца — Максіма Адынца, які на працягу лета выдатна зарэкамендаваў сябе на ворыве і падрыхтоўцы глебы, адвозцы кармоў, выкананні іншых работ. Ён амаль ні ў чым не  саступаў старэйшым механізатарам і заслужана атрымаў апладысменты залы і каштоўны падарунак ад дырэкцыі сельгаспрадпрыемства.

Салодкімі прызамі — тартамі —  адзначана руплівая праца навучэнцаў групы 19/2, якія пад кіраўніцтвам куратара Сяргея Анатольевіча Катовіча працавалі на ўборцы бульбы ў вучэбнай гаспадарцы каледжа.  Добрых слоў заслужылі групы на вырошчванні агародніны.  57 навучэнцаў, якія асабліва вызначыліся на ўборцы ўраджаю ў сельгаспрадпрыемствах, атрымалі падзякі дырэктара навучальнай установы.

Свята ўраджаю завяршылася музычнымі віншаваннямі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.