Душа, як шчасця, прагне слова


Сёння нярэдка гаворыцца пра страту цікавасці да паэзіі, пра тое, што яна мала каго хвалюе. У наш рацыянальны, інфарматыўны час паэты выглядаюць ледзь не дзівакамі. Нягледзячы на гэта, паэзія існуе нават на інтэрнэт-сайтах, дзе размяшчаюцца кнігі вершаў і праводзяцца паэтычныя конкурсы.

17 кастрычніка ў Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэцы адбыўся раённы семінар на тэму “Беларуская літаратура. Маладыя галасы беларускай паэзіі”. На базе нашай бібліятэкі ён праводзіўся невыпадкова, бо тут на працягу 28 гадоў працуе клуб паэзіі “Брыганціна”, адбылося шмат разнастайных мерапрыемстваў да юбілейных дат паэтаў і пісьменнікаў, а таксама ладзіліся сустрэчы з цікавымі творчымі людзьмі, мясцовымі паэтамі.

Увазе бібліятэкараў раёна была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя “Душа, як шчасця , прагне слова”, на якой прагучалі вершы маладых беларускіх паэтаў, надрукаваныя ў кнігах, часопісах “Полымя”, ”Маладосць”, а таксама свае вершы прачыталі маладыя паэты Варапаеўшчыны Андрэй Кімбар і Юлія Гваздзеўская.

Андрэй Кімбар — студэнт 5 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яго вершы надрукаваны ў часопісах “Маладосць” і “Полымя”. Хлопец нарадзіўся ў Варапаеве, тут скончыў школу з залатым медалём. У старэйшых класах заха­піўся гісторыяй Беларусі, а праз яе — беларускай мовай і культурай. Неаднаразова займаў прызавыя месцы ў раённых, абласных алімпіядах па гісторыі, геаграфіі, быў капітанам каманды “Экспромт” інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. Зараз прымае актыўны ўдзел ва ўніверсітэцкім жыцці.

Для ўдзельнікаў семінара Андрэй прачытаў нізку сваіх вершаў пад назвай “… І кахання агонь разгараецца”. Заваражылі публіку яго вершы “Музыкі” ,“У чаканні навальніцы”, “Поў­ня”, “У сне”, вершы пра Радзіму.

Спадабалася гледачам і выступленне Юліі Гваз­дзеўскай. Дзяўчына з адзнакай скончыла Віцебскі педуніверсітэт імя П. Машэрава, атрымала кваліфікацыю географа і настаўніка геаграфіі. Акрамя таго, яна — маладая маці. Мае маленькую дачушку. Вершы пачала складаць яшчэ ў школе. Яе пранікнёны верш “Родная мова” быў надрукаваны ў “Пастаўскім краі”. У студэнцкія гады творы Юліі з’яўляліся ва ўніверсітэцкай газеце “Мы і час”. З цікавасцю паслухалі яе вершы “Мая Беларусь”, “Казка пра Папялушку” .

У выкананні вучняў Варапаеўскай СШ прагучалі вершы беларускіх аўтараў пра родную зямлю, каханне, а таксама творы маладых паэтаў Варапаеўшчыны Юліі Галяш і Анастасіі Вайцяшонак. А драмгурткоўцы паказалі інсцэніроўку лепшага твора літаратурнага конкурсу “Брамамар” у намінацыі “Школь­ная паэзія” — “Балады пра сон” Кацярыны Шарачэнка. Удзельнікаў семінара вітаў народны ансамбль народнай музыкі і песні “Заранка”.

Паэзія — гэта не толькі слова. Прысутнічае яна і ў іншых відах творчасці. Прыходзьце на выставы, якія зараз дзейнічаюць у бібліятэцы, і самі пераканаецеся ў гэтым. А яны наступныя: выстава карцін “Варапаева — мая калыска” Яніны Баляславаўны Ліманоўскай, выстава-вернісаж “Са шкатулкі ўласных фантазій” Наталлі Галяш, выставы вырабаў “Дзівосная магія кветак” Ганны Сыгула і “Цуды сваімі рукамі” Ірыны Халдзей, фотавыстава “Зямля, якая заўсёды мяне чакае” Алы  Мароз-Майсяёнак, выстава-вышыўка “Ніці душы”  Глафіры Фёдараўны Навумчык.

 Калектыў Варапаеўскай

 гарпасялковай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.