Фанні Ардан ухваліла агуркі з Пастаў


Галоўнай госцяй кінафестывалю “Лістапад”, які праходзіў у Мінску 6—13 чысла гэтага месяца, была папулярная французская актрыса і рэжысёр Фанні Ардан. Шырокаму гледачу яна вядома па фільмах “Соседка”, “Полковник Шабер”, “Каллас навсегда”, “Распутин” і іншых. На “Лістападзе” дэманстраваўся фільм “Навязчивые ритмы” — рэжысёрская работа Фанні Ардан.

Французская знакамітасць дала ў Мінску некалькі інтэрв’ю, у тым ліку і агульнанацыянальнаму тэлеканалу. Вёў яго Аляксандр Мацяс. А перад пачаткам размовы прама ў эфіры “Контураў” ён уручыў актрысе… слоічак марынаваных агуркоў, заўважыўшы, што яны ад цешчы. Такі прэзент невыпадковы: Фанні Ардан — вялікая аматарка марынаваных агуркоў і прыняла іх з асляпляльнай усмешкай. Хто ведае, што больш усцешыла чароўную і загадкавую францужанку — гэты слоічак ці шыкоўны букет ірысаў, галантна паднесены журналістам.

Аднак пра агуркі. Як вы ўжо зразумелі з загалоўка, яны вырашчаны ў Паставах. А канкрэтна, Аленай Міхайлаўнай Шорац — цешчай Аляксандра Мацяса. “Падзяліцеся рэцэптам!” — прашу яе пасля прагляду “Контураў”. “Іх у мяне шмат, не пазначала, па якім закатвала, — смяецца ў адказ. — Але Фанні Ардан ухваліла і на прыёме ў французскім пасольстве, куды былі запрошаны і Саша з жонкай, прасіла падзякаваць мне за пачастунак. Але не пішыце пра гэта. Навошта?”

Чаму не пісаць? Такая прыемная навіна…

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.