І на месцы з работай знаёміліся


29 кастрычніка адбылося пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Яго адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў.

Першым на парадку дня стаяла пытанне “Аб дзейнасці назіральных камісій па арганізацыі пажарна-прафілактычнай работы ў жылым фондзе, дзейнасці пазаштатных пажарных інспектараў  і назіральных камісій пры правядзенні агляду супрацьпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах”. З інфармацыяй па ім выступіў інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. А. Мухля. Ён прааналізаваў сітуацыю ў раёне, прывёў статыстыку, спыніўся на задачах.

За 9 месяцаў у раёне адбылося 28 пажараў (25 — у прыватным жылым сектары, 2 — у ведамасным жылым фондзе, 1 — на асабістым транспарце грамадзян). Адзін чалавек загінуў, адзін атрымаў траўму. Знішчана 5 пабудоў, пашкоджана 19. Асноўнымі прычынамі пажараў з’яўляюцца: неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення, электрасетак і абсталявання, газавых устройстваў і агрэгатаў, правілаў захоў­вання, выкарыстання, вырабу і транспарціроўкі рэчываў і матэрыялаў, падпал.

З мэтай прыцягнення грамадскасці да справы па папярэджанні пажараў і барацьбе з імі пры органах мясцовага самакіравання ствараюцца групы пазаштатных пажарных інспектараў, якія закліканы аказваць дапамогу органам мясцовага самакіравання ў ажыццяўленні кантролю за захаваннем стандартаў, норм і правілаў пажарнай бяспекі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях, жылых дамах і на іншых аб’ектах, незалежна ад форм уласнасці. У раёне створана 11 такіх груп, у склад якіх уваходзіць 366 чалавек. Групамі сельскіх Саветаў правераны 5627 домаўладанняў (кватэр) грамадзян, праінструктавана 11116 чалавек. Органамі мясцовага самакіравання арганізуюцца агляды супрацьпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах і навучання насельніцтва мерам пажарнай бяспекі. Да гэтай работы прыцягваюцца дэпутаты, пазаштатныя пажарныя інспектары, ствараюцца назіральныя камісіі — сёлета імі праверана 2782 домаўладанні (кватэры), праінструктавана 4864 чалавекі.

На пасяджэнні адзначалася работа вучэбна-метадычных цэнтраў мясцовых органаў улады (іх 25, 23 размешчаны на тэрыторыі Саветаў і 2 — ва УП ЖКГ), а таксама работа з насельніцтвам праз грамадскія пункты аховы правапарадку.

Свае меркаванні выказалі таксама начальнік РАНС А. І. Кісель, старшыні Валкоўскага і Навасёлкаўскага сельскіх Саветаў Т. Б. Баторы і К. Э. Мядзведзеў.

Па другім пытанні — “Аб рабоце дзяржаўнай установы “Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” па выкананні Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011—2015 гады на тэрыторыі Лынтупскага сельсавета” — з інфармацыяй выступіў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто. Ён расказаў пра работу ўсіх падраздзяленняў ТЦСАН, якім кіруе Д. І. Пякарская, выступленне суправаджалася слайдамі. У цэнтры цяпер налічваецца 9 аддзяленняў. У Лынтупах створаны філіял цэнтра, пры якім працуюць аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму, тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, кругласутачнага знаходжання, салон “Міласэрнасць”, пункт пракату артапедычных сродкаў, выязная сацыяльная цырульня.

З 1 студзеня бягучага года дзейнічае аддзяленне дзённага знахо­джання для грамадзян пажылога ўзросту. Тут праводзяцца аздараўленчыя, культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Для прыцягнення да пасільнай працоўнай дзейнасці і падтрымкі актыўнага ладу жыцця працуюць гурткі і клубы па інтарэсах, рэабілітацыйна-працоўная майстэрня па вырабе рытуальных карзін, створаны валанцёрскі рух.

З усім гэтым члены прэзідыума і дэпутаты азнаёміліся на месцы падчас выезду: спачатку ў аддзяленне дзённага знаходжання ў Паставах, дзе тлумачэнні давала загадчыца Л. З. Фень, а потым на Лынтупшчыну — тут аб рабоце сацыяльных аб’ектаў расказалі загадчыцы філіяла ТЦСАН і аддзялення кругласутачнага знаходжання А. А. Валасевіч і Н. Т. Гатоўская.

Па абодвух пытаннях, разгледжаных на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, прыняты канкрэтныя рашэнні.

А. МІНКЕВІЧ,

галоўны спецыяліст

 раённага Савета дэпутатаў.   

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.