Каб менш было інфарктаў і інсультаў


Вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Э. К. Сідаровіч падчас выступлення з дакладам.

5 лістапада на базе Пастаўскай ЦРБ прайшоў абласны навучальны семінар “Сучасныя падыходы да дыягностыкі і лячэння цэрэбраваскулярных захворванняў”, які правялі спецыялісты Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Для ўдзелу ў семінары ў наш горад прыехалі каля паўсотні ўрачоў з Браслаўскай, Міёрскай, Глыбоцкай, Докшыцкай і Шаркаўшчынскай цэнтральных раённых бальніц: участковыя, тэрапеўты, неўролагі, хірургі і нейра­хірургі, урачы агульнай практыкі, прыёмных аддзяленняў, хуткай дапамогі, спецыялісты і загадчыкі нейрахірургічнага і неўралагічнага аддзяленняў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, гарадскіх клінічных бальніц №1 і хуткай медыцынскай дапамогі горада на Дзвіне, а таксама абласнога дыягнастычнага цэнтра.

На правах гаспадара адкрыў семінар галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ У. М. Чакавы. Ён коратка расказаў гасцям пра наш раён: яго плошчу, месцараспалажэнне і гісторыю, а таксама пра сістэму аховы здароўя Пастаўшчыны. Уладзімір Мікалаевіч адзначыў, што яе структура складаецца з 6 бальніц, 2 паліклінік, 8 урачэбных амбулаторый, 27 ФАПаў і 3 аддзяленняў хуткай медыцынскай дапамогі, у якіх працуюць 99 урачоў і 545 медработнікаў сярэдняга звяна. Акрамя таго, у раёне маюцца першы ваенны шпіталь пагранвойскаў і абласны дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Ветразь”, дзе заняты яшчэ 43 урачы. Каб лепш пазнаёміць прысутных з асаблівасцямі аказання медыцынскай дапамогі і ўмовамі лячэння хворых, быў прадэманстраваны спецыяльны фільм, створаны журналістамі Пастаўскага тэлебачання.

Затым з дакладамі перад ­удзельнікамі семінара выступілі кандыдаты і дактары медыцынскіх навук — намеснік дырэктара і вядучыя навуковыя супрацоўнікі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, прадстаўнікі кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яны падрабязна расказалі пра сучасныя падыходы да дыягностыкі і лячэння захворванняў галаўнога мозгу, звязаных з парушэннем мазгавога кровазвароту, якія прыводзяць да інфарктаў і інсультаў, а таксама іх прафілактыку.

У адпаведнасці з графікам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, на працягу кастрычніка—снежня бягучага года аналагічныя навучальныя семінары для ўрачоў-спецыялістаў пройдуць ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.