Кожны салдат варты памяці. На Пастаўшчыне прайшоў аўтапрабег па месцах пахаванняў Першай сусветнай


11 лістапада 1918 года пасля больш чым чатырох гадоў няспыннай барацьбы сціхлі баі на Заходнім фронце. Скончылася Першая сусветная вайна, якая стала адным з самых шырокамаштабных ваенных канфліктаў у гісторыі чалавецтва. У баявыя дзеянні былі ўцягнуты 38 з 59 тады існуючых незалежных дзяржаў. У баях загінула каля 10 мільёнаў чалавек. Сотні тысяч сваіх жыхароў страціла і Беларусь.

11 лістапада ў свеце адзначаецца як Дзень прымірэння, у які ўспамінаюць ахвяр усіх ваенных канфліктаў. Да гэтай знакавай даты на Пастаўшчыне было прымеркавана  мерапрыемства “Першая сусветная вайна — трагедыя, гераізм, памяць, прымірэнне”, цэнтральнай падзеяй якога стаў аўтапрабег па месцах пахаванняў рускіх і нямецкіх салдат на тэрыторыі нашага раёна.

 Наш святы абавязак

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі раённы выканаўчы камітэт, Пастаўскі раённы краязнаўчы музей, пастаўскае валанцёрскае аб’яднанне “Заходні рубеж”, і ў прыватнасці яго лідар Андрэй Мацур. Ён захапіўся гэтай тэмай некалькі гадоў назад. Пасля шматлікіх экспедыцый уздоўж лініі фронту арганізаваў выставу “Нябачныя помнікі Вялікай вайны”, якая пабывала ў шэрагу гарадоў Беларусі. Таксама распачаў вялікую работу па аднаўленні воінскіх пахаванняў часоў Першай сусветнай. Разам з аднадумцамі — пастаўчанамі Паўлам Курто і Валянцінам Жамойдзем — арганізавалі суботнікі на запушчаных пахаваннях.

Ініцыятыву падтрымалі раённы камітэт БРСМ, пастаўскі ад­дзел РГА “Беларускае казацтва”, ваеннаслужачыя в/ч 2044 і Першага радыётэхнічнага вузла, супрацоўнікі ДААСУ “Авіяцыя” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і проста нераўнадушныя да гісторыі свайго краю пастаўчане. Менш чым за год адноўлены і добраўпарадкаваны воінскія пахаванні каля возера Чэцверць, у вёсках Пятроўшчына, Лапуці, Дварчаны, Кашыцы. Распачата работа па іх пашпартызацыі, наданні ім статусу аб’ектаў, ахоўваемых дзяржавай. Маштабы зробленага маглі ацаніць усе ўдзельнікі аўтапрабегу.

Мерапрыемства пачалося ў філіяле раённага музея, размешчаным у падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў. Выставачная зала ледзь умясціла ўсіх гасцей. Сярод іх былі і вядомыя ва ўсёй краіне знаўцы тэмы Вялікай вайны — адзін з самых аўтарытэтных спецыялістаў па пахаваннях Першай сусветнай, гісторык і журналіст Уладзімір Багданаў, мастак Барыс Цітовіч з жонкай Валянцінай, пісьмен­нік, гісторык, тэлевядучы канала “АНТ” Вячаслаў Бандарэнка і іншыя. Таксама прысутнічалі ксяндзы Анджэй Возьняк і Яцэк Хутман з Пастаў і Камай, настаяцель Варапаеўскай Свята-Уваскрэсенскай царквы Георгій Лакотка, другі сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Вераніка Казлоўская, старшыня Камайскага сельскага Савета Г. Ч. Урбанайць, прадстаўнікі пастаўскіх воінскіх часцей і шматлікія іншыя.

Прысутных вітаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Мікалаевіч Кісялёў.

—            Дзякуй усім, хто, не шкадуючы сіл і часу, аднаўляе памяць пра людзей, якія ў гады ваеннага ліхалецця склалі галовы на ратным полі. Пастаўшчына ў прамым сэнсе слова палітая крывёй. Наш раён знаходзіўся ў эпіцэнтры падзей, тут баі былі асабліва жорсткімі. Пытанне ўвекавечання памяці салдат Першай сусветнай мае вялікае значэнне. Сёння гэта робіць увесь цывілізаваны свет. Летась у Францыі адкрылі мемарыял, дзе выгра­віравана амаль 600 тысяч імён ахвяр Вялікай вайны — незалежна ад звання, нацыянальнасці, веравызнання. На жаль, у нас падзеі стогадовай даўнасці прызабытыя. Аднак ушанаваць памяць пра загінулых — наш святы абавязак. Кожны мае права на памяць. Гэта пытанне гуманнасці, агульначалавечых прынцыпаў.

Вярнуцца ў ваенныя будні Першай сусветнай дапамагла Валянціна Пятроўна Цітовіч — яна паказала надзвычай эмацыянальную пастаноўку, асновай якой сталі вершы і пісьмы ўдзельнікаў вайны. У іх — пра тое, чым яны жылі, пра што марылі, як умелі радавацца дробязям… Многія аўтары гэтых пісем з фронту так і не вярнуліся.

Гасцей мерапрыемства таксама чакала экскурсія па музеі, дзе некалькі залаў адведзена экспанатам Першай сусветнай вайны. Усе яны сапраўдныя, знойдзеныя на тэрыторыі раёна: артылерыйскія снарады, зброя, калючы дрот, прадметы, якімі карысталіся салдаты, бытавыя рэчы…

Затым усе перамясціліся ў актавую залу цэнтральнай раённай бальніцы. Тут адбылася невялікая мультымедыйная прэзентацыя, падчас якой Андрэй Мацур расказаў пра дзейнасць валанцёрскага аб’яднання “Заходні рубеж”. Пасля яе заканчэння гісторык Уладзімір Багданаў перадаў раённаму музею ўнікальны падарунак — выдадзены ў 20-я гг. ХХ стагоддзя альбом нямецкага пяхотнага палка “Граф Бафус”. На 90 старонках можна знайсці дзясяткі здымкаў, зробленых германцамі на тэрыторыі Пастаўскага раёна падчас вайны. На іх, у прыватнасці, фігурыруюць вёскі Мажэйкі, Ярэва, Мунцавічы, Гадуцішкі і іншыя. На фатаграфіях можна ўбачыць шматлікіх ваеннаслужачых, моманты баёў, пахаванне нямецкіх салдат у суправаджэнні аркестра і нават прускага генерал-фельдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга, які падчас вайны наведваў Гадуцішкі. Разам з гэтым у аб’ектыў трапіла і Пастаўшчына — яе быт, стан населеных пунктаў у тыя часы.

Захаваць для будучых пакаленняў

З актавай залы ўсе адправіліся ў аўтапрабег. Першым прыпынкам калоны больш чым з дваццаці аўтамабіляў сталі грамадзянскія могілкі ў вёсцы Кашыцы. Колькі тут было пахавана рускіх салдат падчас Вялікай вайны, дакладна невядома. 20 імёнаў валанцёрам дапамог устанавіць супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Андрэй Каркотка. Цяпер яны напісаны на шыльдзе, размешчанай на  нядаўна ўсталяваным крыжы ў памяць аб загінулых. Спонсарскую дапамогу для яго вырабу аказалі УП “Завод “Беліт” і ТАА “Мітара”.

Крыж устаноўлены на прыблізным месцы пахавання салдат: яно было вызначана дзякуючы картам, якія захаваліся з тых часоў. Дзе знаходзіліся магілы, сказаць складана. Рускія ў большасці выпадкаў ставілі па ахвярах драўляныя крыжы, якія з часам разбураліся.

Новы крыж і тэрыторыю вакол яго асвяцілі праваслаўны і каталіцкі святары, якія таксама прачыталі малітвы за супакой загінулых. Памяць пра іх ­удзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання. Аб’яўлена яна была і ў вёсцы Сіўцы, куды накіраваліся далей: там знаходзяцца два помнікі ахвярам Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Асаблівую ўвагу сярод гасцей звярталі на сябе намеснік дырэктара прадпрыемства па вырабе распазнавальных знакаў Андрэй Аралін і знакаміты беларускі мастак, стваральнік мемарыяльнага комплексу, прысвечанага падзеям Першай сусветнай вайны, у вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна, кіраўнік дабрачыннага фонду памяці ахвяр Першай сусветнай вайны Барыс Цітовіч. Яны былі апрануты ў рускую вайсковую форму часоў Першай сусветнай —  дакладны аналаг той, якую насілі афіцэры.

Тэмай Вялікай вайны Барыс Барысавіч займаецца з 1974 года. Дзякуючы яго намаганням адноўлена і прыведзена ў добры стан мноства забытых раней могілак Першай сусветнай у Вілейскім раёне. Работа мастака ў гэтым кірунку — у многім узорная для пастаўчан.

У адным са сваіх інтэрв’ю Барыс Барысавіч Цітовіч выказаў меркаванне:

—            Некаторыя кажуць: “Гэта руская вайна, мы не маем да яе ніякага дачынення”. Аднак ра­сійская імператарская армія была шматнацыянальнай, у яе прызвалі каля 900 тысяч беларусаў. Усяго за гэтыя гады загінуў мільён нашых землякоў — салдат і мірных людзей. Колькі жыццяў забрала адна толькі “Нарацкая аперацыя” 1916 года! За 10 дзён агульныя страты (з улікам забітых, параненых, зніклых без вестак) склалі 78 тысяч чалавек імператарскай арміі і каля 30-40 тысяч немцаў. Гэтыя крывавыя старонкі нашай гісторыі не павінны быць забыты.

Чарговым прыпынкам сталі Камаі. Побач са школай па ініцыятыве мясцовага ксяндза Яцэка Хутмана і жыхароў аграгарадка тут некалькі гадоў назад устаноўлены памятны знак ахвярам Першай сусветнай вайны.

У той дзень святар таксама правёў для гасцей экскурсію па знакамітым не толькі ў раёне, але і ва ўсёй Беларусі храме.

 Гісторыя, якая пад нагамі

Пасля ўдзельнікі аўтапрабегу накіраваліся да вёскі Лапуці Лынтупскага сельсавета. За некалькі кіламетраў ад яе, сярод палёў, балот і закінутых хат, знаходзіцца яшчэ адно пахаванне нямецкіх салдат. Гісторыкі лічаць, што, хутчэй за ўсё, яно існавала пры лазарэце 115-й пяхотнай дывізіі, які знаходзіўся паблізу.

Ля пахавання ўзвышаецца каменны крыж-помнік, яго вышыня складае каля чатырох метраў. Яшчэ ў пачатку бягучага года разгледзець яго здалёк было немагчыма. Калі валанцёры прыехалі сюды ўпершыню, убачылі захламленую шматлікімі паваленымі дрэвамі тэрыторыю. Частка магіл была раскапана. Для пахаванняў Першай сусветнай гэта прывычная карціна. “Чорныя капальнікі” па-ранейшаму знаходзяцца ў пошуку ўзнагарод, каштоўных рэчаў.

Пасля суботніка, у якім таксама прынялі актыўны ўдзел старшыня Камайскага сельскага Савета Г. Ч. Урбанайць, прадстаўнікі раённага аддзела РГА “Беларускае казацтва” на чале з яго кіраўніком Аляксандрам Зазуліным, месца не пазнаць — тэрыторыя чыстая, добраўпарадкаваная.

Якія ўражанні ўбачанае пакідае ва ўдзельнікаў аўтапрабегу?

—            Для мяне гэта тэма глыбока асабістая, — расказаў пісьменнік, аўтар кніг пра Першую сусветную вайну, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, тэлевядучы АНТ Вячаслаў Бандарэнка. — Не так далёка ад гэтых мясцін у “Нарацкай аперацыі” ўдзельнічала брыгада, якой камандаваў мой стрыечны пра­дзед. Тэме Вялікай вайны я прысвячаю нямала часу. Стараюся ўдзельнічаць у мерапрыемствах, канферэнцыях. На адной з іх і пазнаёміўся з Андрэем Мацурам. Прыемна на душы, калі бачыш апантаных агульнай ідэяй людзей, якія абсалютна бясплатна робяць такую вялікую справу.

Вячаслаў Бандарэнка паведаміў, што тэлеканал “АНТ” хутка прыступае да здымак фільма, які будзе прысвечаны пошуку невядомых раней пахаванняў. Экспертам выступіць Уладзімір Багданаў.

—            Упэўнены, што мы іх знойдзем, — працягваў Вячаслаў. — Ды і не трэба асабліва шукаць. Сведкі гісторыі часта ляжаць пад нагамі, толькі мы гэтага не заўважаем. Працаваць будзем на граніцы з Літвой. Не выключэнне, што ў цэнтры ўвагі будзе і Пастаўскі раён.

Сапраўды, зямля хавае яшчэ шмат напамінаў пра тыя крывавыя падзеі. Толькі сёлетняй вясной былі адкрыты тры новыя пахаванні. Усяго іх у раёне налічваецца больш за трыццаць, і, безумоўна, гэта яшчэ не ўсё. Калі Уладзімір Багданаў пачынаў свае даследаванні дзесяць гадоў назад, на Пастаўшчыне афіцыйна было вядома толькі пра адно вайсковае пахаванне Першай сусветнай. Потым яшчэ каля дзясятка вядомаму гісторыку паказаў мясцовы краязнаўца Ігар Пракаповіч, які добра ведае гэту тэму.

 У імя міру

Госці мерапрыемства наведалі пахаванне ў Дварчанах, якое да нядаўняга часу таксама было ў занядбаным стане. Прывесці яго ў належны выгляд валанцёрскай групе дапамаглі ваеннаслужачыя тэрміновай службы вайсковай часці 2044, супрацоўнікі МНС, РАУС.

На тэрыторыі пахавання знаходзіцца некалькі дзясяткаў каменных крыжоў. Яны былі ўстаноўлены замест першапачатковых пры польскай уладзе — за кошт Германіі і «Чырвонага крыжа». А вось цэнтральны помнік з каменю захаваўся з часоў вайны. “Тут пахаваны салдаты Першага Верхнярэйскага Каралеўскага прускага пяхотнага палка №91”, — дапамог расчытаць надпіс Уладзімір Багданаў.

Помнік арыгінальны, нестандартны. Зрэшты, як і іншыя, устаноўленыя немцамі. Яны асабліва ўшаноўвалі памяць пра сваіх салдат, нават выклікалі з Германіі скульптараў, каб спраектаваць помнікі. Многія маюць вя­лікую мастацкую вартасць.

Канцавым прыпынкам стала нямецкае пахаванне каля вёскі Пятроўшчына.  Яно інтэрнацыянальнае. У калекцыі Уладзіміра Багданава (а яна налічвае сотні рарытэтных фатаграфій) ёсць здымак гэтага пахавання, зроблены яшчэ ў ваенныя гады. На ім выразна бачна, што на могілках асобна знаходзяцца магілы з праваслаўнымі крыжамі. Пра тое, што тут пахаваны рускія (а магчыма, і беларускія) воіны, сведчаць і надпісы на надмагільных плітах. Такія агульныя для ваюючых бакоў пахаванні былі ў той час звычайнай з’явай.

—            Пасля «Нарацкай аперацыі» некаторы час трупы салдат ляжалі на нейтральнай тэрыторыі, рускія іх не хавалі, — пракаменціраваў гэты факт Уладзімір Багданаў. — Толькі у другой палове красавіка звярнуліся з прапановай аб перамір’і, каб пахаваць забітых. Яно пачалося на Вя­лікдзень 1916 года і доўжылася некалькі дзён. Але бліжэй за 100 метраў да варожых пазіцый падыходзіць забаранялася. Немцы самі хавалі тых, хто там ляжаў, і тых, хто змог прарвацца на іх пазіцыі і там загінуў. Яны хавалі рускіх разам са сваімі, ставілі праваслаўныя крыжы. У 1930-я іх памянялі на бетонныя помнікі. На большасці з іх надпісы “Неизвестные русские солдаты”, але асобныя імёны і прозвішчы расійскіх салдат сустракаюцца.

Вось што пісаў пра “Нарацкую аперацыю”, грунтуючыся на дакументальных крыніцах, вядомы расійскі пісьменнік Валянцін Пікуль: “В конце зимы 1916 года немцы атаковали мощнейший французский укрепрайон Верден. Изнемогавшая Франция попросила Россию ускорить планировавшееся на лето наступление. И в марте 1916 года русские солдаты пошли на немцев в районе белорусского озера Нарочь. Взяли 10 квадратных вёрст, потеряв при этом 78 тысяч бойцов. Эти жизни потонули в крови и нарочанских болотах, как говорили тогда. Такова цена, отданная нами за спасение Франции под Верденом”.

Пахаванне ў Пятроўшчыне пастаўскія актывісты аднавілі першым. Падчас суботніка, які прайшоў у маі, быў вывезены цэлы прычэп смецця — бутэлек, цэлафану, дошак… Яго на працягу многіх гадоў прыносілі сюды жыхары вёсак, хутчэй за ўсё, бліжэйшых. Бетонныя пліты былі бязладна ссунутыя, магілы раскапаныя.  Цяпер прывесці туды зацікаўленых гэтай тэмай гісторыкаў не сорамна.

—            Адчуваю вялікае задавальненне, што работа па ўвекавечанні ахвяр Першай сусветнай скранулася з мёртвай кропкі, — працягваў Уладзімір Багданаў. — Думаю, што да стогадовага юбілею самай крывавай за гады вайны “Нарацкай аперацыі”, якая разгортвалася ў 1916 годзе і на тэрыторыі Пастаўшчыны, мы падыдзем з годнымі вынікамі. Нам будзе што паказаць шматлікім гасцям, якія абавязкова сюды прыедуць. Зроблена вялікая работа, але яшчэ больш трэба зрабіць — у нас шмат планаў. Радасна, што іх ёсць з кім ажыццяўляць. Над тэмай Вялікай вайны я працую з 2004 года. Назбіраў шмат матэрыялу (спецыялізуюся менавіта на воінскіх пахаваннях), быў у многіх рэгіёнах. Але магу сказаць дакладна, што валанцёрскі рух, які разгарнуўся на Пастаўшчыне, у Беларусі аналагаў не мае.

Да кожнага пахавання былі ўскладзены кветкі і запалены свечкі.

—            Сёння мы праехалі зусім невялікую адлегласць, — заўважыў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. — Усе звярнулі ўвагу на тое, што пахаванні сустракаюцца часта, некаторыя размяшчаюцца літаральна праз некалькі кіламетраў адно ад аднаго. А калі яшчэ ўзяць месцы, куды мы не даехалі… Колькасць ахвяр той вайны не паддаецца падліку. Усё, што мы сёння робім, — у імя міру. І наш аўтапрабег — яшчэ адзін напамін аб тым, што такая трагедыя ніколі не павінна паўтарыцца.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара, з архіва раённага краязнаўчага музея і Андрэя МАЦУРА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.