«Люблю зямлю і ўсё, што на ёй расце»

Общество Сельское хозяйство

Марына Мечыславаўна Галубёнак — галоўны аграном філіяла “Нафтазаводмантаж-агра”. Па выніках работы за мінулы год удастоена ганаровага звання “Чалавек года Пастаўшчыны”. На дварэ глыбокая восень, завершаны асноўныя сельскагаспадарчыя работы. У народзе часам жартуюць: няма лепшай працы, чым у настаўніка летам, а ў агранома — зімой.

— Марына Мечыславаўна, якімі клопатамі ў гэтыя дні жыве аграном?

— Актыўна вядзём уздым зябліва. Чым на большай плошчы зробім гэту работу восенню, тым лягчэй будзе вясной. Рупімся на ачыстцы насення. Будучы ўраджай у многім залежыць ад якасці насеннага матэрыялу. У нашай гаспадарцы ўсё насенне практычна сваё, купляем толькі па 7-10 тон эліты. Склала заяўку на набыццё гербіцыдаў, пестыцыдаў, азотных і фосфарных удабрэнняў пад веснавую сяўбу.

— Як адсеяліся восенню?

— Даведзены план выканалі. Пасеялі 760 гектараў, 185 з іх адвялі пад азімае трыцікале, 455 — пад пшаніцу, астатнія 120 гектараў засеялі трыцікале на зялёны корм. Усё складваецца  згодна з планам, калі спраўна працуе тэхніка. Асабіста для мяне восеньская сяўба больш напружаная, чым веснавая. Работы «чапляюцца» адна за другую, часу на прафілактычны агляд трактароў і прычапнога інвентару ў механізатараў малавата, таму здараюцца паломкі, а значыць і затрымкі. Але людзі ў нас працавітыя і адказныя, душой хварэюць за даручаны ўчастак.

— Каго хацелі б адзначыць?

— Слоў пахвалы заслу­гоў­ваюць усе механізатары. Стараюцца, не лічацца з часам, імкнуцца рабіць усё для таго, каб грамадскі статак быў забяспечаны кармамі, каб радзіла ніва. Такім прафесіяналам, як Уладзімір Жойдзь, Генадзь Казакевіч, Дзмі­трый Жалянцоў, Дзмітрый Якімовіч, Аляксей Татун, Георгій Зелянкевіч, Сяргей Счасны, падуладна любая тэхніка. Яны выконваюць асноўны аб’ём сельскагаспадарчых работ: рыхтуюць глебу, уносяць угнаенні, сеюць, праводзяць хімпраполку пасеваў, нарыхтоўваюць кармы, убіраюць вырашчанае. І ў тым, што мне прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Пастаўшчыны”, заслуга ўсяго калектыву.

— Сёлетні год парадаваў ураджаем?

— Так. Сярэдняя ўра­джайнасць — 42,1 цэнтнера з гектара. Намалацілі 5137 тон збожжа — на 2 тысячы тон больш, чым летась. На такі вынік нават не разлічвалі. Хоць зрабілі ўсё для таго, каб колас быў важкім, трывожыла засуха. Ураджай перавысіў чаканні. Найлепш урадзілі азімыя.

— Якія складальнікі поспеху?

— Іх нямала: сяўба якасным насеннем, унясенне неабходнай колькасці гербіцыдаў, угнаенняў, правядзенне ўсіх работ у аптымальныя тэрміны, нала­джаная работа тэхнікі, чалавечы фактар, умовы надвор’я. Скласці адно да аднаго не заўсёды атрымліваецца. Напрыклад, сёлетняе жніво пачалі зла­джана, добра падрых­тава­нымі. І здарылася непрадбачанае: па розных прычынах зламаліся тры камбайны. Адзін удалося адрамантаваць хутка, а яшчэ два прастойвалі некалькі дзён. Колькі нерваў “згарэла” і ў механізатараў, і ў інжынернай службы, і ў мяне. Тым не менш Ула­дзімір Жойдзь, Генадзій Казакевіч і Дзмітрый Жалянцоў намалацілі больш за тысячу тон кожны. Перыяд уборкі быў гарачым у прамым сэнсе гэтага слова. Стаяла спякотнае надвор’е, зерне ў бункер камбайна паступала сухім, не патрабавала дадатковай дапрацоўкі. Хаця цяпер у нас з гэтым праблем няма, бо ў сярэдзіне мінулагодняга жніва ўключылі ў работу новую фінскую сушылку з прапускной магутнасцю 60 тон у суткі. Успамінаю час, калі была старая. Збожжа ссыпалася на адкрытай пляцоўцы і паступова дапрацоўвалася. Прачнуся ноччу і прыслухоўваюся, ці не стукае дождж па шыбах.

— Жніво ніколі не бывае лёгкім, а помніцца найбольш складанае?

— Такіх было нямала. Памятаю, збажына стаяла сцяной, колас, наліўшыся, даспяваў, дзень, другі — і павінны былі прыступіць да ўборкі. І тут пайшлі моцныя дажджы. Пасевы прыбіла да зямлі, ветрам пакруціла. Уліло так, што на поле не ўехаць. Каласы пачалі ўрастаць у глебу і прарастаць. Цяжка прыйшлося камбайнерам, гаспадарка панесла вялікія страты.

— Якую культуру любіце найбольш?

— Па ўраджайнасці няма роўных азімаму трыцікале. Магу падоўгу любавацца пшанічным полем, калі чыстая пшаніца стаіць сцяной, залацістым колерам пераліваецца на сонцы. Падабаецца авёс — вельмі эстэтычная расліна. Ён жа — санітар палёў, добры папярэднік для многіх культур, мае высокія пажыўныя якасці. У гаспадарцы развіта жывёлагадоўля, таму наша задача — забеспячэнне яе кармамі. Вырошчваем травы, зерне на фураж, кукурузу.

— А пару года?

— Лета. Асабліва жні­вень. Гэта месяц майго нара­джэння і месяц, калі пажынаем плён сваіх старанняў. Кіпіць праца на жніўных палетках, збожжам запаўняюцца склады, радуешся намалотам. А ўвогуле, у кожнай пары года свая адметнасць і прыгажосць. Вясна — пачатак напружанага хлебаробскага рытму. Рані­цай выязджаеш у поле і бываеш там да вечара. За клопатамі не паспееш прыкмеціць, што лісточкі на дрэвах распусціліся, першыя кветачкі з’явіліся. А на наступны дзень глянеш — усё наўкола зазелянела. І жаўрукоў за рокатам трактароў не чуеш, толькі бачыш, як нешта мігаціць у небе. Зіма — час водпуску і адпачынку. Хаця гэта ўмоўна. Нягледзячы на снег і мароз, справы знаходзяцца. Трэба перыядычна аглядаць палеткі. Зіма — пара традыцыйнага запаўнення дакументацыі, планавання працы на будучае.

— Дзе праводзіце водпуск?

— Дома. Трымаем на падвор’і бычка, авечак, каня, качак, курэй. Усё гэта патрабуе пастаяннага догляду. Мне ўтульна і спакойна дома. Быў бы водпуск летам, з задавальненнем збірала б грыбы. Люблю лес. На жаль, бываю там вельмі рэдка. Яго дарамі забяспечвае муж.

— Як выбралі прафесію агранома?

— Нарадзілася і вырасла ў Ляхаўшчыне, у звычайнай сялянскай сям’і. Мама працавала ў жывёлагадоўлі, бацька — у меліярацыі. Сельская гаспадарка з дзяцінства была часткай майго жыцця. А найбольш падабалася разглядаць розныя расліны, даглядаць кветкі. Пасля заканчэння васьмі класаў паступіла ў Лужаснянскі саўгас-тэхнікум. Вучоба падабалася. З цікавасцю слухала лекцыі, запамінала ўсе ўрокі. У рабоце агранома тэарэтычныя веды вельмі важныя. Памятаю, як вучылі, калі пачынаць веснавую сяўбу. Самы просты метад — скамячыў зямлю пальцамі і кінуў на адлегласць метра: калі рассыпалася — значыць гатова прыняць зерне.

— Падчас вучобы пазнаёміліся і з будучым мужам?

— Так. Канстанцін родам з Глыбоцкага раёна. Паспеў адслужыць тэрміновую службу ў арміі, быў старэйшым за нас, самастойным,  разважлівым. У 19 выйшла замуж. Па размеркаванні прыехалі ў Ляхаўшчыну. Першы практычны вопыт набывала на паса­дзе агранома-насеннявода. Нарадзіўся сын Дзіма. Пасля водпуску па догля­дзе дзіцяці месца па спецыяльнасці мне не знайшлося, і я вымушана была пайсці лабарантам на Норыцкі спіртзавод, затым была дыспетчарам у калгасе. Прадаставілася магчымасць зноў заняцца аграноміяй — з радасцю гэта зрабіла. А таксама праз дваццаць гадоў пасля вучобы ў тэхнікуме завочна закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

— Каго лічыце сваімі настаўнікамі?

— У Ляхаўшчыне пачынала працаваць разам з Марыяй Яфімаўнай Пабяржынай. Па любым пытанні магу параіцца з такімі вопытнымі аграномамі, як Вера Васільеўна Мукель з ААТ “Навасёлкі-Лучай”, Марына Барысаўна Гваздзеўская з сельскагаспадарчага філіяла АБП “Рассвет Пастаўскі”, з удзячнасцю ўспамінаю галоўнага агранома ААТ “Хацілы-агра” Надзею Міхайлаўну Брыльянтаву-Кірплюк. Заўсёды знаходзіць час выслухаць і падказаць намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Алёна Дзмітрыеўна Юрынёнак.

— Якімі якасцямі павінен валодаць аграном?

— Быць адказным, назіральным, ініцыятыўным, лёгкім на пад’ём, здольным прымаць экстранныя нестандартныя рашэнні, мець арганізатарскія здоль­насці, умець наладж­ваць узаемаадносінымі з людзьмі. Нездарма кажуць: адзін у полі не воін. Без зладжанай каманды працаваць было б няпроста. У мяне з нядаўняга часу ёсць надзейная памочніца — Наталля Лукашэвіч. Дзяўчына мясцовая, аграномія ёй падабаецца, завочна вучыцца ў Лужаснянскім аграрным каледжы, унікае ў тонкасці работы. За гады маёй працы памяняўся не адзін кі­раўнік. З цяперашнім дырэктарам Баляславам Францавічам Барэйкам мне працуецца лёгка. Ён — Гаспадар. Дасканала валодае абстаноўкай, патрабуе дысцыплінаванасці, умее хутка вырашыць любое пытанне, чалавек слова, любіць ва ўсім парадак, адказны. Вялікую дапамогу аказвае галаўное прадпрыемства ААТ “Нафтазаводмантаж”. За выдзеленыя ім сродкі набыта новая тэхніка, не бывае перабояў з палівам.

—            Які ўклад агранома ва ўраджай?

— Найперш трэба лю­біць зямлю і ўсё, што на ёй расце, добра ведаць землі гаспадаркі, часта бываць на кожным полі. Неабходна правільна падабраць участак пад культуру і выбраць папярэднікі, належным чынам арганізаваць догляд пасеваў. Земляробства — справа вельмі рызыкоўная, шмат залежыць ад надвор’я. Трэба ўліч­ваць розныя яго капрызы. Рызыка страціць вырашчанае аднолькавая і ў даждж­лівы год, і ў засуху, і пасля маласнежнай зімы. Галоўным аграномам працую з 2002 года. Рознымі выдаваліся і вёсны, і зімы. Але калі захоўваць тэхналогіі, тэрміны хімпраполкі, сяўбы, то зямля заўсёды аддзячыць. Атрыманы ўраджай — вынік працы на працягу ўсяго сельскагаспадарчага года. Чытаю розную літаратуру, шмат новага чэрпаю з інтэрнэту, люблю і сама паэксперыментаваць.

—            Раскажыце пра сваю сям’ю.

— Сын закончыў Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, атрымаў спецыяльнасць электрыка і некаторы час працаваў у нашай гаспадарцы. Цяпер праходзіць тэрміновую вайсковую службу. Дома мы з мужам удваіх. Канстанцін працуе вадзіцелем. На час жніва мы ўвесь светлавы дзень у полі. Таму часам і траву на газоне пры месяцы косім, і кветкі полем. Работу не дзелім: хто мае час, той і займаецца гаспадаркай  і ўсім неадкладным. У мяне яшчэ ёсць мама — і гэта шчасце (тата памёр, калі я вучылася ў тэхнікуме). Цяпер яна жыве ў старэйшага сына тут жа, у Ляхаўшчыне, недалёка ад нас. Другі мой брат — у Віцебску. Нягледзячы на розніцу з імі ва ўзросце ў пятнаццаць і дзесяць гадоў, мы дружныя паміж сабой. Люблю сваю работу, у мяне цудоўная радня — і гэта найвялікшае багацце.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.