Мы — удваіх, і нам лягчэй”


Перадсвітальны сон самы салодкі. Але летам званок будзіль­ніка падымае Святлану Іванаўну і Анатолія Фёдаравіча Лысёнак роўна ў чатыры гадзіны. Перш чым адправіцца на сваім ЗІЛе  ў да драбніц знаёмую дарогу, яны паспяваюць накарміць хатнюю жыўнасць. Самі снедаюць кавай і бутэрбродамі ў дарозе.

Лысёнкі — малаказборшчыкі. Абслугоўваюць дзясяткі вёсак Курапольскага, Юнькаўскага, Варапаеўскага і Навасёлкаўскага сельсаветаў. Штодня на спідометры іх машыны дабаўляецца 140 кіламетраў. Менавіта такую адлегласць яны пераадольваюць, збіраючы малако з падвор’яў вяскоўцаў і дастаўляючы яго ў Паставы на малочны завод.

— Пачалі гэту справу ў сакавіку 2008-га, — успамі­налі ў размове са мной. — Заняцца закупам малака ад насельніцтва нам прапанавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў і старшыня Юнькаўскага сельвыканкама Валянціна Міхайлаўна Філімонава. На той час у Глыбоцкім раёне ўжо былі такія прадпрымальнікі, а ў нашым — ніводнага. Нам выпала стаць “першапраходцамі”.

Перспектыва адкрывалася наступная: быць цалкам залежнымі ад справы — кожны дзень выяз­джаць у рэйс у пяць-шэсць гадзін раніцы, не мець ніводнага выхаднога, пастаянна кантактаваць з малаказаводам, сотнямі незнаёмых людзей-малака­здатчыкаў і прыстасоўвацца да характару кожнага; дарога, машына, рамонт, малако, ведамасці, грашовыя разлікі… Паразважалі Анатолій і Святлана над усім гэтым і наадрэз адмовіліся ад прапановы. Але Валянціна Міхайлаўна, добра ведаючы працавітасць і сумленнасць гэтых людзей, не адступалася. І Лысёнкі “здаліся”. Губляць ім асабліва не было чаго. Святлана працавала інспектарам па ахове працы ў ААТ “Сцяг Перамогі-агра” і не бачыла тут для сябе перспектывы. Анатолій апошнім часам быў вадзіцелем у індывідуальнага прадпрымальніка, але яму хацелася мець нейкую сваю справу.

Аформілі прадпрымальніцтва. Купілі УАЗік, бочку пад малако і ўсе неабходныя да яе прылады даў малаказавод. Частку грошай выдзеліў цэнтр занятасці пад стварэнне новых рабочых месцаў. Акрамя таго, узялі ў банку крэдыт.

— На малаказаводзе нас збіралі, як на фронт, — расказваў Анатолій Фёдаравіч. — Дапамагалі ўсе — дырэктар, слесары, зваршчык. Іван Юльянавіч Юхно, які ў той час кіраваў прадпрыемствам, падтрымаў не толькі на першым часе, ён пастаянна цікавіўся, як ідуць справы. Не маем ніякіх непаразуменняў і з цяперашнім дырэктарам Валянцінам Францавічам Пылінскім.

Як першыя прадпрымальнікі, хто заняўся закупам малака ў насельніцтва, Лысёнкі мелі адну “прывілею” — самі выбіралі зону абслугоўвання. Напачатку ў яе ўвайшлі вёскі Юнькі, Чарты, Рабекі, Чашуны, Цёплыя, Дуброва, Балаі, Пятровічы. Праз некалькі месяцаў старшыня Белькаўскага сельвыканкама папрасіла ўзяць Белькі, Вайцяхі. А праз год з аналагічнай просьбай звярнуўся да іх начальнік коўзанскага аддзялення ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Хоць і не без цяжкасцей, але ўгаварыў. Нагрузка на малаказборшчыкаў стала каласальнай. Адмовіцца ад часткі вёсак і падвесці людзей — не ў характары Святланы і Анатолія. І яны вырашылі далучыць да сваёй справы сына. Па спецыяльнасці Саша — вадзіцель. Апошнім часам працаваў у Маскве. Але што з таго даўжэйшага рубля, калі тут, у Юньках, яго чакала любая дзяўчына? Згулялі вяселле. Бацькі пакінулі маладажонам сваю трохпакаёвую кватэру ў Юньках. У маладой сям’і нарадзіўся сынок, і Саша нікуды не паехаў. Такое рашэнне было прынята на сямейным савеце. Зараз ён збірае малако ў Навасёлках, шмат дапамагае бацькам і ў вядзенні хатняй гаспадаркі. Разам з бацькам мае нямала тэхнічных інтарэсаў і клопатаў. І нявестку Анатолій Фёдаравіч і Святлана Іванаўна вельмі хвалілі — умелая, працавітая, клапатлівая. Яна стала для іх дачкой (Саша — адзіны сын у сям’і).

Зона абслугоўвання ў Лысёнкаў за сем гадоў іх работы на гэтым полі дзейнасці значна павялічылася, а вось колькасць кароў зменшылася больш чым у два разы. Калі напачатку на іх маршруце вяскоўцы прадавалі малако ад 350 рагуль, то зараз — ад 150-ці. Між іншым, карову недарэмна завуць карміцелькай. Хаця дзяржаўная закупачная цана на малако невысокая — 3640 рублёў за літр, калі карова дае па літраў дваццаць у дзень, то гаспадары атрымліваюць за год за малако 13-14 мільёнаў рублёў. Да таго ж частку прадукцыі пакідаюць і на ўласныя патрэбы. Аплата — кожныя дзесяць дзён. Вобразна кажучы, «жывыя» грошы. Зразумела, яны каштуюць працы. Але як можна зарабіць, не працуючы?

— На вялікі жаль, большасць маладых вяскоўцаў не жадаюць трымаць кароў, а ў многіх пажылых ужо не хапае на гэта сіл, — канстатавалі Лысёнкі. — А якія яны працаўнікі былі! Сярод здатчыкаў малака ёсць нават 80-гадовыя і старэйшыя. Ну як да такіх людзей не даехаць? І яны жадаюць нам дабра.

А ў дарозе здараецца рознае — і буксавалі неаднойчы ў снезе, і рамантавалі машыну на марозе, а летняй спёкай, калі машына падводзіла, прыходзілася прама на дарозе перакачваць малако ў бочку, прысланую з малаказавода, або звяртацца па дапамогу да іншых малаказборшчыкаў.

— Але мы заўсёды ўдваіх з Толем, — заўважае Святлана. — І нам лягчэй з усім справіцца. А цяпер яшчэ і сын дапамагае.

Ведаючы, як шмат раней узнікала праблем ва ўзаемаадносінах здатчыкаў малака і яго зборшчыкаў, якія працавалі ад сельгасгаспадарак (неаднойчы скаргі паступалі і да нас, у рэдакцыю), пытаюся ў прадпрымальнікаў пра гэты аспект іх дзейнасці.

— На першым часе людзі правяралі нас, мы — іх, — апавядаў Анатолій. — Але агульную мову знайшлі хутка. Я ўсім здатчыкам казаў: “Калі вы будзеце давяраць нам, а мы — вам, усё ў нас атрымаецца”. Так і ёсць. Кожную дзесяці­дзёнку правяраем тлустасць. Ні на аднаго чалавека не можам паскардзіцца.

Прадаюць малако дзяржаве і самі Лысёнкі. Да гэтай восені яны мелі трох кароў, зараз адну аддалі Толевай сястры Раісе, якая жыве ў Юньках і працуе спецыя­лістам першай катэгорыі Юнькаўскага сельвыканкама. “Рая для мяне і мама, і сястра, і сяброўка, і памочніца, — каменціруе прычыну для такога дарагога падарунка Святлана. —  Яна нас з Толем і да прадпрымальніцтва падштурхнула, і навучыла афармленню дакументацыі, ды і ў іншым дапамагае”.

Самі Лысёнкі набылі цялушачку. “У нас усе чорныя, а гэта беленькая, — гавораць. — Разлічваем, што будзе высокапрадукцыйнай”.

— Ну як жыць у вёсцы і не трымаць жыўнасць? — рэзонна разважала Святлана Іванаўна. — Мы, як толькі пачалі збіраць малако, пераехалі з Юнек сюды, у Перавознікі. Гэта дом Толевых бацькоў, якіх ужо няма ў жывых. Бачыце, усё ў ім проста і сціпла, але нам тут зручна, бо такая прастора для вя­дзення гаспадаркі. А якія цудоўныя суседзі! Вельмі ўдзячны Уліме Дзянісаўне Жыдкай, Рэгіне Паўлаўне Краско, Людміле Аляксандраўне Мурашкевіч, Алене і Дзіму Сакаловым і іншым, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу.

— А колькі жыўнасці на вашым падвор’і? — пытаюся ў гаспадароў.

— Дзве каровы, цялушачка, конь, трое свіней, два каты і два сабакі, — весела пералічваюць. — Як толькі вяртаемся з рэйса і глушым матор, кожны падае свой голас — трэба карміць. Сёлета нават свінаматку завялі і атрымалі ад яе першы прыплод. Хоць адпаведнага вопыту не мелі, вучыліся па інтэрнэце — усё атрымалася.

Наступіла восень, і напружанасць працы Анатолія Фёдаравіча і Святланы Іванаўны некалькі зменшылася.

— З 25 кастрычніка мы збіраем малако праз дзень (так будзе да вясны — аўт.). Гэта і ёсць для нас водпуск, — гаварылі. — А значыць, зможам часцей запрасіць да сябе ў госці радню, сяброў, маем час пазабаўляцца з любімым унучкам ці паглядзець тэлевізар.

І стрэлка будзільніка ў хаце Лысёнкаў зараз стаіць на лічбе 5.30, а не 4. І гэта для іх раскоша…

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота з сямейнага архіва Лысёнкаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.