На Пастаўшчыне з’явілася «Сялянка»

Общество

6 лістапада загадчыца Лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Надзея Тадэвушаўна Гатоўская сустракала гасцей — у гэты дзень ва ўстанове адбыліся адразу дзве значныя падзеі: прайшла рэспубліканская дабрачынная акцыя «Сад надзеі», пра якую «Пастаўскі край» расказаў у нумары за 11 лістапада, і была створана раённая грамадская арганізацыя «Сялянка».

У пакоі адпачынку аддзялення кругласутачнага знаходжання сабраўся жаночы актыў гарадскога пасёлка Лынтупы і госці ўстановы — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская, дырэктар ТЦСАН Дзіяна Пякарская, спецыяльны карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Святлана Башылава і намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Рэгіна Давідовіч, якая паралельна з’яўляецца кіраўніком аддзялення «Сялянка», створанага пры гэтым грамадскім аб’яднанні. Яна падрабязна расказала як пра дзейнасць саюза жанчын у цэлым, так і пра ад­дзяленне, створанае для жанчын, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. А расказаць было што — Рэгіна Андрэеўна Давідовіч стаяла ля вытокаў стварэння Беларускага саюза жанчын, які ў наступным месяцы адзначыць 24 гады свайго існавання. За гэты час шмат зроблена добрых спраў, ажыццёўлена сацыяльна значных ініцыятыў, падпісана пагадненняў. Без перабольшвання можна сказаць, што сёння ГА «БСЖ» — адна з самых масавых і ўплывовых жаночых арганізацый у краіне.

— У саюзе жанчын няма штатных пасад — усе працуюць на грамадскіх пачатках. Першым кіраўніком аб’яднання была Тамара Мікалаеўна Дудко, затым на гэтай пасадзе яе змяніла Надзея Андрэеўна Ермакова, цяпер БСЖ узначальвае міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна, — расказвала Рэгіна Давідовіч. — Заўсёды імкнёмся, каб нашы акцыі і праекты былі не фармальнымі, а цікавымі і неабходнымі людзям.

Дзейнасць грамадскага аб’яднання выходзіць далёка за межы нашай краіны. Пагадненні аб супрацоўніцтве заключаны з аналагічнымі саюзамі жанчын Расіі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Нідэрландаў, Кітая, В’етнама, Карэі, Сірыі. Дэлегацыі беларускіх жанчын з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі розных міжнародных канферэнцый.

— Мне заўсёды хацелася надаць больш увагі тым жанчынам, якія пражываюць у вёсцы. Такая магчымасць прадаставілася ў 2008 годзе, калі мы прынялі ўдзел і выйгралі ў праекце «Сельская жанчына і развіццё вёскі», які ажыццяўляўся Міністэрствам замежных спраў Нідэрландаў і асацыяцыяй сельскіх жанчын гэтай краіны. Так было створана аддзяленне «Сялянка», — успамінала гісторыю яго стварэння лідар. — Наша галоўная задача — зрабіць жыццё сельскай жанчыны больш цікавым і разнастайным. І там, дзе ўдалося стварыць касцяк і выбраць актыўнага старшыню «пярвічкі», гэта атрымалася.

Па ініцыятыве «Сялянкі» 15 кастрычніка, у Сусветны дзень сельскіх жанчын, лепшых працаўніц сяла запрашаюць на ўрачысты прыём у Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, праводзіцца штогадовы конкурс сачыненняў сярод старшакласнікаў сельскіх школ «За што я люблю сваю вёску?, ажыццяўляюцца ін­шыя праекты.

— Я добра знаёмая з жанчынамі, якія ў розны час займалі кіруючыя пасады ў Пастаўскім раёне, — Валянцінай Аляксееўнай Клачковой, Алай Эдмундаўнай Кейзік і Вандай Фердынандаўнай Януковіч. З апошняй часта сустракаліся, калі яна была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Не сумняваюся, што і іншыя жанчыны Пастаўшчыны такія ж актыўныя, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя, — адзначыла Р. Давідовіч.

У вірлівае грамадскае жыццё захацелі ўліцца і лынтупчанкі, а старшынёй створанай раённай грамадскай арганізацыі «Сялянка» аднагалосна абрана Дзіяна Іванаўна Пякарская.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.